Свет6565

Неанацысты, гвалтаўнікі дзяцей і ненавіснікі жанчын: небяспечны трэнд, які прыйшоў з ЗША, дабраўся да Еўропы

Тое, што пачыналася як закрытыя анлайн-суполкі для аматараў экстрэмальнага гвалту, ператварылася ў глабальную сетку маніпулятараў. Расследаванні ў Францыі паказваюць, як маладыя мужчыны знаходзяць уразлівых падлеткаў, шантажом і псіхалагічным ціскам прымушаюць іх калечыць сябе, а часам — ператвараюць у саўдзельнікаў злачынстваў. З падрабязнасцямі знаёміць Le Monde.

Фота: Getty Images

На першы погляд, 21‑гадовы Тэа (імя зменена)— звычайны хлопец з французскай правінцыі: жыве з бацькамі, працуе ў мясцовым супермаркеце. Здавалася, нічым не вылучаецца. Але аднойчы спякотным жнівеньскім днём у яго дзверы пагрукалі паліцэйскія.

Праз два дні Тэа апынуўся ў турме па абвінавачваннях у злачынствах, якія шакуюць сваёй жорсткасцю. Спецслужбы зацікавіліся актыўнасцю Тэа ў інтэрнэце яшчэ ў пачатку лета. Як аказалася, хлопец быў не проста карыстальнікам сеціва, які літаральна праглынаў велізарную колькасць дзіцячай парнаграфіі і відэа з кадрамі крайняй жорсткасці.

Следчыя наткнуліся на скрыншоты відэа, ад якіх нават у дасведчаных аператыўнікаў пахаладзела кроў. На іх зусім юныя дзяўчынкі на камеру ўтыкалі сабе ў сцёгны і грудзі нажы. Некаторыя выразалі на сваім целе крывавыя літары — імя «Тэа» і таямнічы лічбавы код: «764».

Што азначае гэты нумар? Мясцовая паліцыя не ведала. Але для ФБР і еўрапейскіх спецслужбаў гэтыя лічбы былі добра знаёмыя.

«764» — гэта назва закрытай анлайн-супольнасці ў Discord, якую ў 2021 годзе стварыў 17‑гадовы амерыканец з Тэхаса Брэдлі Кадэнхэд. Хлопец, які называў сябе гуру новай секты, быў асуджаны ў 2023 годзе на 80 гадоў турмы — выключна суровы прысуд для непаўналетняга нават у ЗША.

Платформа Discord

Ён быў майстрам анлайн-маніпуляцый. З дапамогай пагроз і шантажу Кадэнхэд прымушаў непаўналетніх дзяўчат (малодшай было 9 гадоў) наносіць сабе раны. Кадэнхэд заахвочваў іншых удзельнікаў суполкі рабіць тое ж самае, што ў выніку прывяло да таго, што ФБР распачало каля 250 расследаванняў, звязаных з дзейнасцю «764».

Віртуальны гвалт хутка выйшаў у рэальны свет: адзін з удзельнікаў секты, 17‑гадовы немец Ніна Хаўзер, які жыў у Румыніі, зарэзаў на вуліцы выпадковую жанчыну, ведучы анлайн-трансляцыю ў Discord. Калі паліцыя праверыла яго камп'ютар, то знайшла той жа самы набор, што ў Тэа: незлічоную колькасць дзіцячай парнаграфіі і відэа, дзе дзяўчынкі выразалі на сабе ўжо ягоны нік — «Tobbz».

Ідэалагічны вінегрэт: што ў галовах у гэтых людзей?

Як пішуць аўтары, такія групоўкі, як «764», што дзейнічаюць у закрытых чатах Discord і Telegram, — гэта сапраўдны ідэалагічны вінегрэт. У ім змешваецца ўсё самае цёмнае: расізм, антысемітызм, неанацызм, радыкальны мужчынскі шавінізм, сатанізм і, вядома, сэксуальны гвалт над дзецьмі.

Удзельнікі гэтых суполак — пераважна вельмі маладыя мужчыны, часта непаўналетнія, са значнымі псіхалагічнымі праблемамі. Яны знаходзяць уразлівых дзяўчат-падлеткаў і з дапамогай шантажу прымушаюць іх наносіць сабе раны або здзяйсняць на вэб-камеру жорсткія і зневажальныя сэксуальныя акты.

Цікава, што падчас допыту Тэа (той самы хлопец з французскай правінцыі) сцвярджаў, што не прытрымліваецца ніякай ідэалогіі — ён не неанацыст і не сатаніст. Паводле яго слоў, у суполку «764» яго прывяла выключна хваравітая цікавасць да смерці і гвалту, якую падагравалі шматлікія відэа з забойствамі, тэрактамі і аварыямі ў цёмных кутках інтэрнэту.

Як Тэа патлумачыў паліцыі, каб далучыцца да гэтай групы, трэба было выканаць адну з трох умоў: забіць чалавека ці жывёлу або прымусіць іншага да самапашкоджання. Пры гэтым трэба было прывесці доказы здзейсненага.

Каб стаць членам групы «764», хлопец задушыў у пакеце двух трусоў і зняў на відэа іх пакуты. Пазней ён звязаўся прыкладна з 50 дзяўчатамі на форумах для падлеткаў, якія пакутавалі ад дэпрэсіі і мелі суіцыдальныя думкі, і схіляў іх калечыць сябе.

Цяпер Тэа пагражае да 10 гадоў турмы за цэлы букет злачынстваў: захоўванне і распаўсюд дзіцячай парнаграфіі ў складзе арганізаванай групы, жорсткае абыходжанне з жывёламі і выкарыстанне ўразлівага стану непаўналетніх.

Фота: Yuliya Taba / Getty Images

«Нянавісць да чалавецтва»

Але гісторыя Тэа — гэта толькі вяршыня айсберга. Французскае правасуддзе расследуе яшчэ больш маштабную і трывожную справу 22‑гадовага Рахана Р.

Гэты малады чалавек з забяспечанай індыйскай сям'і вучыўся ў прэстыжнай бізнэс-школе на Лазурным беразе Францыі і паралельна кіраваў уласнай суполкай у Discord пад назвай «CVLT» (чытаецца як «культ»). Менавіта з «Культа» пазней выйшлі заснавальнікі групоўкі «764».

Унутры CVLT існавала строгая іерархія: ад шараговых «злачынцаў» да «ваяводаў» («warlords») і вярхоўнага статусу «БОГ» («GOD»). Чым больш жорсткае відэа ты публікаваў, тым вышэй падымаўся.

Справа Рахана аказалася настолькі глабальнай, што для яе расследавання была створана міжнародная аператыўная група з удзелам спецслужбаў ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і іншых краін. Былі выяўлены дзясяткі злачынцаў і каля сотні ахвяр па ўсім свеце. Спіс злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць, жахлівы: катаванні непаўналетніх, давядзенне да самагубства, саўдзел у згвалтаванні. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне.

Сам Рахан, спартыўнага целаскладу хлопец, які адкрыта заяўляе пра сваю нянавісць да чалавецтва, паводзіў сябе на допытах з ашаламляльнай абыякавасцю.

Калі следчы спытаў яго: «Вы прасілі людзей выразаць ваша імя на сваёй скуры?», Рахан спакойна адказаў: «Так, вядома». І дадаў, тлумачачы сваю філасофію: «Многія мяне баяцца. А страх — гэта адзіны спосаб мець кантроль над іншымі».

Парадокс у тым, што сам Рахан — індыец, але гэта не перашкодзіла яму з 16 гадоў захапіцца ідэямі перавагі белай расы. Яго вабіла не столькі расавая тэорыя, колькі ўлада — улада аднаго чалавека над усімі.

Як і ў многіх членаў падобных суполак, ключавую ролю ў яго светапоглядзе адыгрывала пачуццё, што яго мужнасць знаходзіцца пад пагрозай. Ён верыў у тэорыю «новага сусветнага парадку», які нібыта імкнецца «фемінізаваць мужчын».

«Я вырашыў, што трэба змагацца з гэтымі ідэямі. Я вельмі кансерватыўны, — тлумачыў ён следчым. — Такімі ж былі Мусаліні, Пуцін і Гітлер, якія выступалі супраць ЛГБТК+ руху. Яны таксама былі супраць фемінізму».

Рахан называе сябе псіхапатам і нарцысам, сцвярджае, што не атрымліваў ад катаванняў сэксуальнага задавальнення. Яго заводзіла не само дзеянне, а пачуццё поўнага кантролю і ўлады над пакутамі іншага чалавека. Як ён сам кажа: «Я — нарцыс, а нарцыс любіць, калі кормяць яго эга».

Рахан нават напісаў цэлую інструкцыю па маніпуляцыі дзяўчатамі, заснаваную на прынцыпах Макіявелі, дзе апісваў, як заваяваць давер, а потым выкарыстоўваць яго для поўнага падпарадкавання.

Фота: Paul Bradbury / Getty Images

Як працуе секта: ад ахвяры да ката

Што рухае гэтымі маладымі людзьмі? Часта — гісторыя ўласнай траўмы. Рахан тлумачыць сваю жорсткасць тым, што ў дзяцінстве быў ахвярай гвалту ў сям'і і цкавання ў школе. Каб абараніцца, ён, паводле яго слоў, задушыў у сабе ўсе эмоцыі: «Я падумаў, што калі ў мяне не будзе эмоцый, мне больш не змогуць зрабіць балюча».

Гэты ахоўны механізм сустракаецца і ў іншых членаў гэтых суполак: заснавальнік «764» Брэдлі Кадэнхэд і француз Тэа таксама заяўлялі, што былі ахвярамі школьнага булінгу.

Але самае страшнае, што гэтая сістэма, як у сапраўднай секце, ператварае ўжо сваіх ахвяр у катаў. Як аналізуе крыніца выдання ў паліцыі:

«Ідэя ў тым, каб радыкалізаваць ахвяр і ператварыць іх у злачынцаў, паказваючы ім жорсткі кантэнт і зневажаючы іх, пакуль яны не перастануць што-небудзь адчуваць».

Спрыяльныя ўмовы для гэтага стварыла пандэмія COVID-19. Як тлумачыць іншая крыніца, блізкая да следства:

«ўявіце сабе падлеткаў, зачыненых дома, якім сумна. Яны заходзяць у Discord, каб пагуляць. Некаторыя дзяўчаты чуюць пра «Культ», пра гульні ў дамінаванне. З'яўляецца свайго роду цікаўнасць, яны пачынаюць гуляць у страх, уключаюцца ў размовы. І менавіта ў гэты момант пастка пачынае зачыняцца…»

Калі таксічная пастка зачыняецца, некаторыя ахвяры самі ператвараюцца ў катаў. Адзін з самых жахлівых прыкладаў — калі 15‑гадовая дзяўчына з Усходняй Еўропы, якая далучылася да «764», у жывым эфіры давяла 25‑гадовага амерыканца да самагубства праз самаспаленне пад рогат і ўхвальныя воклічы двух дзясяткаў гледачоў.

Фота: Getty Images

Новая тэрарыстычная пагроза

Спецслужбы па ўсім свеце б'юць трывогу. Яны бачаць, што адбываецца небяспечны працэс: на першы план выходзіць не ідэалогія, а гвалт дзеля самога гвалту. Гэты нігілізм робіць маладых людзей ідэальнымі кандыдатамі для вербавання. ФБР ужо назвала гэтыя сеткі «ўнутранай тэрарыстычнай пагрозай».

Галоўная небяспека ў тым, што гэтыя суполкі маладых, псіхалагічна зламаных і гатовых на ўсё людзей могуць стаць гатовым войскам пад ключ для сапраўдных тэрарыстычных арганізацый, якім нават не трэба плаціць.

І гэтыя страхі ўжо спраўджваюцца. Памятаеце тое самае забойства ў Румыніі? Як высветлілася, гэта быў не проста спантанны акт жорсткасці падлетка.

Паводле следства, яно было замоўлена лідарам буйной неанацысцкай групоўкі MKU («Культ маньякаў-забойцаў»), якая дзейнічае на тэрыторыі Расіі і Украіны і лічыцца тэрарыстычнай.

Але гэта быў толькі пачатак. Іншы лідар MКУ («Маньякі. Культ забойства») — 21‑гадовы Міхаіл Чхіквішвілі па мянушцы «Камандзір Мяснік» («Commander Butcher»), быў арыштаваны ў маі гэтага года за тое, што вербаваў членаў «764» для здзяйснення тэрактаў у Нью-Ёрку.

Ён планаваў, што яны будуць выкарыстоўваць бомбы і аўтаматы, а таксама раздаваць на Новы год атручаныя цукеркі дзецям з нацыянальных меншасцей, у тым ліку каля яўрэйскай школы. Яго мэта, як ён сам пісаў, — «распаўсюдзіць полымя Люцыфера і працягнуць місію этнічнай чысткі».

Тое, што пачыналася як ананімны анлайн-экстрэмізм у закрытых суполках, выйшла за межы віртуальнасці і ператварылася ў рэальную, глабальную і вельмі непрадказальную тэрарыстычную пагрозу.

Каментары65

  • Кіліманджаро
    30.09.2025
    Як страшна жыць, індусы-тэрарысты :)
  • 11.6.
    30.09.2025
    Май фрэнд, які паставіў гэтую звычайную у наш час антызаходняга левацкага наступу гісторыю з камуністычнай французкай Ля Монд пад гэты правакацыйны загаловак (імя пакуль не ведаю)- твой "мэсэдж" зразумелы- змясціць адказнасць за разбэшчваньне грамадскай маралі з антыамерыканскіх сіл на Амерыку. Ну окэй, "мы вас услышалі", ацанілі і запомнілі. Посьпехаў у працы!
  • Denn die Bücher Lieben Wir
    30.09.2025
    --- у яго дзверы пагрукалі --- ПАСТУКАЛІ
    стучать = стукаць
    (грохотать) грукаць

    ---- працягнуць місію --- ПРАДОЎЖЫЦЬ .... місію НІХТО НЕ "цягае"

    Пра "цяганне" :

    продолжать
    1) (вести дальше начатое) прадаўжаць, доўжыць, працягваць

    однако лучше переводить сочетаниями соответствующих глаголов с наречием далей

    он продолжал читать — ён чытаў далей
    она продолжала идти по дорожке — яна ішла па дарожцы далей
    он продолжал свою работу — ён рабіў сваю работу далей
    он продолжал рассказ — ён расказваў далей
    продолжайте в том же духе — гаварыце (рабіце) далей таксама
    продолжать стройку дома — весці далей (працягваць) будаўніцтва дома
    продолжать чьё-либо дело — весці далей (прадаўжаць, працягваць) чыю-небудзь справу
    продолжать какие-либо традиции — прадаўжаць (працягваць) якія-небудзь традыцыі
    примеры такого рода можно продолжать — прыклады такога роду можна прадаўжаць (доўжыць, працягваць)

    2) (делать более длительным по времени) прадоўжваць, доўжыць, працягваць
    (отсрочивать) адтэрміноўваць

    3) (увеличивать, удлинять в пространстве) прадоўжваць, доўжыць

Цяпер чытаюць

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі5

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Усе навіны →
Усе навіны

Ты спіш, а мозг працуе. Як з дапамогай простага трука рашаць у сне праблемы і нараджаць ідэі3

Інжынеры стварылі парашут-кірыгамі, які абяцае ідэальна прамы і танны спуск4

На буйным хімзаводзе «Азот» у Пермскім краі прагрымелі моцныя выбухі5

Адроджаныя лютаваўкі Ромул і Рэм адзначылі свой першы дзень нараджэння3

Міліцыя схавала галоўнае — магілёўскі маньяк-ліфцёр ужо сядзеў за згвалтаванне. Але яго не праверылі на датычнасць да забойстваў16

Туск у Капенгагене заклікаў еўрапейскіх лідараў усвядоміць, што вайна ўжо ідзе6

Ілан Маск анансаваў стварэнне канкурэнта Вікіпедыі6

Па Новай Баравой ходзіць мужчына, які пастаянна мяняе абліччы. Хто ён такі?9

Пуцін расказаў, колькі зарабляе Расія на продажы ЗША ўрану6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі5

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць