Праз санкцыі продажы новых аўто ў Беларусі рэкордныя за апошнія пяць гадоў
Санкцыйны ціск з боку Еўрасаюза дапамог продажам афіцыйных аўтадылераў — вынікае са статыстыкі, апублікаванай Беларускай аўтамабільнай асацыяцыяй.

Прагнозы, якія не спраўдзіліся
Пасля абвалу продажаў у 2022—2023 гадах у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) меркавалі, што ў 2024 годзе продажы вырастуць. Аднак, як паказала статыстыка, іх падлікі аказаліся занадта сціплымі.
Спачатку ў БАА прагназавалі, што ў 2024 годзе рынак дасягне і, магчыма, перавысіць планку ў 35 тысяч рэалізаваных новых аўтамабіляў.
Але навіны з Захаду, а менавіта новыя абмежаванні на экспарт аўтамабіляў з Еўропы ў Беларусь, прымусілі экспертаў двойчы пераглядаць прагноз у бок павелічэння.
Ужо па выніках 8 месяцаў афіцыйным дылерам удалося рэалізаваць амаль 30 тысяч аўто.
Па кастрычніцкім прагнозе, продажы новых машын (толькі легкавых аўто) павінны былі скласці 45-48 тысяч адзінак. Але ў рэальнасці аказалася яшчэ больш.
Што ў выніку?
«Наша Ніва» падлічыла гадавыя лічбы на падставе штомесячных справаздач ад асацыяцыі.
За перыяд са студзеня па жнівень продажы легкавых аўто і лёгкага камерцыйнага транспарту склалі 29 987 адзінак.

З верасня па лістапад апублікаваная БАА статыстыка ахоплівала толькі легкавыя аўто, на якія ў папярэднія месяцы прыходзілася ад 92 да 94% ад агульнай лічбы продажаў. Таму, каб атрымаць агульныя лічбы продажаў, мы дадалі сярэднія 7% да лічбаў легкавых машын, якія прадалі за тры месяцы восені.
За снежань ёсць поўная статыстыка.
Згодна з падлікамі, за 2024 год дылерам удалося рэалізаваць каля 53 200 новых легкавых аўто разам з лёгкім камерцыйным транспартам.
Найлепшыя паказчыкі за апошнія 5 гадоў
Такім чынам атрымліваецца, што продажы новых аўто ў 2024 годзе перавысілі вынікі даваеннага 2021 года, калі было прададзена 46 837 адзінак тэхнікі. А таксама было рэалізавана больш машын, чым у 2020-м ( 52 768 штук) і 2019-м (52 835).
Вынікае, што лепш, чым у 2024-м, справы ў дылераў ішлі толькі ў рэкордным 2019 годзе, калі было прададзена 64 504 новых аўто.

Якія яшчэ тэндэнцыі назіраліся?
Лідарам рынку застаюцца айчынныя Geely i BelGee. На іх прыходзілася больш за палову продажаў новых легкавых аўто ў Беларусі.
Расце попыт на электрамабілі. Калі ў сакавіку на электрамабілі прыпадала каля 5% ад агульных продажаў членамі БАА, то ў снежні гэты паказчык дасягнуў амаль 8%.
Каля 2/3 продажаў новых аўто ў Беларусі прыпадае на аўтамабілі кітайскіх брэндаў.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары