Кіно

Рэжысёрка Дар'я Жук расказала, якім будзе яе новы фільм і чым беларусы могуць зацікавіць Галівуд

У 16 гадоў яна з'ехала з Мінска ў Амерыку, скончыла Гарвард, але замест кар'еры інвестыцыйнага банкіра выбрала кіно. Сёння Дар'я Жук здымае серыялы для найбуйнейшых амерыканскіх платформаў, выкладае рэжысуру ў Калумбійскім універсітэце і рыхтуецца зняць новы беларускі фільм.

Фота: «Радыё Свабода»

У праграме «Канапа» на «Радыё Свабода» рэжысёрка расказала, як трапіла ў Галівуд, чаму там беспрацоўе, колькі каштавала зняць фільм «Крышталь» і чым беларусы могуць зацікавіць свет.

«Я ніколі не казала, што я з Расіі»

Дар'я Жук упершыню прыехала ў ЗША ў 1996 годзе па праграме школьнага абмену. Яна прызнаецца, што тады адчувала комплекс непаўнавартасці, уласцівы многім выхадцам з Усходняй Еўропы. Пазбавіцца яго дапамаглі самі амерыканцы.

«Ва ўніверсітэце я раптам зразумела, што Беларусь — гэта сапраўды так цікава. Я адчула шчырую цікавасць людзей, якія вывучалі паліталогію, міжнародныя адносіны, гісторыю. І падумала: а чаму мы так сябе адчуваем? Мы можам зусім інакш сябе падаваць. Яны не адчуваюць, што мы нейкія непаўнавартасныя».

Рэжысёрка кажа, што ніколі не спрабавала спрасціць сабе жыццё, называючы сябе расійкай, каб не тлумачыць, адкуль яна.

«Я ніколі не казала, што я з Расіі. Я заўсёды з вялікім задавальненнем расказвала, што, апроч Расіі, існуе яшчэ шмат розных краін».

Як паступіць у Гарвард, калі няма грошай

Жук вучылася ў Гарвардзе бясплатна. Паводле яе, адсутнасць грошай не павінна спыняць абітурыентаў, якія мараць пра адзін з найлепшых універсітэтаў свету.

«Аказалася, што трэба проста быць цікавым чалавекам. Гарвард — вельмі багаты стары ўніверсітэт. Калі яны кагосьці хочуць, яны прывязуць гэтага чалавека і дадуць яму магчымасць вучыцца».

Знаёмая, якая ўжо вучылася ў Гарвардзе, параіла Дар'і дасылаць разам з дакументамі ўсё, што магло б раскрыць яе як асобу: фотаздымкі, вершы, нават запісы з дзённіка.

Жук таксама высока ацэньвае беларускую школьную адукацыю, якую атрымала перад ад'ездам у ЗША. Асабліва выкладанне матэматыкі.

«Мне здаецца, што ў нас сярэдняя адукацыя, магчыма, нават лепшая, чым у Амерыцы. Калі я пайшла на курс матэматыкі ў амерыканскай школе, мне падалося, што ў іх усё настолькі непаслядоўна тлумачыцца. А тое, як у нас выкладаюць матэматыку, — выдатна».

«Усе прызнаваліся, што яны глыбока няшчасныя»

Свой першы кароткаметражны фільм Жук зняла ў 19 гадоў, яшчэ падчас вучобы ў Гарвардзе. Але першае знаёмства з Галівудам ледзь не прымусіла яе адмовіцца ад мары стаць рэжысёркай.

Яна трапіла на стажыроўку ў Sony Pictures.

«Кожны чалавек, які там працаваў, адводзіў мяне ўбок і казаў: «Ніколі, ніколі! Гэта самая жахлівая прафесія ў свеце». Яны ўсе прызнаваліся, што яны глыбока няшчасныя. У мяне была нават лёгкая дэпрэсія пасля гэтай паездкі. Я думала: няўжо гэта значыць пагадзіцца быць няшчасным чалавекам усё жыццё?»

Жук спрабавала сябе ў прадзюсаванні, займалася продажам фільмаў, але ўрэшце вырашыла атрымаць другую адукацыю — рэжысёрскую.

Фота: «Радыё Свабода»

Як у Галівудзе пабудавалі мінскую кватэру

У 2022 годзе Жук здымала ў Лос-Анджэлесе аўтабіяграфічную гісторыю свайго першага кахання. Падзеі адбываліся ў Мінску, Гарвардзе і Нью-Ёрку, але ўсе сцэны трэба было зняць у Каліфорніі.

«Мы ездзілі па Галівудзе і шукалі беларускае метро. Я была ўпэўненая, што гэта правальная ідэя, што мы ніколі яго не знойдзем».

Аднак амерыканская каманда знайшла падобны эскалатар, пабудавала ў павільёне копію яе мінскай кватэры на вуліцы Якуба Коласа і нават узнавіла зімовы Гарвард са снегам пасярод сонечнай Каліфорніі.

«Фабрыка мрой сапраўды існуе. Там існуе адчуванне, што ўсё магчыма, усё можна зрабіць, усё можна прыдумаць і перапрыдумаць».

