Вайна

Ці праўда, што фронт ва Украіне спыніўся?

Гэты год вайны ва Украіне застаецца найбольш няўдалым для Расіі ў плане тэрытарыяльных заваёў. Нягледзячы на высокую інтэнсіўнасць баявых дзеянняў на фронце, статыстыка паказвае, што ў цяперашнім стане армія Расіі, імаверна, ужо не здольная на вялікі наступ. З вуснаў украінскіх і заходніх экспертаў усё часцей гучыць фраза, што абодва бакі ў «пазіцыйным тупіку» і «фронт спыніўся». Ці сапраўды гэта так, разбіралася Украінская служба Бі-бі-сі.

Украінскія вайскоўцы запускаюць разведвальны БПЛА на Гуляйпольскім напрамку. Менавіта тут Расія сканцэнтравала значныя сілы для наступу. Фота: 110 АМБр УСУ

Па-першае, восень 2026 года стала нетыповай для расійска-ўкраінскай вайны. У апошнія гады менавіта на асенні перыяд, у прыватнасці на кастрычнік—лістапад, прыпадаў пік актыўнасці арміі РФ і яе тэрытарыяльных заваёў. Сёлета ўсё кардынальна інакш.

Менавіта кастрычнік і лістапад сталі рэкорднымі для Расіі па стратах асабовага складу, паводле звестак Генштаба УСУ. Так, у кастрычніку Масква страціла 54,4 тысячы вайскоўцаў, а за 27 дзён лістапада — ужо амаль 58 тысяч.

«Агульная карціна такая: вораг спрабуе нарошчваць колькасць групоўкі на лініі баявога сутыкнення, але сцяна нашых дронаў здольная стрымліваць любую навалу», — апісвае гэта камандзір 429‑й брыгады беспілотных сіл УСУ, Герой Украіны Юрый Федарэнка (пазыўны «Ахілес»).

Сапраўды, кратнае нарошчванне жывой сілы сёлета не прыводзіць да прасоўвання на полі бою.

Паказчык плошчы акупаваных тэрыторый, згодна з украінскімі і заходнімі ацэнкамі, ужо трэці месяц з’яўляецца або мінімальным, або наогул адмоўным для Расіі.

Заявы Масквы па гэтым пытанні супрацьлеглыя, але яны не падмацаваныя доказамі з поля бою адносна кантролю за ўжо абвешчанымі акупаванымі Дабраполлем, Канстанцінаўкай, Купянскам, Святагорскам і іншымі гарадамі.

Красамоўнай з’яўляецца таксама іншая статыстыка.

Упершыню з восені 2023 года, калі Расія пачала сваю стратэгічную наступальную аперацыю, яна буксуе з разгортваннем свайго асенне-зімовага наступу. Або не мае магчымасці яго разгарнуць.

Тэндэнцыя апошніх чатырох месяцаў паказвае істотнае скарачэнне, а не рост колькасці баявых сутыкненняў на працягу восені (ліпень — 7664, жнівень — 7115, верасень — 7089, кастрычнік — 6346, па стане на 27 лістапада — 4536 баявых сутыкненняў). Гэта адбываецца ўпершыню з пачатку вайны.

У папярэднія гады менавіта на канец восені — пачатак зімы прыпадаў пік расійскай наступальнай кампаніі, калі рэзка расла колькасць баявых сутыкненняў, страт, але і плошча захопленай тэрыторыі.

Без сілаў на наступ?

Згадаем: у сярэдзіне кастрычніка 2023 года армія РФ пачынае свой маштабны наступ на Аўдзееўку, якая пала ў лютым 2024 года.

Ужо праз год увосень—узімку 2024/25 гадоў расійскім войскам удаецца захапіць Вуглядар, Сялідава, Курахава і Вялікую Навасёлку.

Асенні наступ 2025/26 завяршаецца падзеннем на працягу зімы гарадоў Пакроўск, Мірнаград і Гуляйполе.

Сёлета сітуацыя супрацьлеглая: Расія змагла правесці летні наступ (пачаўся напрыканцы мая), па выніках якога абвясціла пра захоп Канстанцінаўкі (Украіна гэта адмаўляе, у горадзе дагэтуль захоўваюцца пазіцыі УСУ). Але пасля таго колькасць баявых сутыкненняў хоць і заставалася адносна высокай — ад 200 да 230 у сярэднім за суткі — але паступова скарачалася, а не расла да канца восені.

Змянілася і тактыка дзеянняў расійскай арміі. Так, пяхотныя групы, якія камандаванне Расіі запускае для «інфільтрацыі» ў тыл праціўніка, становяцца ўсё меншымі і меншымі.

Замест 5—10 чалавек цяпер у такія небяспечныя аперацыі ідуць толькі 1—2 расійскія салдаты.

Праз насычэнне паветра разведвальнымі і ўдарнымі беспілотнікамі нават такія групы маюць вельмі мала шанцаў дайсці да пазіцыі.

Пераважна гэта ім удаецца зрабіць толькі дзякуючы спрыяльным умовам надвор’я: падчас моцнага ветру, туману ці дажджу.

І нават з такой тактыкай «інфільтрацыі» ўкраінскія Сілы абароны ўжо навучыліся змагацца. Яны не ідуць адразу на зачыстку гэтых пазіцый, а паступова абсякаюць лагістыку праціўніка, знясільваючы яго, а ўжо потым праводзяць штурм.

Расія сама трапіла ў сваю ж «пастку», тлумачыць Майкл Кофман, амерыканскі вайсковы аналітык.

Ён звяртае ўвагу, што Масква з 2024 года абрала тактыку пастаяннага ціску на ўкраінскія сілы, каб дамагчыся іх знясілення і правалу фронту. Але для гэтага неабходна было пастаянна ствараць усё новыя і новыя штурмавыя падраздзяленні, якія, трапляючы на фронт, вельмі хутка гублялі баяздольнасць. У канчатковым выніку гэта прывяло да бясконцай «мясарубкі» і фактычнай дэградацыі арміі РФ.

«Складанасць аказалася ў тым, на маю думку, што, канцэнтруючыся на ціску на ўкраінскае войска, расіяне па сутнасці пастаянна ціснулі самі на сябе», — сказаў амерыканскі аналітык у інтэрв’ю ўкраінскаму парталу «Мілітарний».

Украінскі вайсковы эксперт Міхаіл Жырохаў, у сваю чаргу, лічыць, што сёлета ў расійскай арміі пачалі назірацца вялікія праблемы з лагістыкай. Гэтаму спрыялі як кропкавыя аперацыі УСУ па знішчэнні мастоў на поўдні, так і штодзённыя ўдары мід-страйк дронамі па аўтатранспарце на акупаваных тэрыторыях.

«Калі гаварыць пра праблемы расіян, то гэта ў першую чаргу праблемы з лагістыкай. Яшчэ адна праблема ў тым, што яны распыляюць сілы. То-бок тое, што яны спрабавалі адначасова наступаць на Сумскім, Харкаўскім, на Запарожскім, на Дабрапольскім напрамках, гэта іх і падвяло», — сказаў аналітык падчас размовы з Бі-бі-сі.

Але пры гэтым Жырохаў упэўнены, што «крытычнай сітуацыі» з асабовым складам ва УС РФ пакуль што не назіраецца.

Расія спрабуе пераразмеркаваць сілы, засяроджваючы найбольш намаганняў на прыярытэтных участках, і спрабуе прарваць фронт на Данеччыне і Запарожжы. Тут найбольш інтэнсіўныя баявыя дзеянні адбываюцца, акрамя Канстанцінаўкі, таксама каля Дабраполля і на Гуляйпольскім напрамку.

Варта разгледзець больш падрабязна, што менавіта там адбываецца.

Сітуацыя ў Дабраполлі

Нягледзячы на тое, што пра ўзяцце гэтага прамысловага горада ў заходняй частцы Данеччыны расійскія ўлады абвясцілі яшчэ 16 кастрычніка, па стане на канец восені ён усё яшчэ застаецца пад кантролем Сіл абароны Украіны.

Пра гэта сведчаць, у прыватнасці, фота– і відэакадры паветраных удараў РФ па гарадской забудове, а таксама іх настойлівыя спробы прабіцца ці абысці Дабраполле з розных бакоў.

