Канфлікт у Organic Maps. Як адгалінаванне ад афлайн-мапы Мельнічка трапіла «пад санкцыі» і што цяпер будзе
У сакавіку рэпазіторый на GitHub опэнсорснага праекта Organic Maps цягам двух тыдняў знаходзіўся ў архіўным рэжыме. Потым праблему вырашылі, але выявіліся больш сур’ёзныя, піша Devby.io.

Што адбылося
У сярэдзіне сакавіка GitHub перавёў у архіўны рэжым рэпазіторый опэнсорснага праекта Organic Maps (форк, або адгалінаванне, ад Maps.me) — так, што ён стаў даступны толькі для чытання.
У акаўнце аднаго з кантрыб’ютараў праекта з’явілася папярэджанне пра блакіроўку з-за знаходжання ў падсанкцыйным рэгіёне.
Дыскусія ў афіцыйнай тэлеграм-групе праекта праліла святло на падрабязнасці: блакіроўка адбылася пасля таго, як распрацоўшчыка, чый акаўнт на GitHub ужо быў пад санкцыямі, перавялі ў статус уладальніка рэпазіторыя Organic Maps.

Следам за гэтым высветлілася, што заснавальнікі праекта — расіянін Раман Цісік (з аднаго боку) і беларусы Віктар Гавака і Аляксандр Барсук (з другога боку) — знаходзяцца ў канфлікце. Паводле слоў Барсука, Цісік «без папярэджання выпіліў» (верагодна, пазбавіў статусу owners) абодвух беларусаў і «ўставіў» іншага распрацоўшчыка, «пасля чаго GitHub праект адразу ж заблакаваў».
Organic Maps
бясплатная аплікацыя для аўтаномнай навігацыі з адкрытым зыходным кодам, якая выкарыстоўвае картаграфічныя дадзеныя з OpenStreetMap. Працуе афлайн пасля папярэдняй запампоўкі карт. Распрацоўваецца супольнасцю валанцёраў. Кіруецца юрыдычнай асобай, зарэгістраванай у Эстоніі.
Праект Organic Maps адгалінаваўся ад распрацаванага беларусамі картаграфічнага сэрвісу Maps.me пасля таго, як у 2020 годзе Mail.ru Group прадала сэрвіс кампаніі Daegu Limited.
Праз месяц пасля ўгоды на iOS выйшла абнаўленне Maps.me, якім многія карыстальнікі засталіся незадаволеныя. У выніку члены старой каманды Maps.me Аляксандр Барсук і Віктар Гавака, а таксама Раман Цісік запусцілі ініцыятыву па аднаўленні выгляду аплікацыі да абнаўлення. Да іх далучыліся карыстальнікі сэрвісу. Так нарадзіўся праект Organic Maps. Ён робіць акцэнт на канфідэнцыяльнасці, заяўляючы, што не адсочвае месцазнаходжанне карыстальніка і не збірае асабістыя даныя.
Прэтэнзіі Цісіка да Барсука і Гавака таксама былі апублікаваныя ў чаце.
У іх тры пункты: «канфлікт каштоўнасцяў», «карпаратыўны канфлікт» і «фінансавы канфлікт». Апошні тычыцца таго, як выдаткоўваліся данаты, атрыманыя ад супольнасці. У лісце да каманды Цісік таксама пацвярджае, што пазбавіў статусу ўладальнікаў у GitHub Гавака і Барсука, «паколькі яны паводзяць сябе як адзінае цэлае».
У эстонскай юрасобе, якой належыць гандлёвы знак Organic Maps і акаўнты ў сторах (але не код, ён — супольнасці), два ўладальнікі: Раман Цісік з адной трацінай долі і Віктар Гавака з дзвюма трацінамі (у чаце Віктар сцвярджае, што дэ-факта палова яго долі — Аляксандра Барсука).
Па словах Цісіка, для прыняцця ключавых рашэнняў неабходна 76%, і гэта «поўны тупік».

Праз два тыдні пасля блакіроўкі на GitHub прадстаўнікі Organic Maps паведамілі пра міграцыю распрацоўкі на платформу Forgejo.
Каманда перавезла на новую платформу рэпазіторый з 54 тысячамі commits, 9,5 тысячы issue, 4,3 тысячы pull request і 100 тысячамі каментарыяў.

Практычна адначасова GitHub зняў свае абмежаванні, але Цісік у чаце выказаў сумневы, ці варта вяртацца з Forgejo на GitHub.
Па словах Віктара Гавака devby, рэпазіторыем на новай пляцоўцы, Forgejo, яны з Аляксандрам Барсуком таксама не распараджаюцца — «толькі Раман».
Віктар Гавака не стаў каментаваць падрабязнасці канфлікту, аднак выказаў надзею на цывілізаваны развод фаўндараў і запэўніў, што «праект дакладна будзе жыць».
Цісік на пытанні devby не адказаў.
Што кажа супольнасць
Уласна кажучы, такія ж пажаданні выказваюць у чаце і шараговыя ўдзельнікі опэнсорснага праекта.
«Хлопцы, у вас выдатны праект! Не загубіце яго!»
«Праект неверагодна круты! Лепшы ў сваёй катэгорыі. І дзякуючы адкрытасці коду ён павінен перажыць любую турбулентнасць (in the long run). Падобная сітуацыя з фаўндарамі звычайна вырашаецца або перамовамі з фіксацыяй пазіцый па кожным пункце (магчыма, з прыцягненнем медыятараў), або падзелам борда\праекта. У абодвух выпадках важны давер супольнасці. Празрыстасць = дабро».
«На практыцы прапісанне і прыняцце фінансавых правілаў кампаніі можа стаць вырашэннем патавай сітуацыі. Калі прыняць правілы, якія задаволяць усіх удзельнікаў і акцыянераў, гэта фундаментальна вырашыць першапачатковую прэтэнзію пра нерэгуляванае выкарыстанне сродкаў.
Таксама, калі ёсць намер у будучыні павялічваць капіталізацыю\абарот кампаніі — гэта ў любым выпадку давядзецца зрабіць. Гэта забяспечыць магчымасць маштабавання.
Можна прызначыць заробкі менеджменту або дывідэнды шэрхолдарам. Можна нават загадзя прыняць план кампенсацыі пры дасягненні пэўных паказчыкаў. Затым выплаты робяцца рэгулярна згодна з прынятым планам з вывадам сродкаў з бізнэс-рахунку кампаніі.
Зразумела, што на пачатковым этапе значна прасцей было кіраваць фінансамі ўручную ў моманце. Але, судзячы па канфлікце, выглядае на тое, што кампанія і праект перараслі гэтую стадыю».

Як уладкаваны опэнсорс
Што значыць «выпіліць фаўндараў з рэпазіторыя» ў свеце опэнсорсу? Як наогул ўладкаваныя опэнсорс-праекты і як у іх звычайна «разводзяцца»? Папрасілі распавесці фаўндара двух опэнсорс-праектаў — jsDelivr і Globalping — Дзмітрыя Акулава.
Дысклеймер ад Дзмітрыя Акулава
Дзмітрый папярэдзіў, што ён не юрыст, нічога не ведае пра кейс Organic Maps і ўяўлення не мае, хто мае рацыю. Ягоны погляд на ўладкаванне опэнсорс-праектаў заснаваны на асабістым досведзе кіравання праектамі з адкрытым зыходным кодам і прыцягнення інвестыцый.
Паводле Дзмітрыя, большасць такіх праектаў увогуле не клапоцяцца пра юрыдычнае афармленне, у такім выпадку ўсё належыць уладальніку акаўнта і дамена. Кантрыб’ютары могуць патрабаваць сваю долю, аднак іх правы будуць залежаць ад ліцэнзіі і юрысдыкцыі праекта. У любым выпадку, адстаяць свае правы іншым удзельнікам (калі яны гэтага захочуць) будзе няпроста.
Калі ж праект аформлены як юрыдычная асоба (выпадак Organic Maps — devby), у ім дзейнічаюць тыя ж правілы, што і ў любым стартапе. І так, яго можна прадаць, хоць аб’ектыўна гэта і няпроста.
— Усе ўліковыя запісы, коды, дамены і іншыя актывы пераходзяць да кампаніі, — кажа Дзмітрый. — Кантрыб’ютараў папярэджваюць, што яны не маюць юрыдычных правоў на код. У такім выпадку проста так выключыць каго-небудзь з уладальнікаў не атрымаецца — трэба або выкупіць яго долю, або скарыстацца пунктам у дамове, які абараняе ад злоўжыванняў і з якім усе пагадзяцца. Гэта стандартны працэс для любога стартапа/невялікай кампаніі. Адкрыты код тут нічога не змяняе.
То-бок, супольнасць не можа валодаць кодам?
«Супольнасць» — гэта абстрактная сутнасць, яна нічым не можа валодаць. Канкрэтныя людзі валодаюць канкрэтнымі рэчамі. Кантрыб’ютары маюць доступ да коду паводле ліцэнзіі, але не права ўласнасці на яго.
Калі існуе юрыдычная асоба, якая валодае брэндам і ўліковымі запісамі, то, хутчэй за ўсё, яна таксама валодае і кодам. У статуце кампаніі і кантрактах акцыянераў прапісана, хто чым менавіта валодае.
Стартапы, што выкарыстоўваюць опэнсорс як бясплатную працоўную сілу, з’явіліся не ўчора. Любы праект з адкрытым зыходным кодам, які з цягам часу стаў паспяховай кампаніяй, дамогся гэтага дзякуючы кантрыб’ютарам і цяпер прадае воблачныя паслугі і ліцэнзіі, не дзелячыся прыбыткам з імі.
Ці часта здараюцца канфлікты ў опэнсорс-праектах і як яны вырашаюцца?
Часцей за ўсё адносіны высвятляюць за кулісамі. А самы папулярны выхад з канфлікту — рашэнне зрабіць fork (адгалінаванне, новы праект — devby). Калі ў асноўнай камандзе ці паміж камандай і супольнасцю існуюць разыходжанні і праект не мае афіцыйнага ўладальніка, ад яго проста аддзяляецца новы праект з падобнай назвай і працягвае развівацца далей. Так было шмат разоў: Ublock і Ublock Origin, Elastic search і Open search, усе «форкі» Redis…
Я бачыў, як гэта бывае. Часта падзеі разгортваюцца паводле аднаго і таго ж сцэнарыя:
- Ты запускаеш класную ідэю і распрацоўваеш яе бясплатна.
- Пачынаеш збіраць данаты і прыцягваць кантрыб’ютараў.
- Разумееш, што асабліва ніхто не данаціць і на нармальную зарплату не хапае.
- Праект расце, і з’яўляецца магчымасць ператварыць яго ў камерцыйную кампанію.
- Ты карыстаешся гэтай магчымасцю — і раздражняеш супольнасць.
- Супольнасць злуецца, піша блогі і твіты, можа нават форкнуць праект.
- Ты канцэнтруешся на бізнэсе, а опэнсорс-праект, хутчэй за ўсё, памірае. Кампанія пры гэтым, можа быць, выжыве.
Ідэальны сцэнарый, вядома, калі вялікая кампанія наймае каманду распрацоўшчыкаў, каб яны працягвалі развіваць праект, таму што самі на ім завязаныя. Тады і распрацоўшчыкі атрымліваюць годную аплату, і карыстальнікі задаволеныя прадуктам. Але такое здараецца вельмі рэдка.
У сітуацыі з Organic Maps Дзмітрый, на першы погляд, бачыць звычайную спрэчку сузаснавальнікаў (а не канфлікт унутры супольнасці), таму тое, хто мае рацыю, вызначыцца ў залежнасці ад кантрактаў фаўндэраў.
— Праект таксама мае ліцэнзію Apache, таму супольнасць мае поўнае права на «форк» і працяг распрацоўкі, — кажа ён. — Але за першапачатковай арганізацыяй застаецца таварны знак і права выкарыстоўваць яго ў камерцыйных мэтах.
P. S. Тым часам, у афіцыйнай тэлеграм-групе Organic Maps члены супольнасці працягваюць нармальна працаваць над праектам.
Каментары