«Калі б я хацела зарабляць, стала б інвестыцыйным банкірам»

Насуперак распаўсюджанаму ўяўленню пра Галівуд, праца ў кіно не гарантуе фінансавага дабрабыту. Паводле Жук, амерыканская кінаіндустрыя перажывае сур'ёзны крызіс.

«Паводле статыстыкі, здымаецца ўдвая менш серыялаў, чым дзесяць гадоў таму. 50% рэжысёраў, якія пабудавалі кар'еру на працы па найме, здымаючы тэлевізійныя серыялы, сядзяць без працы».

Нават пасля поспеху «Крышталю» і працы з Apple, FX, Hulu і Netflix ёй не зрабілася прасцей.

«Гэта пастаянная гонка, каб утрымацца ў прафесіі. І гэта велізарны стрэс. Калі б я хацела зарабляць грошы, я б, вядома, засталася ў эканоміцы, стала б інвестыцыйным банкірам. Але ў мяне была зусім іншая сістэма каштоўнасцяў».

Каб зарабляць на жыццё, Жук, апроч рэжысуры, выкладае, піша сцэнарыі, кансультуе і прадзюсуе чужыя праекты.

Колькі каштаваў «Крышталь»

У размове са «Свабодай» рэжысёрка агучыла прыблізны бюджэт свайго фільму «Крышталь», які Беларусь вылучыла на «Оскар». Каля 200 тысяч даляраў.

«Для кіно гэта проста на каленцы. Я сабе не заплаціла ні гроша з гэтага фільму, а нават уклала нейкія свае грошы. Прасіла ў сяброў. Рабіла ўсё магчымае. Напэўна, патэлефанавала ўсім, каго ведаю».

Частку грошай дапамаглі знайсці знаёмыя з амерыканскай медыякампаніі Vice. Падтрымку таксама ўдалося атрымаць у Германіі і Фінляндыі.

Настальгія як зброя дзяржавы

Цяпер Дар'я Жук працуе над новым фільмам паводле апавядання беларускай пісьменніцы Тані Заміроўскай. Гэта гісторыя пра беларускіх эмігрантаў і тэхналогію, здольную ператвараць настальгію ў інструмент рэпрэсій.

«Уявіце свет, у якім настальгія матэрыяльная. Існуе тэхналогія, якая, калі вы вельмі сумуеце па доме, можа імгненна перанесці вас менавіта ў тое месца, па якім вы сумуеце. Настальгія цяпер — зброя дзяржавы».

Фільм будзе двухмоўны — па-беларуску і па-руску. Праект ужо атрымаў падтрымку ў Эстоніі і Нідэрландах.

Ёсць у Жук і яшчэ адзін сцэнар, які яна спадзяецца некалі ўвасобіць. Гэта драма пра адзін дзень у Мінску — 15 жніўня 2020 года — і трох жанчын, чые жыцці назаўжды мяняюцца падчас гістарычных падзей.

«Нам трэба менш думаць пра тое, як сябе прадаць»

На пытанне, чым Беларусь можа зацікавіць Галівуд, апроч дыктатуры, рэпрэсій і Чарнобылю, Жук адказвае, што беларусам варта перастаць адгадваць чаканні замежнікаў.

«Нам трэба менш думаць пра тое, як сябе прадаць. Нам трэба самім зазірнуць у сябе і зразумець: хто мы? Што нам самім падабаецца? І, магчыма, ад гэтага адштурхоўвацца».

Свае фільмы Жук не падзяляе на тыя, якія здымае для беларусаў, і тыя, якія прызначаныя для замежнікаў.

«Я не дзялю праекты на ўнутраныя і знешнія, на імпарт і экспарт. Мастацтва ж не мае межаў».

Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі: «Я не быў верным сем'янінам». Ён таксама расказаў, што Святлана ў першыя дні пасля вызвалення сказала яму, што не кахае яго84

Ціханоўскі: «Я не быў верным сем'янінам». Ён таксама расказаў, што Святлана ў першыя дні пасля вызвалення сказала яму, што не кахае яго

Усе навіны →
Усе навіны

На Брэстчыне амаль тыдзень шукалі мужчыну, урэшце знайшлі мёртвым

Мінская Камароўка ўжо перабралася пад дах1

Беларусы абмяркоўваюць, што рабіць пасля блакіроўкі Spotify, і называюць альтэрнатывы17

Для навядзення ўдараў па Крымскім мосце Украіна выкарыстоўвала ізраільскі аналаг Starlink6

У Мінску з'явіцца новая шасціпалосная магістраль1

Спевака Дзмітрыя Калдуна ў Расіі кінулі на $650010

Зяленскі пра ахвяр Галадамору: Успамінаць балюча. Прабачыць немагчыма14

«МЛ Віцебск» другі год запар заваяваў золата чэмпіянату. БАТЭ вылецеў з вышэйшай лігі9

Стала вядома, хто купіў бізнэс-цэнтр у комплексе Sigma на Нямізе3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі: «Я не быў верным сем'янінам». Ён таксама расказаў, што Святлана ў першыя дні пасля вызвалення сказала яму, што не кахае яго84

Ціханоўскі: «Я не быў верным сем'янінам». Ён таксама расказаў, што Святлана ў першыя дні пасля вызвалення сказала яму, што не кахае яго

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць