Меркаванні3838

Тамара Эйдэльман выпусціла першую лекцыю па гісторыі Беларусі. Пачалося з непрыемнага казусу

Расійскі гісторык, вядомая сваімі папулярнымі гістарычнымі лекцыямі на YouTube, выпусціла першае відэа са свайго новага курсу. Амаль адразу давялося выбачацца перад беларускімі гледачамі. Тлумачым, што здарылася і ці глядзець выпуск.

Тамара Эйдэльман у роліку пра гісторыю Беларусі. Скрыншот відэа

Эйдэльман у сваім анонсе патлумачыла, што яе ўжо шмат разоў пыталіся, калі будуць лекцыі па гісторыі Беларусі, і цяпер яна выконвае сваё абяцанне. 

«Старажытная гісторыя Беларусі цесна звязана з гісторыяй і Украіны, і Расіі, але гэта асаблівая, менавіта беларуская гісторыя, і я шчаслівая, што пачала ў яе паглыбляцца», — напісала ў сваім тэлеграм-канале Эйдэльман.

Улетку 2024 года Эйдэльман завяршыла свой курс з дзесяці лекцый па гісторыі Украіны, пачаты ў 2022 годзе. Гэты курс быў накіраваны на тое, каб у кантэксце ўварвання Расіі ва Украіну і адмаўлення расійскімі ўладамі ўкраінскай незалежнасці пазнаёміць расійскую аўдыторыю з гісторыяй Украіны, пра якую многія не мелі ніякага ўяўлення.

Першая відэалекцыя пад назвай «Беларусь. Пачатак» прысвечана ў асноўным гісторыі Полацкага княства, першай вядомай дзяржавы на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. 

Казус са сцягам

Першапачатковая застаўка да відэа

Але не абышлося і без непрыемнага казусу: вокладка першай лекцыі была аформлена з выкарыстаннем дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга, які стаў сімвалам дыктатуры рэжыму Лукашэнкі пасля падзей 2020 года.

«Вокладку зменім, дызайнер памыліўся, а рэдактар не адсачыў. Жыве Беларусь!» — паспяшыла згладзіць сітуацыю Эйдэльман у каментарыях пад відэа.

Цяперашняя застаўка да відэа

Вокладку сапраўды замянілі, але атрымаўся мікс: нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг з вертыкальным арнаментам, які застаўся ад чырвона-зялёнага сцяга. 

Ці варта глядзець? 

Відэалекцыя Эйдэльман, якая доўжыцца больш за гадзіну, распавядае гісторыю Полацкага княства, яго моц, самастойнасць, складаныя адносіны з іншымі рускімі княствамі, балцкімі плямёнамі і крыжакамі, даходзячы да перыяду заняпаду дзяржавы і пераходу яе пад уладу літоўскіх князёў. 

Такая аглядная лекцыя дае агульнае ўяўленне пра перыяд, але збольшага не выходзіць за межы таго, што беларусы ведаюць са школьных падручнікаў. Яна сапраўды больш карысная для тых, хто нічога не ведае пра краіну і яе гісторыю. 

Беларускай гісторыі прысвечана мноства падкастаў і ютуб-каналаў, найлепшыя з якіх мы нядаўна паспрабавалі сабраць разам. Яны могуць даць больш поўнае і дэтальнае ўяўленне пра перыяд Полацкага княства. 

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Тым не менш у лекцыі Тамары Эйдэльман ёсць цікавыя моманты, больш шырокі позірк на падзеі, а сам фармат змясціць некалькі стагоддзяў у адзін ролік карысны тым, што з'ядноўвае разрозненыя гісторыі пра полацкіх і літоўскіх князёў у адзінае апавяданне, а Эйдэльман добрая апавядальніца. Нейкай крамолы, праяў расійскага імперыялізму ці непрыемных беларускаму вуху сцвярджэння мы ў відэа не пачулі.

Ілюстрацыямі для відэалекцыі часта становяцца малюнкі Язэпа Драздовіча. Скрыншот відэа

Ці варта глядзець расійскі кантэнт пра Беларусь? Яго, як і любы замежны кантэнт пра Беларусь, варта глядзець хаця б з таго меркавання, што ён дае ўяўленне пра тое, як нас бачаць з іншага боку, дае зразумець, у чым наш нацыянальны наратыў разыходзіцца з чужым бачаннем, на чым акцэнтуюцца замежныя блогеры, а што наадварот выпускаюць.

Гэта ўсё можа дапамагчы адкрыць саміх сябе нанова, а таксама мае і прыкладную карысць. Блогеры са сваімі мільённымі аўдыторыямі сёння фарміруюць меркаванне шырокіх мас па самых розных пытаннях. У адрозненне ад расійскай дзяржаўнай прапаганды, расійскія ліберальныя дзеячы, такія, як Эйдэльман, прыслухоўваюцца да меркавання беларускіх гледачоў.

Кантэнт пра Беларусь варта адсочваць і даваць на яго стваральнікам свой фідбэк, асабліва калі нешта моцна разыходзіцца з уяўленнем беларусаў пра саміх сябе. Гэта дазваляе фарміраваць у расійскім грамадстве правільны дыскурс. Куды больш карысна для Беларусі, калі сотні тысяч расіян будуць ведаць хоць нешта пра асобную ад расійскай беларускую гісторыю, чым не ведаць нічога, акрамя словаў прапаганды і заезджаных міфаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары38

  • Брэст
    11.01.2025
    Добра! Перадавая частка расіян ужо прыняла беларускі погляд на гісторыю. Гэта і добра, і важна. Эйдэльман робіць добрую справу.
  • Улад
    11.01.2025
    Гэты "мікс": БЧБ з вертыкальным арнаментам - заслугоўвае ўвагі. Цікава, ці падпадае зараз такі сцяг пад рэпрэсіі сённяшняй ўлады?
  • Літвін
    11.01.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць5

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўчанка не бачыць прыкмет перагрэву эканомікі3

У МАРГ расказалі, як у Беларусі зменіцца рэгуляванне цэн

У Брэсце за ўдзел у пратэстах асудзілі вядомага лёгкаатлета

Што з праектам пашпарта Новай Беларусі?25

Польскія памежнікі паказалі, як мігранты спрабуюць пераадолець на мяжы падвоеную перашкоду ВІДЭА2

На фронце ва Украіне знік без вестак яшчэ адзін беларус, які паваяваў на баку Расіі месяц3

Будучыня беларускага электрамабіля ў тумане: «Магілёўліфтмаш» і «Вымяральнік» робяць занадта дарагія запчасткі1

У Лідскім раёне можна набыць пад жыллё будынак былой чыгуначнай станцыі 120-гадовага ўзросту1

Беларусы Варшавы масава пайшлі на канцэрт Валерыя Меладзэ61

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць5

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць