Масква ўдарыла па Мікалаеве з дапамогай іранскіх дронаў «шахед». Як паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім, у выніку начнога налёту пацярпелі дзесяць чалавек, двое з іх шпіталізаваныя.

Разбурэнні закранулі як жыллё, так і гаражныя кааператывы: пашкоджаныя дзевяць шматпавярховікаў, тры аўтамабілі, трыццаць гаражоў і адно адміністрацыйнае памяшканне. У некаторых месцах пачаліся пажары, але іх аператыўна ліквідавалі.
Не менш напружанай была ноч і для Кіева: там зафіксавалі 30 беспілотнікаў, 16 з іх украінская СПА знішчыла. У выніку падзення абломкаў дронаў у Галасееўскім раёне здарыўся пажар на складах, а ў Дарніцкім раёне разбураны прыватны дом. Дзве жанчыны атрымалі лёгкія траўмы.
Адначасова Масква абвясціла пра масіраваную атаку беспілотнікаў на сваю тэрыторыю. У ноч на 10 красавіка былі збітыя дзясяткі дронаў: па 13 над Бранскай і Курскай абласцямі, 12 — над Калужскай, чатыры — над Белгародскай, а таксама па адным — над Арлоўскай і Маскоўскай абласцямі. Яшчэ чатыры дроны нібыта збілі над анексаваным Крымам.
Каментары