Вядомыя беларусы-блогеры расказалі, як набылі дом у Партугаліі. Свой дом мары ў Беларусі ім давялося прадаць
Раней Вадзім і Алеся Ключнікі будавалі свой дом мары пад Мінскам па ўласным праекце. Аднак у 2021‑м сям’я была вымушана пакінуць Беларусь. Змяніўшы 22 месцы жыхарства за амаль пяць гадоў эміграцыі, блогеры нарэшце набылі ўласную нерухомасць у Партугаліі.

Гісторыя папулярнага ютуб-канала «Vadim Key» пачыналася з маштабнага праекта KeyDOM — сучаснага дома з вялікімі вокнамі каля лесу, які пара будавала па ўласным праекце. У маі 2020 года сям’я пераехала туды, але шчасце доўжылася нядоўга. Пасля кароткага зняволення Вадзіма ў маі 2021 года за ўдзел у пратэстах 2020-га, Ключнікі пакінулі краіну.
За гады вандровак сям’я паспела пажыць у Чарнагорыі, Польшчы, Нарвегіі і Германіі. Менавіта ў Германіі, як сцвярджае Вадзім, яны прынялі няпростае рашэнне прадаць дом у Беларусі, каб пусціць карані на новым месцы. Выбраны быў партугальскі Порту.
Блогеры вызначылі для сябе чатыры крытэрыі: дом павінен быць асобным (ніякіх таўнхаусаў), мець уласны ўчастак зямлі, знаходзіцца каля Порту ў добрай перспектыўнай лакацыі і мець патэнцыял для рэканструкцыі.
У новым выпуску пара падрабязней расказала пра пакупку. Пры пошуку дома яны сутыкнуліся з асаблівасцямі мясцовага рынку: часта прыгожы дом мог стаяць на вуліцы, дзе суседнія будынкі — гэта суцэльныя руіны. Акрамя таго, дамы-таўнхаусы 70—80‑х гадоў плошчай пад 300—400 квадратных метраў палохалі дзіўнымі планіроўкамі, дзе большую частку плошчы займалі бясконцыя калідоры.
У выніку блогеры спыніліся на аб’екце, які многія пакупнікі проста ігнаравалі з-за дрэнных фотаздымкаў у аб’яве. Гэта аказалася «Кінта» — традыцыйная партугальская сядзіба. Пры гэтым яна месціцца ў межах горада.

На 15 сотках зямлі размясціўся дом агульнай плошчай 240 квадратных метраў (два паверхі па 120 кв. м), асобны гараж і маленькі домік садоўніка плошчай каля 50 кв. м.
Нягледзячы на тое, што будынак патрабуе сур’ёзнага рамонту, Алеся адзначае, што адразу ўбачыла ў старым доме на зарослым участку будучы ўтульны дом.
Асабліва новых уладальнікаў уразіў сад. На ўчастку растуць лімоны, авакада, мандарыны і велізарныя дрэвы хурмы. Але галоўным сюрпрызам стала магнолія, пра якую Алеся марыла яшчэ ў Мінску.
На прагляд дома блогеры запрасілі прафесійнага інжынера, які праверыў дом на наяўнасць «фундаментальных ран», што немагчыма выправіць. Вердыкт спецыяліста быў станоўчы: дом зроблены добрасумленна, з якасных матэрыялаў, і сур'ёзных канструктыўных праблем не мае.
Працэс набыцця нерухомасці ў Партугаліі
Працэс набыцця нерухомасці ў Партугаліі моцна адрозніваецца ад беларускага і складаецца з некалькіх этапаў.
Пасля таго, як дом абраны, заключаецца дамова, паводле якой пакупнік уносіць дэпазіт — у выпадку Ключнікаў гэта былі 20% ад кошту.
Грошы на куплю пераводзяцца не наўпрост прадаўцу, а на спецыяльны рахунак юрыста, які выступае гарантам. Менавіта юрыст выпісвае фізічны банкаўскі чэк, які перадаецца ў момант падпісання фінальнай дамовы.
Па словах блогераў, фінальная здзелка ў натарыуса некалькі разоў адкладалася, аднойчы яна сарвалася з-за агульнанацыянальнай забастоўкі падатковай службы.
Не абышлося і без кур’ёзаў: пасля падпісання папер Вадзім і Алеся выпадкова з’ехалі з ключамі, забыўшыся перадаць прадаўцу банкаўскі чэк. Давялося тэрмінова вяртацца.

Што далей будуць рабіць з домам
Блогеры падкрэсліваюць, што не збіраюцца аднаўляць дом у гістарычным стылі. Гэта будзе сучаснае жыллё. Для сям’і гэтая купля стала сімвалам заканчэння доўгага перыяду нявызначанасці.
«Гэты дом — як нашае жыццё. Такія разваліны трохі. Гэта такі тэрапеўтычны эфект — вось з гэтых развалін зрабіць нешта класнае. Быццам бы даць сабе шанец на нешта новае. Не з чыстага ліста, а з выпраўленнем нейкіх ранаў, касякоў. Я ўпэўнена, што мы прыйдзем да нейкага класнага варыянта. (…) Калі я прыйшла сюды, я адчула, што ў мяне зноў зямля пад нагамі. Быццам бы ты зноў стаіш на сваёй зямлі», — кажа Алеся ў відэа.
Вадзім дадае: «Гэта не спроба вярнуць нешта страчанае, вярнуць мінулае альбо зрабіць, як было раней. Не, мы хочам пабудаваць нешта новае. Мы ўжо іншыя, час змяніўся, дзеці выраслі. (…) Мы не хочам жыць мінулым. Мы хочам ствараць нешта цяпер і атрымліваць ад гэтага асалоду».
Наперадзе ў сям’і Ключнікаў — вялікая будоўля, якую яны плануюць падрабязна паказваць на сваім канале, які за час іх эміграцыі вырас у сем разоў і налічвае ўжо больш за 740 тысяч падпісчыкаў.
Уладальнікі знакамітага «дома мары» пад Мінскам распавялі Дудзю, чаму прадалі дом і эмігравалі
Блогеры пабудавалі вялікі і вельмі дарагі дом пад Мінскам, пражылі там усяго год і прадалі яго — здагадайцеся чаму
«Паводзіў сябе нахабна і абуральна». YouTube-блогера арыштавалі на 10 сутак за «перашкоду» агляду дома
Каментары