Культура

«Ён ведаў, як пад носам у КДБ стварыць штаб нацыянальнага адраджэння»

Міхась Скобла піша ў сваім фэйсбуку пра геніяльнага беларускага мастака Яўгена Куліка (1937—2002). 

У маёй бібліятэцы ёсць кніга, якую я люблю браць у рукі не толькі для таго, каб перачытаць, але і яшчэ раз палюбавацца малюнкамі, пагладзіць «ціснутую» вокладку, нават панюхаць. Кніга тая валодае нейкай невытлумачальнай энергетыкай, якая адчуваецца і праз вымалеваныя на скарынаўскі манер загалоўныя літары, і праз створаную ўявай мастака карту Вялікага Княства Літоўскага з архітэктурнымі помнікамі, і, зразумела, праз сам тэкст: «Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай / Сведкам відовішча быў я — бою быкоў на арэне…» 

Я маю на ўвазе «Песню пра зубра» (ёй сёлета — 500!) Міколы Гусоўскага ў мастацкім аздабленні Яўгена Куліка, якая выйшла ў свет у далёкім 1980 годзе. Кніга трохмоўная — у ёй змешчаны лацінскі арыгінал і пераклады на беларускую і рускую мовы Язэпа Семяжона і Якуба Парэцкага. 

Перад гэтым не адно дзесяцігоддзе ішлі зацятыя літаратуразнаўчыя спрэчкі: хто ён — Nicolai Hussoviani, і каму аддаць ягоную «Carmen de… bisontis». На любы нічыйны шэдэўр прэтэндэнты заўсёды знойдуцца. Прэтэндавалі і тут — і палякі, і літоўцы, і ўкраінцы. І знаходзілася тое Гусава то ў Польшчы, то ў Літве, то ва Украіне. Але ўсе спрэчкі аціхлі, калі «Песня пра зубра» пятнаццацітысячным накладам выйшла ў Мінску ў шыкоўным паліграфічным выкананні — можна было везці на любую сусветную кніжную выставу. І вазілі, і яна заслужана адзначалася ганаровым дыпломамі. Але галоўнай заслугай таго выдання была навечная прыпіска Міколы Гусоўскага і яго «Песні…» ў сярэднявечнай беларускай літаратуры.

У кнізе той быў змешчаны і першы партрэт Гусоўскага — з кнігай і дубовым лістком у руках. Ён ужо стаў хрэстаматыйным, іншым аўтара славутай паэмы мы сёння і не ўяўляем. Але і прыглядацца няма патрэбы: Гусоўскі на той выяве — гэта сам мастак, гэта амаль ягоны аўтапартрэт.

«Кананізаваў» Яўген Кулік у той кнізе і вялікага князя Вітаўта. Прынамсі, усе вядомыя мне яго пазнейшыя выявы «адштурхоўваліся» ад Куліковай выявы, дзе князь сядзіць на вялікакняскім троне пад Пагоняй (і гэта было надрукавана ў 1980 годзе!).

На згаданых графічных аркушах у куточку можна заўважыць някідкую манаграму — дзве літары ЯК у крузе. Гэтыя ініцыялы мастака можна прачытаць і як пытанне, на якое Яўген Кулік ведаў адказ.

Ён ведаў, ЯК вярнуць Гусоўскага Беларусі.

Ён ведаў, ЯК згуртаваць мастакоў вакол нацыянальнай ідэі — і паўстала суполка «Пагоня», цэнтр беларушчыны ў Саюзе мастакоў.

Ён ведаў, ЯК пад носам у КДБ (цераз праспект — у той час імя Леніна, цяпер — Незалежнасці) стварыць штаб нацыянальнага Адраджэння, гэтак званы «Паддашак», які быў генератарам і рухавіком шматлікіх мастацкіх акцый, скіраваных на абуджэнне нацыянальнай памяці.

Ён ведаў, ЯК у самыя беспрасветныя бээсэсэраўскія часы, калі ў «дакастрычніцкай» гісторыі Беларусі як бы і не існавала, нагадаць усім пра Беларусь тысячагадовую. Калі паштоўка Яўгена Куліка пад такой назвай разляцелася па ўсім свеце (яе перавыдалі беларусы замежжа), супрацоўнікі КДБ з ног збіліся, шукаючы аўтара, ды так і не знайшлі. А ён сядзеў у сваёй майстэрні, на сваім «Паддашку» — у нейкай сотні метраў ад «Камітэта Глыбокага Бурэння» — і прыдумваў новыя адраджэнскія праекты.

Ён ведаў, ЯК павінна выглядаць Пагоня ў якасці сімвала дзяржавы і стаў адным з аўтараў Герба Рэспублікі Беларусь.

Ужо толькі за ўсё пералічанае Яўген Кулік заслугоўвае ўдзячнай памяці «ныня, прысна і давеку». А яшчэ ж нялішне згадаць, што гэта ў яго майстэрні і з яго чынным удзелам прыканцы 80-х збіралася моўная камісія Беларускага фонду культуры, напрацоўкі якой сталі асновай для прынятага ў 1990 годзе Закону аб мовах, паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у Беларусі.

Як на добры лад, на доме №18 па праспекце Незалежнасці, які прытуліў на сваёй верхатуры Кулікову майстэрню (а ў ёй і ўвесь тагачасны адраджэнскі рух) варта павесіць мемарыяльную шыльду. Дарэчы, калі мастак пераязджаў у новую, больш прасторную, майстэрню на вуліцы Танкавай, дапамагчы яму прыйшлі больш за тры дзясяткі чалавек. І гэта была ці не самая шматлікая талака ў мастакоўскім асяродку за ўсе часы. Адзін з талакоўцаў пазней успамінаў — работы хапіла ўсім, адных кніг гаспадар «Паддашка» сабраў тысяч пяць, а ліфта ў доме не было.

Я неаднойчы бачыў Яўгена Куліка на мастацкіх выставах, размаўляў з ім, распытваў пра ягоныя сустрэчы з Ларысай Геніюш у Зэльве. Спадар Яўген гаварыў ціха, але прамоўленыя ім словы, здавалася, уваходзілі не ў вушы, а наўпрост у душу. Ён ніколі не пяўся наперад, да мікрафона, стаяў збоку. І — дзіўным чынам — «перад» быў там, дзе стаяў Кулік, гэта адчувалася. Да мастака ўвесь час падыходзілі людзі.

У мяне над сталом вісіць яго невялічкі, 18х23 см, графічны аркуш — падарунак Уладзіміра Крукоўскага. На тым аркушы можна ў падрабязных дэталях разгледзець напаўразбураныя вежы Наваградскага замка і Фарны касцёл, дзе хрысціўся Адам Міцкевіч і браў шлюб кароль Ягайла. А ўнізе закальцаванае ЯК — пытанне і падказка, як і што рабіць — ад вялікага беларуса, які адзін у неспрыяльных умовах зрабіў вельмі шмат і даказаў, што і адзін у полі воін.

Яўген Кулік бараніў захоплены і спустошаны непрыяцелем беларускі абшар. Волат не целам, а духам, ён бясстрашна выйшаў на сваё Кулікова поле. Выйшаў і перамог.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне6

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю39

Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі1

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы7

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа10

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі1

Старэйшы сын Трампа дапусціў, што бацька можа пакінуць мірны працэс ва Украіне19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне6

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць