Пакуль неяк так: выйшла кніга пра жыццё моладзі Мінска ў 2023-м
Калі б не фінал, я б сказала, што Макар — гэта наша беларуская Салі Руні. Ці, улічыўшы фінал: Руні ва ўмовах дыктатуры, піша Зося Лугавая.

Гэта кніга пра моладзь, якая застаецца ў Беларусі. Хто яны? Чым займаюцца? Як успрымаюць сябе, свет? Якімі бачаць перспектывы? Што яны рабілі ў 2020-м? Якія перакананні маюць і ці маюць іх увогуле?
«Апошняе пакаленне» — гэта не сацыялагічнае даследаванне, гэта мастацкі тэкст, які змяшчае ў сабе два тыдні менскага лета 2023 года. Але адказы ў ім ёсць.
Словазлучэнне, што стала назвай кнігі, можна разумець па-рознаму. Апошняе — гэта найноўшае; тое, што цяпер? Альбо тое, пасля якога ўжо нічога не будзе, на якім усё скончыцца?
Сярод герояў ёсць тыя, якія выбіраюць жыць сваё ўласнае жыццё, не зважаючы на падзеі ўнутры і па-за межамі краіны. Ёсць тыя, хто свядома прыстасоўваецца. Хтосьці, як галоўны герой Мікіта, адчуваюць моцны дыскамфорт ад таго, што адбываецца, і ад сваёй няздатнасці хоць нешта змяніць. Ёсць і тыя, хто спрабуе дэманстраваць сваю нязгоду, адчайна і недальнабачна.
«Хопіць шкадаваць пра ўсё, хопіць ненавідзець усё навокал, жыццё працягваецца! Ад таго, што я буду есці сябе, нічога не зменіцца. Зменіцца. Я не буду чарговым підарасам, што ходзіць па вуліцах і радуецца гэтаму паміраючаму свету».
У кнізе ёсць свая адметная атмасфера. Задушлівая гарадская спёка, у якой усё адчуваецца несапраўдным. Усё — нейкая імітацыя жыцця: і офісная праца, і тусоўкі пры канцы працоўнага тыдня, і фестываль у Браславе. Нават сяброўства тут млявае, напаўжывое. Хіба што даўняя сяброўка галоўнага героя, з якой яны разам здымаюць кватэру, апантаная рэальнай праблемай. Аднак паводзіцца бязглузда, і сам Мікіта яе мала займае. Той жа, няхай і нязграбна, але намагаецца дапамагчы.
Тэкст просты, але добра перадае час. Запаволенасць, затоенасць, апатычнасць. Доўгі час адзінае, што адбываецца, — гэта бясконцыя абмеркаванні працоўных пытанняў рэкламнага агенцтва. Мікіта пакутліва ездзіць на працу, няўцямна бавіць выходныя, зацягвае дэдлайны, млява камунікуе з калегамі і сябрамі. Момантамі падаецца, што ўжо проста немагчыма далей цягнуць, штосьці мусіць адбыцца. І так, яно адбудзецца, але ў апошняй чвэрці кнігі.
«Усё гэта выглядае неяк няправільна… Нават тое, што мы цяпер тут стаім, што мы робім, што збіраемся ехаць на фэст. Ды што мы папросту працуем на тое, каб людзі лічылі, што ўсё нармальна! Рэклама вісіць, трамваі ходзяць. Усё за*біся!»
Галоўны герой вяртаецца ў думках да таго, што адбывалася ў 2020-м, расказвае пра сяброў, якія паступова разбегліся з Беларусі. З тымі, што застаюцца, ён мала што абмяркоўвае: з кімсьці яшчэ можна перакінуцца словам пра тое, што баліць, але з большасцю ён абірае не закранаць тонкіх тэмаў увогуле. Аднак апатычнасць тых, хто застаецца, вярэдзіць ягоныя раны менш, чым «новае жыццё» тых, хто з’ехаў. Ён адчувае сваім абавязкам ведаць навіны, чытае ці хаця б праглядае тэлеграм-каналы штодзень. Непрачытаныя навіны выклікаюць большую фрустрацыю, чым прачытаныя.

«У дваццатым годзе мы разам хадзілі на маршы, разам бегалі ад касманатаў, а цяпер па розныя бакі жалезнай заслоны. Напэўна, гэта я павінен быў выехаць, а не ён. Бо пасля таго, як Паша апынуўся ў Польшчы, увесь яго патрыятызм пачаў спадаць. Спачатку на аватарцы замест фотаздымка з трыма сэрцамі з’явіліся жоўта-блакітныя палосачкі, а потым узнік новы здымак, зроблены ў моднай варшаўскай кавярні, якую адкрылі такія самыя ўцекачы беларусы. А ў важныя даты, калі я чытаю навіны пра маршы і мітынгі, што праходзяць праз цэнтр Варшавы, у яго сторызах бачу прыгожыя фотаздымкі вуліц і кубачкі кавы».
У кнізе цікава вырашана пытанне пераважнай рускамоўнасці беларусаў. Бо як падкрэсліць беларускамоўнасць героя на фоне рускай мовы іншых персанажаў? У «Апошнім пакаленні» рэплікі, якія героі прамаўляюць па-руску, пададзеныя на беларускай мове, але выдзеленыя курсівам. Мне гэта падаецца добрым рашэннем, бо аўтар не міксуе мовы ў межах аднаго тэкста, але падкрэслівае тое, як мала беларускай мовы ў карыстанні маладых беларусаў.
«Калі я толькі пачаў працаваць у агенцтве, то лічыў, што ідэя пісаць канцэпты і размаўляць з замоўцамі па-беларуску — гэта крута, бо так мы будзем вылучацца, нас будуць запамінаць і, як мінімум, памятаць, таму што, здаецца, за мову балюча ўсім. Літаральна праз пару тыдняў я зразумеў, што гэта ўсё пустое, і што ўсе мае ўнутраныя аргументы і спадзяванні — мае фантазіі. Мяне часта не разумелі, кліентам прыходзілася перакладаць прэзентацыі праз гугл-транслэйт. Гэтак я перайшоў на рускую ў стасунках з кліентамі».
У «Апошнім пакаленні» да балючага шмат Мінска. Маршруты перасоўванняў Мікіты, метро і і аўтобусы, крамы і бары. Шырокія вуліцы, на якіх немагчыма схавацца ад сонца. Пазнавальныя лакацыі і змены, якія паспелі адбыцца. Аўтар кідае некалькі словаў, і яны соладка-балюча адбіваюцца ўнутры: «Будынкам тут трэба зусім крыху святла, каб яны пачалі ззяць самі, бо і без таго маюць цёплы мінскі колер». Ці не пра тыя гэта бэжавы, персікавы і брудна-ружовы колеры, над якімі мы любілі кпіць? Але вось у такой фармулёўцы, з такім бачаннем — сэрца шчэміць.
Варыянтаў, чым такая гісторыя магла скончыцца ў рэальным жыцці, — няшмат, літаральна два-тры. Вось адзін з іх і адбываецца.
Макар. Апошняе пакаленне. — Варшава: Янушкевіч, 2024
Каментары