Стала вядома, колькі ў 2024-м зарабілі на перапродажы БелАЗаў у Расію кампаніі, звязаныя з сынамі Лукашэнкі
Дзве вядучыя фірмы па перапродажы БелАЗаў на расійскі рынак: «Б-24» і «Аўтатэхінмаш», чые ўласнікі шчыльна звязаны з Віктарам і Дзмітрыем Лукашэнкамі, здалі фінансавую справаздачнасць за 2024 год. Іх сумесны валавы прыбытак перавысіў $150 мільёнаў.

Раней «Наша Ніва» ўскрыла сутнасць схемы, па якой кампаніі-дылеры размяркоўваюць у сваю кішэню прыбыткі БелАЗа.
На гэтай схеме сядзяць 8 дылераў.
Пра ўсе разлікі, падрабязнасці схем, аб'ёмы вываду сродкаў і перасячэнні ў біяграфіях кіраўнікоў кампаній-дылераў са старэйшымі Лукашэнкамі вы можаце пачытаць у ранейшых публікацыях.
Чытайце: «Мы адна сям’я». Дылеры БелАЗа, звязаныя з сынамі Лукашэнкі, зарабляюць, як сам БелАЗ
Чытайце: Стала вядома, колькі зарабілі на продажы БелАЗаў пасярэднікі з колаў малодшых Лукашэнкаў — гэта сотні мільёнаў даляраў на год
Грамадству добра вядомыя цэнтральныя фігуры толькі двух з іх: «Аўтатэхінмаш» і «Б-24». Раней Беларускі расследавальніцкі цэнтр вычарпальна расказаў пра сувязі заснавальнікаў «Б-24» з сям'ёй Дзмітрыя Лукашэнкі. «Наша Ніва» таксама знайшла перасячэнні ў біяграфіях заснавальнікаў «Аўтатэхінмаша» з коламі Віктара Лукашэнкі.
На гэтыя дзве кампаніі прыходзіцца амаль 60% прыбыткаў з перапродажу БелАЗаў у Расіі. На астатнія 6 кампаній — толькі 40%.
Валавы прыбытак васьмі разам узятых кампаній большы, чым валавы прыбытак завода за любы год дзейнасці з апошніх пяці.
Чыстыя прыбыткі найбольшых з гэтых дылераў за асобныя гады нават па-асобку — большыя за прыбыткі самога завода.
Пакуль спынімся на фінансавых справаздачах «Аўтатэхіншмаша» і «Б-24», якія асвяжылі сваю фінансавую справаздачнасць у расійскіх базах.
Мінулы год кампанія «Аўтатэхінмаш» спрацавала з выручкай $225,8 мільёна, валавы прыбытак склаў $76,8 мільёна. Рэнтабельнасць продажаў — 30%.
Пры такой рэнтабельнасці кампанія, якая нічым не валодае і нічога не вырабляе, пакідае сабе больш за 50% долі ў агульным прыбытку з аднаго ўмоўнага прададзенага ў Расію БелАЗа. Яшчэ 9-10% асядае на «Гандлёвым доме «БелАЗ», астатняе — заводу.
Кампанія «Б-24» паказала выручку $384,5 мільёна, валавы прыбытак склаў $87,4 мільёна. Рэнтабельнасць продажаў — 22,7%.
Куды далей выводзяцца гэтыя сродкі — невядома.
Як за мінулы год справы ў самога БелАЗа? У Беларусі дакументы засакрэчаны, але ўяўленне можна скласці па справаздачнасці Гандлёвага дома «БелАЗ» у Расіі — цераз яго ідзе ўвесь гандаль і далейшыя адгрузкі на прывеліяваных дылераў.
У 2024-м завод БелАЗ адгрузіў на расійскі «Гандлёвы дом «БелАЗ» прадукцыі на $862,2 мільёна. Пры рэнтабельнасці ў 30% валавы прыбытак заводу будзе $258,6 мільёна.
Але звяртае ўвагу і іншае.
Мінулыя гады сумы ў бухгалтарскай графе «сабекошт продажаў» кампаній «Аўтатэхінмаш» і «Б-24» раслі. А значыць, раслі аб'ёмы адгрузкі прадукцыі БелАЗа, якія цераз іх ішлі.
А вось за 2024 год у «Аўтатэхінмаша» падзенне ў «сабекошце продажаў» да ўзроўню 2023-га — на 20,7% у расійскіх рублях і на 27% у далярах па сярэднегадавых курсах за 2023 і 2024 гады.
У 2023 годзе «Аўтатэхінмаш» узяў з завода прадукцыі на $244,9 мільёна, а ў 2024 — на $178,8 мільёнаў.
Сам жа БелАЗ стаў пастаўляць у Расію менш толькі на 3% да ўзроўню 2023 года.
Якія з гэтага высновы? Імаверна, з'явілася нейкая іншая прывеліяваная кампанія-дылер, на карысць якой ад «Б-24» і «Аўтатэхінмаша» былі адрэзаны кавалкі. Або самі ўласнікі гэтых кампаній — намінальныя і сапраўдныя — сталі пераводзіць бізнэс на іншыя, яшчэ невядомыя грамадству юрыдычныя асобы.
Як мінімум, у «Аўтатэхінмаша» змяніліся афіцыйныя бенефіцыяры ў Расіі пасля выхаду расследавання «Нашай Нівы»: зніклі Ігар Драздоў і Ігар Падгорны, замест іх з'явіліся пакуль невядомыя імёны Аляксея Лавінюка (30%) і Міхаіла Чучкова (30%). Юрый Хоміч (40%) застаўся ў акцыянерах.
Каментары