Грамадства9494

БХД: Адзін з лідараў партыі Яўген Дудкін прызнаўся, што з'яўляецца даўнім агентам КДБ

Справай займаюцца польскія сілавікі, беларускіх актывістаў цягаюць на допыты.

Яўген Дудкін. Фота: яго фэйсбук

Яўген Дудкін — 36-гадовы палітычны дзеяч у эміграцыі, беларускамоўны ўсмешлівы хрысціянскі дэмакрат у стылёвым капелюшы. З Беларусі ён, настаўнік па адукацыі і рэгіянальны актывіст па жыцці, з’ехаў яшчэ ў 2018-м, асеў у Польшчы як эканамічны мігрант.

Пасля 2020-га, так атрымалася, дзясяткі ці нават сотні тысяч палітычных мігрантаў рушылі з Беларусі на Захад. Палітычнае жыццё завіравала ў Варшаве, і Дудкін пакрысе зноў уцягнуўся ў працэс.

Цяпер ён ужо не рознарабочы і не кіроўца пагрузчыка, а кіраўнік фонду «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (Białoruska Chrześcijańska Demokracja), зацяты крытык Святланы Ціханоўскай і з нядаўняга часу саюзнік Зянона Пазняка.

Аднак можа так стацца, што ў палітычнай кар’еры Дудкіна гучыць апошні акорд. Як стала вядома «Нашай Ніве», польскія сілавыя ведамствы знайшлі доказы таго, што Дудкін — завербаваны агент беларускіх спецслужб.

Беларускіх актывістаў выклікаюць на допыты, спрабуюць разабрацца, ці ведаў хтосьці пра агенцкую дзейнасць Дудкіна.

Пакуль мы рыхтавалі гэты артыкул і апытвалі сяброў БХД, арганізацыя выпусціла заяву:

«Барацьба з рэжымам вымушае беларускія партыі і арганізацыі быць пільнымі і ачышчацца ад ворагаў, засланых у розныя гады. Па шматлікіх скаргах сяброў БХД — Białoruska Chrześcijańska Demokracja fundacja на дзеянні старшыні фундацыі была праведзена праверка, падчас якой выявілася спроба рэйдарскага захопу арганізацыі Яўгенам Дудкіным.

Далейшыя разбіральніцтвы па дэструктыўнай дзейнасці ў партыі БХД гэтай асобай выявілі, што Яўген Дудкін даўно з'яўляецца таемным супрацоўнікам КДБ. Пра што ён сам пацвердзіў на пасяджэнні Управы партыі БХД 30 студзеня 2025 года ў прысутнасці сяброў партыі».

Крыніцы «НН» адзначаюць, што Дудкін нібыта прызнаўся, што быў завербаваны яшчэ падчас вучобы ў Магілёўскім універсітэце ў канцы 2000-х ці пачатку 2010-х.

Сам Дудкін не адказаў на паведамленні і званкі карэспандэнта «НН». Калі ён захоча выказацца, мы дамо яму такую магчымасць.

Апошнія дні палітык піша ў фэйсбуку метафарычныя допісы на тэму віны і здрады:

«У кожнага палітыка-хрысціяніна ёсць адзін важны этап у жыцці як у Езуса: здрада за грошы — укрыжаванне паплечнікамі — палітычная смерць. І тут для верных Богу існуе палітычнае ўваскрасенне. Але ўмова — чыстае сумленне».

«Як лёгка сказаць, што «я апошні грэшнік» ці абвінаваціць і як цяжка назваць па імені свой грэх. … Хаця і апостал Павел не адразу атрымаў давер ад апосталаў: не верылі, што ён змяніў сваё жыццё, і з забойцы хрысціян стаўся іх абаронцам. Час паказаў. Час».

***

Пасля 2020 года Беларуская хрысціянская дэмакратыя падзялілася на дзве часткі — адну з іх узначаліў Георгій Дзмітрук (тут у кіраўніцтве быў і Яўген Дудкін), сярод лідараў другой Віталь Рымашэўскі.

Партыя Дзмітрука і Дудкіна ўступіла ў кааліцыю з актывістамі колішняй «Народнай Грамады», якую цяпер узначальвае Яўген Вільскі. Дарэчы, мінімум два актывісты «Грамады» аказаліся даносчыкамі — стучалі на іншых палітыкаў у КДБ.

На выбарах у Каардынацыйную раду кааліцыя БХД і «Грамады» заняла перадапошняе месца. Цяпер яны аб'ядналіся з тымі, хто стаў увогуле апошнім, і ўтварылі блок «Мемарандум», які аспрэчвае лідарства Святланы Ціханоўскай.

* * *

Яўген Дудкін нарадзіўся 1 снежня 1989 года ў Магілёве ў сям'і міліцыянера. Вырас у Гродне. Скончыў школу №13 у Гродне, гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і магістратуру. Магістарскую працу прысвяціў беларускаму пытанню ў польскай нацыянальнай палітыцы міжваеннага часу.

Адпрацаваў размеркаванне ў школах Бялыніцкага раёна на Магілёўшчыне, пазней працаваў у школе ў Гродне, быў загадчыкам дома народнай творчасці ў вёсцы Зарачанка Гродзенскага раёна.

Яўген Дудкін (злева), Зянон Пазняк і Георгій Дзмітрук (у цэнтры). Фота з сацыяльных сетак

У апошнія гады Дудкін актыўна атакаваў як Святлану Ціханоўскую, так і незалежныя СМІ. Ён быў адным з суарганізатараў акцыі ў Варшаве, якая была праведзеная ў піку маршу беларусаў з пратэстам супраць фальсіфікацыі выбараў, у якой удзельнічалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

Каментары94

  • Онліфаншчыца ў пагонах
    14.02.2025
    Толькі аднаго выкрылі? Да спадара на літару Р. пакуль няма пытанняў? :))
  • Рымышэўскага
    14.02.2025
    Няхай правераць
  • Паліграфыч
    14.02.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі16

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Як будзе выглядаць Акадэмія КДБ, якую будуюць на Залатагорскіх могілках30

Акцыі EPAM нечакана пайшлі ў рост3

Латушка: Ідзе пяць крымінальных справаў, звязаных з пагрозай майму жыццю і здароўю4

Падбітаму наёмніку з Віцебска ўрачыста выдалі расійскі пашпарт ФОТАФАКТ4

22‑гадовую выпускніцу каледжа з Бабруйска асудзілі за «садзейнічанне экстрэміцкай дзейнасці»5

Што вядома пра страты Расіі на вайне ва Украіне да кастрычніка?2

Познер: Захад хацеў справакаваць Пуціна, а Расія ў выніку пераможа67

«Свабода пераможа рабства». Статкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі ЕС7

Нягледзячы на «цяжкае выгаранне» экс-канцлер Германіі Шродэр зоймецца стратэгічным суправаджэннем бізнэсу гіпермаркетаў у Расіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі16

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць