Паглядзіце, якія стылёвыя цішоткі выпускае беларускі брэнд Znivien. Пагаварылі з яго стваральнікам
Make Belarus zaebis again — цішоткі з такім надпісам вы маглі шмат у каго бачыць. Іх робіць брэнд Znivien, які запусціўся 4 гады таму. «Наша Ніва» пагутарыла з дызайнерам прынтоў і адным са стваральнікаў брэнду Уладзімірам Маляўкам пра тое, як развіваўся праект, чаму мерч Лукашэнкі няўдалы і калі ў Беларусі было «зая**ся».

«За мяжой няма сэнсу рабіць нешта агрэсіўна-пратэснае. Не працуе ўжо, час прайшоў»
Брэнд Znivien запусцілі ў 2021 годзе. Дызайнер Уладзімір Маляўка тады яшчэ жыў у Беларусі — ён звязаўся са сваім сябрам Паўлам Дзеркачом у Польшчы, каб той пачаў вырабляць цішоткі. Назвай брэнда абралі месяц, які «для шматлікіх беларусаў стаў кропкай адліку», тлумачыць Уладзімір.
«За мяжой няма сэнсу рабіць нешта агрэсіўна-пратэснае. Не працуе ўжо, час прайшоў», — кажа ён пра канцэпцыю.
Інтэнсіўна працаваць над праектам Уладзімір і Павел сталі ў 2022 годзе. Тады прадалі больш за 400 рэчаў.

«Калі пачыналі, не думалі, што гэта стане бізнэсам, — кажа дызайнер. — Проста людзі ў мяне ўбачылі прынты, напісалі, што хацелі б набыць такія цішоткі. Па гэты дзень наша каманда — гэта два чалавекі плюс бухгалтар і партнёр «Друкарка» ў Кракаве. Доўга думалі, дарэчы, ці рабіць самім рэчы, ці купляць гатовае. Пакуль няма столькі замоў, каб самім вырабляць. У «Друкарцы» ёсць каталог, сярод гэтых мадэляў і абіраем. Мы пра ідэю — чалавек купляе ідэю, якую на сябе апранае».
Мадэляў для здымак у адзенні брэнда спачатку шукалі сярод сяброў і знаёмых, якія пагаджаліся гэта зрабіць за цішотку. Але пасля Znivien пагрукаўся да знакамітага нямецкага дызайнера Фрэнка Пітэра, які пасля пачатку вайны стаў рабіць ліфталукі ў падтрымку Украіны.
«Калі ў нас выйшлі прынты на тэму Украіны, я проста напісаў яму ў інстаграм з запытам зрабіць здымак з нашымі цішоткамі. Ён адразу адказаў, пагадзіўся, мы даслалі некалькі бясплатна, потым ён набыў яшчэ пару ў падарунак».
Цішотку дасылалі таксама Элізабэт Піпко — прэс-сакратарцы Рэспубліканскай партыі ў ЗША, у якой ёсць беларускія карані.
«Знайшоў яе ў інстаграме, напісаў з прапановай зрабіць ёй цішотку з картай, адкуль яе сваякі. Яна адказала, даслала адрас, — дзеліцца Уладзімір. — Класна, што такі чалавек атрымаў падарунак ад беларусаў. Раптам Трамп у наступнай прамове возьме наш стыкер і скажа «Make Belarus zaebis again». Стыкер мы таксама даслалі, дарэчы».

«Часам людзі пытаюць: а дзе бчб, Пагоня?»
Летам 2023 года Znivien сутыкнуўся з праблемай — інстаграм выдаліў іх акаўнт, на якім была завязаная ўся праца. Гэта адбылося пасля скаргі брэнда Levi’s на пост пра праект Logo for Ukraine, у якім Уладзімір Маляўка на вядомых лагатыпах, у тым ліку Levi’s, напісаў назвы ўкраінскіх гарадоў.

«У адзін момант страцілі ўсю камунікацыю. Добра, што шмат чаго пераносілі ў табліцу, у якой пазначалі акаўнты, якія рабілі замовы. Кожнаму пісалі ў прыват, што такое адбылося. Змаглі зноў набраць 3000 падпісчыкаў, але эмацыйна было цяжка пачынаць з нуля», — расказвае дызайнер.
Сёлета Znivien стаў найлепшым бізнэсам года ў конкурсе Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой ABBA «Бізнэс вольнай Беларусі». Пераможцы атрымалі 5 тысяч еўра.
«Яшчэ абмяркоўваем, куды накіруем гэтыя грошы. Хутчэй за ўсё, яны пойдуць на рэкламу, маркетынг. Трэба ўкласціся туды, каб зарабіць яшчэ больш».

Трэнд на беларускасць, па словах Уладзіміра, не спадае. Продажы брэнда ідуць уверх. Каля 80% замоў прыпадае на Польшчу. Пасля — ЗША, Германія, Аўстрыя, Бельгія. А вось менш за ўсё замоваў з Літвы.
«Пыталіся ў людзей чаму, атрымалі цікавы адказ, — расказвае Уладзімір. — Цяпер склалася сітуацыя ў Літве, што беларусы не хочуць дэманстраваць сваю нацыянальнасць. Хаця мне здавалася, што Літва стане другой краінай па замовах.

Часам людзі пытаюць: «А дзе бчб, Пагоня?» Адказваем, што такое робіць шмат хто, а нам цікава іншае. Беларуская культура нашмат шырэйшая, чым толькі бчб, Пагоня ці нейкі сімвал. Культура Беларусі — гэта і Макс Корж, і «Песняры», і «Сябры», і «Верасы», і Пагоня, і бчб, і Якуб Колас. Шырока глядзім на гэтае пытанне».
«Брэнд прыносіць грошы, але жыць толькі на іх немагчыма»
Некаторыя ў каментарах крытыкуюць праект за тое, што пэўныя прынты ўжо былі ў працах іншых беларусаў.
«Як творчаму чалавеку, мне балюча. Але што зрабіць, калі часам беларусы могуць прыдумаць адно і тое ж? Гэта толькі тлумачыцца тым, што мы жывём у адной прасторы», — адказвае дызайнер.
Znivien не асноўная праца стваральнікаў. Уладзімір працуе ў Беларускім моладзевым хабе, а Павел у IT.
«Брэнд прыносіць грошы, але жыць на іх немагчыма, — тлумачыць Уладзімір. — Калі б адзін чалавек займаўся, то, мабыць, хапала б. Нас двое, плюс падаткі, аплата бухгалтара. Калі б нам былі патрэбны грошы, ніколі б такі бізнэс не прыдумалі. Для нас гэта мастацкі сайд-праект, які яшчэ нешта прыносіць. Проста няма столькі беларусаў за мяжой, каму патрэбна такое адзенне.
Мы прымалі ўдзел у адным акселератары, які падтрымлівае бізнэсы. Паколькі мы зарабляем, то мне неяк няёмка грукацца да якой-небудзь арганізацыі і прасіць грошы. Хай лепш яны дадуць падтрымку НДА, каму гэты грант дасць магчымасць штосьці рабіць. Znivien самаакупляльны».
Уладзімір заўважае, што многія маладыя брэнды, якія з'явіліся ў апошнія гады, ужо паспелі закрыцца.

«Думаю, мы захаваліся, бо вырашылі, што гэта наша хобі. А брэнды проста не пабачылі поспехаў і закрыліся. Сумна, бо чым больш бачым беларускага, тым большая верагоднасць, што беларус гэта купіць, а не пойдзе ў «Зару».
Пры гэтым адгаворваць людзей купляць рэчы ў «Зары» Уладзімір не лічыць слушным падыходам — беларускім брэндам, на яго думку, варта проста нагадваць пра сябе.
«У кожнага ў жыцці быў момант, калі ў Беларусі было зая**ся»
Самая папулярная цішотка ў брэнда — з надпісам Make Belarus zaebis again. Нядаўна Уладзімір выклаў у інстаграме пост, у якім расказаў, як у 2021-м прыдумаў гэты дызайн.

«У патоку пастаянных негатыўных навін хацелася ўбачыць хоць нейкі прамень надзеі, хоць нешта пазітыўнае ў гэтай сітуацыі, але нічога не было. У галаве гучала толькі: «Ды хутчэй бы гэта ўсё скончылася». Менавіта ў гэты момант нарадзіўся слоган як рэакцыя на тое, што адбывалася навокал. Малюнак з такім тэкстам я запосціў у сторыс. І літаральна адразу мне напісалі некалькі чалавек, што хацелі б набыць такую майку. Хачу заўважыць, што калі б не іх рэакцыя, то гэтага дызайну магло б і не быць», — напісаў Уладзімір.
Перафразуючы папулярны надпіс — калі ў Беларусі было «зая**іся»? Уладзімір кажа, што краіна была б цудоўнай, калі б туды можна было вярнуцца.
«Калі я жыў без палітыкі, пратэстаў, рэпрэсій, то зая**ся. Калі мог жыць і быць побач з бацькамі, братамі, сёстрамі. Часта атрымліваем адказ ад людзей, што зая**ся было ў ВКЛ, 90-я, іншыя пішуць, што такога ніколі не было. Але мы аптымісты, у кожнага ў жыцці быў момант, калі ў Беларусі было зая**ся».
Уладзімір прымаў удзел у мітынгах і лічыць, што пратэсты 2020 года былі не дарма. «Перамога будзе, галоўнае пытанне — калі», — верыць ён.

«Галоўнае, каб не было расійскага сцяга, Z і Пуціна»
У адным з інтэрв’ю Уладзімір казаў, што хацеў бы падарыць прапагандыстам свае цішоткі замест безгустоўнага мерча Лукашэнкі. Пацікавіліся, чаму, на яго думку, у іх не атрымалася зрабіць круты дызайн.
«Задача з мерчам для Лукашэнкі ставілася зверху, акрамя як напісаць цытаты, нічога не згенеравалі. Быў таксама мерч «Марафона адзінства»: прыбраць гэты надпіс і замяніць колеры — файная цішотка. Лічу, што яны якраз ідуць у кірунку, які нам патрэбны.
Не трэба забывацца, што многім беларусам падабаецца чырвона-зялёны сцяг ці Лукашэнка, на жаль. Але ж яны таксама беларусы. Калі яны носяць чырвона-зялёную кашулю з нацыянальным арнаментам, мабыць, яны адчуваюць сябе беларусамі. Галоўнае, каб не было расійскага сцяга, Z і Пуціна», — разважае ён.
Каментары