Псеўдаэлектрыкі напалі на мінскага айцішніка, катавалі яго і патрабавалі больш за $300 мільёнаў
У жніўні мінулага года двое мужчын у спецадзенні пазванілі ў дзверы 45-гадовага мінскага праграміста: яны прадставіліся электрыкамі і заявілі, што ім трэба праверыць лічыльнікі.

Затым надзелі на мужчыну кайданкі і патрабавалі ў яго крыптавалюту — 5750 біткойнаў на суму больш чым 300 мільёнаў (больш за мільярд рублёў). Яны пагражалі айцішніку пісталетам, электрашокерам і ін’екцыяй наркатычных сродкаў. Але ў выніку яны не атрымалі жаданага: адзін з мужчын збег за мяжу, а другі, жыхар Гродна, быў затрыманы.
Зараз Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні гродзенца ў рабаванні і вымагальніцтве, учыненых групай асоб па папярэдняй змове з мэтай завалодання чужой маёмасцю ў асабліва буйным памеры.
Стала вядома, што абвінавачаны загадзя распрацаваў і ўзгадніў з усімі саўдзельнікамі злачынны план, а таксама знайшоў сродкі і прылады для здзяйснення злачынства.
Ад пацярпелага патрабавалі перавесці крыптавалюту на пэўны віртуальны кашалёк. Але абвінавачаны і ягоныя саўдзельнікі жаданага не атрымалі: яны сышлі, пакінуўшы адрас, па якім мінчук цягам сутак мусіў быў перавесці крыптавалюту.
Цяпер супрацьпраўныя дзеянні гродзенца кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 207, ч. 3 арт. 208 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаны пад вартай.
Каментары