Грамадства

«Хлопцаў раптам паднялі і этапавалі». Палітвязняў масава «тасуюць» паміж калоніямі

Розныя крыніцы паведамляюць пра масавы перавод палітвязняў з папраўчых калоній, у якіх яны адбывалі пакаранне, у іншыя месцы. Былыя палітвязні і праваабаронцы адзначаюць, што такой практыкі раней не было, піша «Радыё Свабода».

У канцы мінулага года з папраўчай калоніі № 22 «Ваўчыныя норы» раптоўна вывезлі амаль 20 палітычных вязняў. Нехта з пераведзеных пазней апынуўся ў магілёўскай калоніі, нехта ў бабруйскай, а на месца тых, хто выбыў, прывезлі іншых.

Суразмоўца, які кантактуе са сваякамі палітвязня, на ўмовах ананімнасці пацвердзіў «Свабодзе», што чалавека нечакана перавялі ў іншую калонію. А разам з ім цэлую групу вязняў. З чым дакладна звязаны перавод, невядома. Па словах родных зняволеных, такія працэдуры тычацца толькі «палітычных».

«Нядаўна адбылося такое: хлопцаў раптам «паднялі» і этапавалі ў іншае месца. Каля 20 чалавек «палітыкаў-тэрарыстаў». А новых прывезлі нядаўна», — паведаміла крыніца ў размове са «Свабодай» пра палітвязня, якога раней утрымлівалі ў калоніі № 22 «Ваўчыныя норы».

Адзін з перасяленцаў, пра якіх паведамлялася, пазней знайшоўся ў калоніі № 15.

«Ён ужо ў калоніі пад Магілёвам», — сцвярджае суразмоўца, які таксама запэўнівае, што прычына пераезду палітвязня невядомая, бо чалавек свядома пазбягае гэтых тлумачэнняў.

«Гэтага не каментуе. Відаць, разумее, што небяспечна. Ведаем толькі, што ў былой калоніі ў яго праводзілі вобшукі, адпраўлялі ў ШЫЗА, пераводзілі з аднаго атраду ў іншы. Такія пераводы ў іншыя атрады практыкуюць не толькі адносна палітзняволеных. Але каб увогуле памянялі калонію, раней такога з палітычнымі там не было», — сцвярджае суразмоўца.

Звесткі пра перавод палітвязняў з адной калоніі ў іншую можна знайсці і ў тэлеграм-канале dissidentby, дзе публікуюцца навіны палітзняволеных. У паведамленні фігуруюць калоніі № 1, 2, 5, 8, 11, 15, 17, 22, паміж якімі на нядаўна адбыўся «абмен» палітвязнямі.

З магілёўскай калоніі ПК-15 у ПК-17, што пад Шкловам, этапавалі двух палітвязняў, таксама паведамляе dissidentby. Туды ж адправілі палітвязня з ПК-2 у Бабруйску. У гэтай калоніі з'явіўся новы палітвязень з ПК-22 у Івацэвічах. У сваю чаргу, у калонію № 22 пад Івацэвічамі, вядомую таксама пад назвай «Ваўчыныя норы», прывезлі двух палітвязняў з ПК-1, якая знаходзіцца ў Наваполацку.

У праўдзівасці звестак dissidentby запэўніла актывістка Марына, якая мае дачыненне да тэлеграм-канала.

«Людзі баяцца лішняе слова напісаць хаця б камусьці. Вельмі складана цяпер з гэтым», — сказала актывістка.

Новая практыка

Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які адбываў тэрмін у калоніі «Віцьба-3» і выйшаў на волю ўлетку мінулага году, прыгадаў, што ў ягоны час такіх пераводаў амаль не практыкавалася.

«За паўтара года ў калоніі ведаю мо пару такіх выпадкаў. Часцей пераводзілі з аднаго атраду ў іншы. Аператыўныя супрацоўнікі гэтак перавыхоўвалі тых, каго лічылі патрэбным перавыхаваць, найперш палітычных. Калі трапіў у ШЫЗА, дык потым паедзеш у новы атрад. І гэта была агульная практыка, не толькі палітычных гэта тычылася. Але каб у іншыя калоніі… Навошта? «Пайка» паўсюль адна і тая ж», — здзівіўся Леанід Судаленка.

Праваабаронца Васіль Завадскі працаваў лекарам у некалькіх калоніях, а ў канцы нулявых — на адказнай пасадзе ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС. Васіль успамінае, што пытанне пераводу вязня з адной калонію ў іншую, калі гэта не звязана з новым рашэннем суда, заўсёды вырашалася на ўзроўні дэпартаменту, а не ў калоніі альбо паміж імі.

«Магло быць, што сваякі са спасылкай на стан здароўя хадайнічалі пра перавод у іншую калонію, бо тая бліжэй. І гэта маглі задаволіць. Альбо маглі перавесці ў іншую калонію з нейкай аператыўнай прычыны. Але ўсё гэта выключныя выпадкі. Чаму цяпер пачалі шырока перасоўваць палітвязняў туды-сюды, у мяне хіба дзве здагадкі. Магчыма, гэта своеасаблівае пакаранне за нейкую актыўнасць, бо пераезд — гэта доўгі этап, пэўныя праблемы і пакуты. Плюс людзі мусяць наноў адаптавацца да ўмоваў у новай калоніі, што таксама складана. Мяркую, у Дэпартамэнце выканання пакаранняў думаюць пра тое, каб яшчэ больш ускладніць жыццё асобным палітвязням», — мяркуе Васіль Завадскі.

Праваабаронца Павал Левінаў, які да ад’езду за мяжу жыў у Віцебску, дадае да гэтых мэтаў яшчэ адну — дадаткова запалохаць іншых вязняў.

«Такое раней практыкавалі ў цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў адносна тых, каму давалі «суткі« за пратэсты. Людзі за якія 15 дзён маглі памяняць 3-4 камеры. Каб ім было дрэнна і каб іншыя бачылі, што будзе, калі зоймуцца палітыкай. Гэтаксама ў калоніях на прыкладзе асобных палітычных выхоўваюць усіх іншых — такая мера застрашвання. У дадатак да пагрозы ШЫЗА — яшчэ і пагроза адправіць у іншую калонію, дзе горш. За час, што мінуў з 2020 года, кіраўніцтва калоній стала сябе адчуваць звышупэўнена, яны ўжо нічога не баяцца», — кажа праваабаронца Павал Левінаў.

Каментары

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні2

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў4

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць