На борце верталёта былі пілот і сям’я турыстаў з Іспаніі: двое дарослых і трое дзяцей.

Прынамсі шэсць чалавек загінулі ў выніку падзення верталёта ў чацвер у раку Гудзон у Нью-Ёрку, піша Бі-бі-сі.
Прадстаўнікі ўладаў і ратавальнікаў Нью-Ёрку паведамілі журналістам, што на борце верталёта былі пілот і сям’я турыстаў з Іспаніі: двое дарослых і трое дзяцей.
Прычыны катастрофы пакуль не вядомыя. На відэа, якое разляцелася па сацсетках і фармальна пакуль не верыфікаванае, відаць, як верталёт падае ў раку амаль вертыкальна, перакульваючыся ў паветры.
Верталёт упаў каля самага гістарычнага цэнтра Нью-Ёрку, каля Ніжняга Манхэтэна, але на процілеглым беразе ракі Гудзон, на якім знаходзіцца Нью-Джэрсі-Сіці. Камісар паліцыі Нью-Ёрку Джэсіка Ціш распавяла на прэс-канферэнцыі, што верталёт належаў фірме New York Helicopters («Верталёты Нью-Ёрку»), якая арганізоўвала палёты над горадам для турыстаў.
Паводле звестак сайта FlightRadar, да катастрофы верталёт здзейсніў некалькі палётаў уздоўж Манхэтэна і Гудзона, кожны раз узлятаючы з верталётнай пляцоўкі ў Ніжнім Манхэтэне і вяртаючыся на яе.
Мадэль верталёта — Bell 206L-4 LongRanger IV, такія звычайна змяшчаюць сем чалавек.
Паводле слоў камісара Ціш, імёны ахвяраў катастрофы будуць апублікаваныя толькі пасля таго, як пра іх гібель паведамяць сваякам.
Каментары