У Мінску вынеслі прысуд па справе аб забойстве брытанскага прадзюсара ў Маскве ў 1999 годзе
Абвінавачаным у забойстве з асаблівай жорсткасцю быў грамадзянін Беларусі
Злачынства адбылося ў верасні 1999 года. Цела грамадзяніна Вялікабрытаніі — прадзюсара адной з тэлекампаній Крыстафера Рыса — са шматлікімі нажавымі раненнямі было знойдзена ў кватэры на вуліцы Цвярской у Маскве. Абвінавачаным у забойстве з асаблівай жорсткасцю быў грамадзянін Беларусі Дзмітрый Церанцюк, разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да яго пачаўся ў Мінску 19 лютага, піша БелТА.
Прычым Церанцюка прывезлі на суд з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за забойства сваёй сужыцелькі.
Крыстафера Рыса СМІ называлі адным з самых уплывовых прадзюсараў расійскага тэлебачання. Ён займаўся шоу-бізнэсам на радзіме ў Вялікабрытаніі, дзе супрацоўнічаў у тым ліку з кампаніяй «Дысней», а ў канцы 1990-х прыехаў у Расію і ўзначаліў забаўляльны канал СТС.
27 верасня 1999 года Рыс не выйшаў да свайго кіроўцы, каб ехаць на працу. Супрацоўнікі тэлеканала зайшлі ў кватэру і ўбачылі на ложку знявечанае цела 37-гадовага прадзюсара. Следства высветліла, што ён атрымаў чатыры раненні кухонным нажом, колатыя раны відэльцам і ўдар па галаве прасам. Пры гэтым адбіткаў пальцаў забойцы і слядоў узлому не было.
Справу ўдалося раскрыць толькі праз 24 гады. У верасні 2023 года стала вядома, што эксперты правялі экспертызу ДНК узораў, сабраных на месцы злачынства, і ўстанавілі асобу чалавека, які знаходзіўся з Рысам у адной кватэры ў дзень забойства. Ім аказаўся беларус Дзмітрый Церанцюк, на момант забойства яму было 19 гадоў.
Яго абвясцілі ў вышук, але аказалася, што мужчына ўжо знаходзіцца за кратамі. Ён адбывае 16 гадоў за забойства сужыцелькі.
У судзе заслухалі паказанні былога сукамерніка мужчыны. Паводле яго слоў, абвінавачаны быў занепакоены тым, што міліцыя даведалася яшчэ пра адно забойства, учыненае ў Маскве ў 1999 годзе. Мужчына расказваў сукамерніку, што пазнаёміўся з Рысам у бары, пазней яны прыехалі ў кватэру прадзюсара на Цвярской.
Па версіі абвінавачанага, ён вырашыў заступіцца за нейкую дзяўчыну, да якой Рыс пачаў прыставаць. Мужчына нанёс яму множныя раненні разбітай бутэлькай, наносіў удары ўсім, што «траплялася пад руку». Як вынікае з апублічаных паказанняў сведкі, абвінавачаны расказаў яму, што «раздзелаў мужчыну на кавалкі, было проста месіва, выкалаў вочы ( … ), параніў сабе палец». Як вынікае з матэрыялаў справы, цела забітага Крыстафера Рыса было аголеным.
Пры гэтым расійскія следчыя лічылі, што беларус забіў Рыса з мэтай рабавання. Забойца моцна збіў прадзюсара, скраў у яго 250 даляраў і тэлефон, пасля чаго пайшоў з кватэры.
У выніку яго асудзілі на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта найбольш строгая мера адказнасці, якая магла быць прызначаная абвінавачанаму ў адпаведнасці з крымінальным законам.
Каментары