«Дзяўчына ў кібербяспецы — не ўнікальная з’ява». Як беларуска жыве ў Коўне i працуе ў банку
Адэля прыехала ў Лiтву вучыцца ў 2021 годзе. Зараз дзяўчыне 23 гады, яна жыве ў лiтоўскiм Коўне, працуе ў банку: Адэля — менеджар па кiбербяспецы. Devby яна расказала, як абрала сваю спецыяльнасць i будуе кар’еру, а таксама, чаму AI яе не заменiць (ну, альбо зробiць гэта вельмi няхутка).

«Высветлiла, што Вiленскi унiверсiтэт зладзiў праграму для студэнтаў з Беларусi»
— Я жыву ў Лiтве са жнiўня 2021 года. Дагэтуль я вучылася на мехмаце БДУ, але ж нас, студэнтаў, пачалi «трэсцi» — да аднагрупнiкаў прыходзiлi з вобшукамi, па рандому. Затрымлiвалi тых, хто хадзiў да рэктара Караля i падпiсаў петыцыю (з заклiкам спынiць гвалт у дачыненнi да мiрных грамадзян).
Яшчэ раней я хацела з’ездзiць у Лiтву па праграме Erasmus — тады БДУ яшчэ працаваў з Вiленскiм тэхнiчным унiверсітэтам iмя Гедыміна. А потым, калi пачалiся пераследы студэнтаў, я загуглiла, як падацца ў гэтую ВНУ i высветлiла, што iншы унiверсiтэт — Вiленскi — зладзiў праграму для студэнтаў з Беларусi, якiя не падтрымлiваюць рэжым. На галоўнай старонцы iх сайта была вялiзная аб’ява.
Я праглядзела праграмы, больш за ўсё мяне зацiкавiла праграма «Iнфармацыйныя сiстэмы i кiбербяспека», факультэт знаходзiцца ў Коўне. Потым злiставалася з куратарам — даслала ёй свае адзнакi. Яна адказала: «Ну, усё добра! Калi хочаце — прыязджайце, але ж зараз няма нiводнага бясплатнага месца». Мне гэта не падыходзiла, бо навучанне каштавала 4860 еўра за год, а яшчэ трэба было неяк жыць у Лiтве.
Яшчэ праз два тыднi куратар зноўку напiсала мне: цi то яны атрымалi субсiдыю, цi то нехта адмовiўся ад свайго месца — але ж яны маглi ўзяць мяне бясплатна.
Можна сказаць, што мяне залiчылi пераводам — але я трапiла на другi семестр, бо ў мяне не хапiла адзнак па трох прадметах. Маё навучанне пачалося з лютага — i таму яно спачатку вялося анлайн, то бок я была дома ў Мiнску. А ў жнiўнi я пераехала ў Коўна.
«Вучылi аналізаваць кiберрызыкi, здабываць з электронных прыладаў выдаленую інфармацыю»
Зараз праграмы для беларусаў у маiм унiверсiтэце няма — на наступны 2022 год усе месцы аддалi ўкраiнцам. Але ж для грамадзян не з Еўрасаюзу ёсць іншыя праграмы — і беларусы пад гэта таксама падпадаюць, то бок яны могуць і зараз атрымаць бясплатную адукацыю ў Вiленскiм універсiтэце.
На маёй спецыяльнасцi спачатку было сем альбо восем беларусаў, астатнія — украінцы, літоўцы. Таксама ў нас былі студэнты з Егіпта і iншых краiн. Людзей было зашмат — але потым усё менш i менш, пакуль не засталося чалавек дванаццаць-трынаццаць.
Навучанне ў нас вялося па-ангельску. Мне было не цяжка, бо ў мяне з дзяцінства добрая ангельская — мае бацькі разумелi: чым раней пачнеш даваць дзіцяці замежную мову, тым лепш для яго. Я не ведаю аніякіх правілаў — але ж размаўляю i пiшу без памылак, у мяне ангельская мова недзе на «падкорцы».
Акрамя кiбербяспекi ў Вiленскiм унiверсiтэце можна было абраць класiчнае праграмаванне, фізіку цi эканомiку. Мая спецыяльнасць — гэта нешта пасярэдзiне: мы i крыптаграфію вывучалi, i праграмаванне, i розныя матэматыкі. Але было шмат такіх прадметаў, калi нас вучылi аналізаваць кiберрызыкi, здабываць з тэлефонаў i iншых электронных прыладаў выдаленую інфармацыю, знаходзiць лiчбавыя сляды і гэтак далей.
Рознiца памiж беларускай ВНУ і літоўскай — вельмі вялікая:
- да цябе па-іншаму ставяцца — з большай павагай, як мне падалося;
- ты маеш права абiраць прадметы: калi ў БДУ кожны студэнт павiнен вывучаць фiласофiю, то тут можна выбраць — i замянiць iншым прадметам;
- выкладчыкi агулам больш лаяльныя да студэнтаў.
Калi на мехмаце Ніна Уладзіміраўна хадзiла па кабiнетах і правярала, хто на парах, а хто — не; то ў еўрапейскім універсітэце гэта ўвогуле не важна: ты можаш наведваць лекцыi або вучыцца самастойна, весцi канспект або не — ўсё неабходнае ёсць у Moodle (платформа для дыстанцыйнага навучання), ты толькi своечасова здавай іспыты ды ўкладайся ў дэдлайны.
Дарэчы, у БДУ таксама быў Moodle, але ж, мне падаецца, нейкая бясплатная версiя, бо калi ў ковiд на анлайн-пару заходзiла трыццаць чалавек — адбывалася DDoS-атака, усё падала.
«Адшукала электронны адрас біржы працы, зрабiла CV i адправiла»
Сумяшчаць навучанне ў ВНУ з працай можна — i нават трэба, бо жыць у Еўропе вельмi дорага. Я пачала працаваць на чацвёртым цi пятым семестры, але ж не фул-, а парт-тайм.
Працу знайшла праз літоўскую працоўную бiржу. Спачатку я шукала праз LinkedIn, i мне здавалася, так доўга, амаль два тыднi (гэта зараз разумееш, што гэта нічога) — i нiводнага сумоўя. Тады я адшукала электронны адрас біржы працы, зрабiла CV i адправiла.
Мне здаецца, гэта было ў нядзелю ўвечары. А ў панядзелак мне патэлефанавала жанчына Аксана, яна размаўляла па-руску. Спытала, што я шукаю. Я адказала, што, канечне, я б хацела штосьці звязанае з тэхналогіямі. I яна сказала: «Добра!» — i ўладкавала мяне ў маленькую лагістычную кампанію ў customer support.
Праца не цяжкая, калi разабрацца: кліенты робяць цiкеты ў Jira, а ты шукаеш у базах даных, што iх турбуе — напрыклад, чаму не друкуецца бар-код цi чаму не зарэгістравалася нейкая пасылка, выпраўляеш. Для першай працы — ідэальна, мне здаецца.
Што мне падабалася: не трэба было ні з кім размаўляць па тэлефоне, што вельмі, вельмі важна, бо я ж так сабе размаўляла па-лiтоўску — уся праца ў Jira. Канечне, трэба было вывучыць сістэму, дзе што захоўваецца, — то бок архітэктуру. Але ж потым, вывучыўшы ўсё, ты проста тыцкаеш, куды трэба.
Плацiлi мне нядрэнна па літоўскіх мерках — за 20 гадзін у тыдзень 500 еўра на рукі (за вылiкам падаткаў).
«Я прачыналася у 4:30, узiмку у 7:00 ужо была ў офiсе, улетку — у 8:00»
У лагiстычнай кампанii я адпрацавала паўгады. Жыла сцiпла: мой заробак у 500 еўра пакрываў толькi арэнду кватэры ды «камуналку» (я плацiла 375 еўра) — i заставалася яшчэ 125 еўра на прадукты. Але ж мне бацькi дапамагалi грашыма.
Нейкую суму я падзбiрала, пакуль навучалася анлайн. Вiленскi ўнiверсiтэт прызначыў мне стыпендыю ў 200 еўра ў месяц на першы мой семестр — i ў вынiку атрымалася 800 еўра.
Я не стала жыць у iнтэрнаце, а знайшла вельмі добрую кватэру ў самым цэнтры Коўны — вельмi маленькую, у мансардзе — пад самым дахам. Але ж яна i каштавала няшмат. Там была кухня, душ ды туалет, стол для заняткаў i вялiкi ложак — i ўсё толькi маё. Дарэчы, месца ў iнтэрнаце ў той час каштавала каля 150 еўра.
Наступны мой працадаўца — Western Union — знайшоў мяне ў LinkedIn i ўзяў на пазiцыю major incident manager + real time monitoring specialist: я наладжвала алерты i сачыла за тым, як працуюць сістэмы, каб вырашаць праблемы раней, чым яны перарастуць у major incidents. Мая праца была звязаная з тэхналогіямі, але гэта не інжынерынг (i ён нiколi не быў мне цiкавы).
Сумяшчаць навучанне ў ВНУ і працу фул-тайм было цяжэй, чым працаваць парт-тайм у лагiстыцы i вучыцца, — я не хадзiла ў той час ва ўнiверсiтэт.
Даводзiлася ездзiць у офiс у Вiльню. Я прачыналася у 4:30, узiмку у 7:00 ужо была ў офiсе, улетку — у 8:00. Тады я даведалася, што шмат людзей кожны дзень ездзяць з Коўна ў Вiльню i назад: праз паўгады я пазнавала амаль кожны твар ў электрычцы.
Амерыканцы ў Літве плацяць не вельмі шмат — здаецца, нават ніжэй за рынак, але ж мне было добра, бо я яшчэ жыла на той кватэры і зарабляла цэлую 1000 еўра на рукi. А потым мне павысілі заробак да 1100, але ж на рукі атрымлівалася нават больш, бо я працавала i ў святы — напрыклад, на Каляды і ў Новы год, і ўвечары.
У нас было так: калi мiтынг з ЗША, то гэта лiчылася за авертайм — я атрымлiвала ў паўтары разы больш, а за авертайм у свята — у два разы. На мiтынгi з Амерыкай прыходзiлася то раней прыехаць, то пазней пайсці дадому (то бок не у 16:00, як звычайна, а у 18:00). У мяне быў перапынак на ланч — адна гадзiна, але ж я прыносiла ланч-бокс з сабой i за дзесяць хвілін паспявала ўсё з’есцi, — а ў астатнiя пяцьдзясят хвілін у мяне быў «нэп» (хто не зразумеў, я спала).
Вучылася я ў цягнiку на Вiльню i назад i ўвечары пасля працы, а таксама ў суботу-нядзелю.
«Дзяўчына ў кібербяспецы — не ўнікальная з’ява, у маім асяроддзi жанчын шмат»
Напэўна, я выгарэла. Ад нас сышоў чалавек — і замену яму шукалі паўгады. Я ўвесь гэты час працавала адна як real time monitoring specialist, а iншыя калегi, якiя былi толькi major incident mangers, не маглi дапагаць, бо самi былi вельмi занятыя, — і гэта было вельмі цяжка. Нават мой менеджар рабiў day-to-day work, якую ён не павiнен быў рабiць — але ж не было iншых рэсурсаў.
Потым чалавека знайшлi, але ж яго трэба было два месяцы ўсяму навучаць, бо ў нас было вельмі шмат розных тулаў — растлумачыць усё. Тут яшчэ змянiўся мэнеджмент — а я дагэтуль прасiла мяне павысiць, ну i мне далi зразумець, што чакаць мне гэтага яшчэ мiнiмум паўгады, а цi павысяць, нiхто не ведае. Мой менеджэр, вельмі добры чалавек, сказаў, што ён не можа даць анiякiх гарантый — здарыўся фрыз.
Ну, i натуральна, я пачала шукаць новую працу. Я хацела працаваць у кiбербяспецы — а такая праца часцей за ўсё ў фінансавых арганізацыях ці банках: я адправiла, мабыць, 30 рэзюме праз LinkedIn — i мяне пазвалi на iнтэрв’ю ў балтыйскi банк.
У банку я была спачатку technology audit coordinator, а таксама IT risk analyst, ну, а потым перайшла на пазіцыю offensive security process manager у адзел кiбербяспекi. Прыйшла я на заробак у два разы большы, чым у мяне быў дагэтуль, — i за паўтары гады яшчэ вырасла.
Дарэчы, дзяўчына ў кібербяспецы — не ўнікальная з’ява, у маім асяроддзi жанчын шмат, у нас яны пiшуць усю дакументацыю. А мужчын ўсяго тры каманды iнжынераў — прыкладна 15 чалавек. Але ж я мяркую, так здарылася, бо ў нас працуюць толькi сеньёры пад 30-40 гадоў, а 10-20 гадоў таму дзяўчын, якiя б вучылiся на iнжынераў, проста было менш. Ну i гэта вельмi вузкая праца: мы шукалi аднаго спецыялiста — хайрынг iшоў да шасцi месяцаў.
У нас працуюць i літоўцы, і латышы, ёсць македонец і іспанец, з Англii ёсць людзi — агулам, з усёй Еўропы.
«Калегi могуць папрацаваць трошкі больш, бо iм цiкава нешта высветлiць. Такi здаровы iнтарэс»
Зараз кажуць, што AI заменiць многiх айцiшнiкаў, але ж усё, што я раблю, грунтуецца на размовах з людзьмі — на разуменні, як што працуе ўнутры кампаніі i як зрабiць так, каб усё гэта адпавядала міжнародным стандартам. AI яшчэ не навучыўся так задаваць пытанні, i пісаць так не навучыўся.
Як process manager я кантралюю, каб усе напiсаныя працэсы працавалi, — я iх накіроўваю. I я не веру, што заўтра гэта зможа рабiць AI — з людзьмі працаваць няпроста.
Мне мая праца падабаецца. Я працую на рэмоўце, мая каманда з большага ў Рызе, але ж частка людзей у Вiльнi — раз-пораз я езджу туды ў офiс, каб проста пабачыцца.
Дарэчы, калi ў нас у Вiльнi нейкі воркшоп, я магу сабе нумар у гатэлi зняць, каб не вяртацца ўвечары дадому — кампанiя ўсё пакрые, таксама як i квіткі альбо бензін.
У нас у камандзе, здараецца, авертаймяць — але ж, мне здаецца, гэта ад чалавека яшчэ залежыць. Каб працаваць у кiбербяспецы, ты павiнен гарэць сваёй справай — i я бачу iншым разам, што калегi могуць папрацаваць трошкі больш, бо iм цiкава нешта высветлiць, «пакруцiць». Ну, такi здаровы інтарэс.
А наогул, праца ў нас павольная, без галернага iрвення. Канечне, бывае i так, што Еўрапейскі цэнтральны банк выпускае нейкiя дакументы — i табе трэба правяраць, цi ўсё ў працэсах падыходзіць, нешта нават трэба перапісваць. Але ж такое раз у год.
«Кажуць, што ў Коўне няма чаго рабіць, — але яны проста не ведаюць, дзе гэта шукаць»
Я вучу лiтоўскую мову, бо вельмі хутка мне трэба падавацца на ПМЖ. Чужую гаворку разумею няблага — недзе на А2, а вось размаўляю горш — на А1.
Я ўжо казала, што жыву ў Коўне — а тут усе размаўляюць па-літоўску, паразумецца па-руску амаль немагчыма: літоўцы нават абражаюцца, калi ты звяртаешся да iх на рускай мове.
Але ж як яны радуюцца, калi ты спрабуеш нешта сказаць па-лiтоўску — нават з памылкамi, не звяртаючы ўвагi на род цi лiк. Яны кажуць: «О, як у вас добра атрымлiваецца! Вам трэба практыкавацца яшчэ — размаўляйце, як можаце, толькі гаварыце, калi ласка, не саромцеся!» — i гэта надае смеласцi.
Я вучылася на курсах — яны вельмi простыя: там даюць алфавiт, ну i нейкiя фразы ды выразы, каб ты мог падтрымаць размову, нешта спытаць у краме. Каштуюць такiя курсы 200 еўра два заняткi на тыдзень (па дзве акадэмiчныя гадзiны) цягам 10 тыдняў.
Ва ўнiверсiтэце ў мяне лiтоўскай мовы не было — у нас можна было вывучаць толькi замежныя мовы: французскую, нямецкую i гэтак далей, што дзiўна. Можна ўзяць курс у iншым ВНУ — i гэта маюць магчымасць зрабiць не толькi студэнты, але ж гэта будзе акадэмічная мова, то бок гэта больш для фiлолагаў. Каштуе гэта каля 350 еўра за семестр.
Я б хацела застацца жыць ў Коўне i далей. Гэта вельмі камфортны для мяне горад i вельмі літоўскі, што мне падабаецца. Многія кажуць, што там няма чаго рабіць, але для мяне там шмат чаго можна рабіць — а тыя, хто так кажа, проста не ведаюць, дзе гэта шукаць.
Лiтва прыняла мяне так неверагодна добра — я вельмі ўдзячная ёй за гэта, і хацела б сваёй працай i падаткамі падтрымаць гэту краіну. Мне тут вельмі падабаецца, i я пакуль не хачу нікуды з’язджаць.
Тут ёсць фестываль Aura i вельмi добры драматычны тэатр, а ўлетку праводзяцца джаз-фестывалі па ўсiм горадзе. Я люблю проста гуляць па Коўне цi катацца на ровары, тут шмат бясплатных кортаў i баскетбольных i валейбольных пляцовак, там нават iнвентар бясплатны.
А яшчэ ў Коўне ёсць проста найлепшы басейн: я шукала такі ж у Вiльнi, калi збiралася пераязжаць — не знайшла. Там дванаццаць саун. Квiток на тры гадзiны каштуе 19 еўра, але ж я купляю абанемент, бо ён таннейшы, і хаджу два разы на тыдзень.
У фэйсбуку ёсць старонка, куды выкладваюць афiшу мерапрыемстваў, якiя лядзяць ў горадзе, — i я часта iх наведваю. Безумоўна, у Вільні больш усяго, але ж у Вільню не вельмі цяжка з’ездзіць. Але я для сябе зразумела, што не хачу жыць у вялiзным горадзе — Коўна якраз па мне.
Каментары