Варта заўважыць, што на гэтым участку назіраецца найбольшая шчыльнасць парадкаў абодвух бакоў. Расія разгарнула для наступу на горад і таксама для пераразання трасы Дабраполле — Краматорск дзве агульнавайсковыя арміі, а Украіна трымае ўчастак сіламі магутнай групоўкі войскаў «Азоў» пры падтрымцы дэсантных брыгад, у першую чаргу 25‑й Січаслаўскай брыгады ДШВ.

Пасля інтэнсіўных штурмаў у верасні—кастрычніку каля Дабраполля цяпер фіксуецца пэўнае змяншэнне колькасці пяхотных груп РФ, сказаў Украінскай службе Бі-бі-сі прадстаўнік камандавання 20‑й брыгады аператыўнага прызначэння «Любарт» (уваходзіць у склад корпуса «Азоў»), падпалкоўнік Міхаіл Бутко (пазыўны «Данія»).

«Сітуацыя ў Дабраполлі на працягу мінулага месяца не моцна змянілася. Стацыянарных пазіцый праціўніка ў горадзе няма, інфільтраваны асабовы склад праціўніка знішчаецца на падыходах. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў праціўніка пяхотнага складніка стала менш», — адзначыў ён.

Афіцэр не выключае, што змяншэнне пяхоты расіян можа быць часовым і звязана са знясіленнем падраздзяленняў, якія вялі інтэнсіўныя баявыя дзеянні і яшчэ не атрымалі замены ці папаўнення. Таксама Бутко звяртае ўвагу на тое, што ўмовы надвор’я гэтай восенню — сухое і адносна цёплае надвор’е — спрыялі эфектыўнаму выкарыстанню асноўнай зброі УСУ — ударных і FPV-беспілотнікаў.

Падрыў расійскага БТР на мінных загародах каля Дабраполля, лістапад 2026 года. Фота: 25‑я брыгада ДШВ

«Гэта не поўны спад актыўнасці праціўніка ці яго поўнае спыненне. Але цяпер прыкметна, што ў працэнтных суадносінах іх стала крыху менш. Магчыма, гэта звязана з тым, што лісце апала, зямля пачала халаднець і лепш відаць цеплавую сігнатуру, то-бок стала лягчэй выяўляць асабовы склад праціўніка».

Паводле слоў прадстаўніка брыгады, расіяне не пакідаюць спроб інфільтравацца ў Дабраполле, аднак ім цяжка пераадолець «кіл-зону», што сфарміравалася на ўсходніх і паўднёвых ускраінах горада.

Як прыклад, 25 лістапада Січаслаўская брыгада ДШВ апублікавала відэа няўдалай спробы штурму, якую на бранятэхніцы ажыццявілі расійскія вайскоўцы. Яны паспрабавалі пераадолець «кіл-зону» на поўдзень ад Дабраполля на двух бронетранспарцёрах, але тыя падарваліся на мінах і былі дабітыя ўкраінскімі БПЛА.

Праўда, падпалкоўнік Міхаіл Бутко не выключае, што Расія паспрабуе ўзмацніць наступ на Дабраполле ўзімку, калі надвор’е створыць абмежаванні для разведвальных і ўдарных БПЛА.

«Не выключаю, што праз праблемы з прасоўваннем пяхоты праціўнік паспрабуе механізаваныя штурмы. Гэта можа быць, калі зямля прамерзне і тэхніка зможа паехаць. Але зноў жа — перамяшчэнне расійскай тэхнікі ў нашай паласе адказнасці вельмі каналізаванае, то-бок іх лагістычныя шляхі знішчаныя, але яны спрабуюць шукаць варыянты. Пытанне толькі, куды яны на ёй змогуць даехаць і ці гэта ў іх увогуле атрымаецца. Але ці будуць такія спробы? На маю думку, так».

Сітуацыя на Запарожжы

На думку ўкраінскага вайсковага аналітыка Міхаіла Жырохава, менавіта Запарожская вобласць можа стаць тым напрамкам, дзе гэтай зімой Расія засяродзіць асноўныя сілы наступу.

Гэта звязана з тым, што на іншым прыярытэтным напрамку — Данеччыне — расійская армія змагла ўладкаваць пазіцыі ў жылой забудове, што важна ў кантэксце цяжкіх зімовых месяцаў вайны.

«На Данеччыне яны (расіяне) спрабавалі максімальна зайсці ў гарады, каб перазімаваць, бо зімаваць у полі — гэта вельмі цяжкая гісторыя. Але складваецца ўражанне, што яны будуць спрабаваць больш актыўна наступаць у найбліжэйшы час на Запарожжа. Я думаю, што яны будуць спрабаваць наступаць менавіта там», — сказаў ён Бі-бі-сі.

Адначасова ў Запарожскай вобласці наступальныя намаганні расіян уперліся ва ўмацаваны раён УСУ каля горада Арэхаў. Тут украінцы звяртаюцца да лакальных контратак, каб не дапусціць інфільтрацыі праціўніка ў населены пункт.

Зважаючы на гэта, армія Расіі прыкладае намаганні, каб абысці Арэхаў на ўсходзе і абрэзаць яго лагістыку. Наступ тут вядзецца з боку акупаванага Гуляйполя.

Камандаванне 7‑га корпуса хуткага рэагавання ДШВ, якое адказвае за абарону гэтага ўчастка фронту, паведаміла Бі-бі-сі, што РФ засяродзіла тут каля 50 тысяч вайскоўцаў.

«Канцэнтрацыя асабовага складу і бронетэхнікі, павелічэнне колькасці наступальных дзеянняў і спробы механізаваных штурмаў сведчаць пра агульнае ўзмацненне актыўнасці УС РФ на Гуляйпольскім адрэзку», — паведамілі ў 7‑м корпусе.

Нягледзячы на тое, што ўвосень расійская армія істотна павялічыла колькасць штурмавых дзеянняў на Гуляйпольскім напрамку, ёй не ўдалося прарваць украінскую абарону каля сёл Ваздзвіжаўка і Верхняя Тэрса.

У 7‑м корпусе ДШВ кажуць, што з пачатку восені знішчылі на Гуляйпольскім напрамку каля 8 тысяч расіян і амаль 100 адзінак бранятэхнікі.

Рэзкага абвастрэння атакуючых намаганняў праціўніка тут чакаюць у пачатку зімы.

«Праз абмежаванні ўкраінскай аэраразведкі, абумоўленыя пагаршэннем умоў надвор’я, расіяне будуць выкарыстоўваць канцэнтраваную месяцамі тэхніку і павялічваць колькасць механізаваных штурмаў. Снежань можа стаць найбольш крытычным месяцам на напрамку».

Высокапастаўленая крыніца ва ўкраінскай уладзе сказала Бі-бі-сі, што цяперашні стан спраў паказвае: без абвяшчэння маштабнай мабілізацыі Расія не здольная дасягнуць сваіх мэт на фронце. Прычым ні на адным з напрамкаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

За колькі здаюць кватэры на навагоднія святы ў Мінску і Гродне, куды чакаецца наплыў расіян2

За колькі здаюць кватэры на навагоднія святы ў Мінску і Гродне, куды чакаецца наплыў расіян

Усе навіны →
Усе навіны

Новы рэстаранны трэнд — хадзіць на вячэру аднаму4

Дураў папярэдзіў уладальнікаў айфонаў пра масавы ўзлом праз звычайныя сайты4

Прэпараты для пахудзення выпусцілі ў выглядзе шакаладак

У Чорную пятніцу беларусы штурмавалі Zara ды Massimo Dutti23

Дзяўчына з Гродна пяць гадоў кідала ў скарбонку двухрублёвыя манеты. А цяпер паказала, што атрымалася3

Youtube аднавіў відэа Сяргея Ціханоўскага з Мікітам Мелказёравым10

У Крэўскім замку знайшлі новыя фрэскі ФОТЫ1

На востраве ў Ціхім акіяне захаваўся адзіны ў свеце экзэмпляр рэдкага дрэва. Від спрабуюць уратаваць1

У Мінску на будоўлі загінуў машыніст аўтакрана

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За колькі здаюць кватэры на навагоднія святы ў Мінску і Гродне, куды чакаецца наплыў расіян2

За колькі здаюць кватэры на навагоднія святы ў Мінску і Гродне, куды чакаецца наплыў расіян

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць