З больш чым 5000 вайсковых палонных, якіх Расія вярнула Украіне, прынамсі 206 загінулі ў палоне, піша Associated Press са спасылкай на звесткі ўкраінскай Генпракуратуры.

Гвалт у расійскіх турмах, верагодна, стаў адным з фактараў, якія садзейнічалі вялікай колькасці смерцяў ваеннапалонных, заявілі прадстаўнікі праваабарончых груп, ААН, украінскага ўрада і ўкраінскі судмедэксперт, які праводзіў ускрыцці целаў ваеннапалонных.
З 206 памерлых у зняволенні ўкраінскіх ваеннапалонных больш за 50 загінулі пры ракетным удары па калоніі ў Яленаўцы летам 2022 года, які, згодна з высновамі экспертаў маніторынгавай місіі ААН ва Украіне, нанесла Расія.
Яшчэ 245 вайскоўцаў УСУ былі забітыя расійскімі вайскоўцамі адразу пасля здачы ў палон, вынікае са звестак украінскіх пракурораў.
AP узяло інтэрв'ю ў сваякоў 21 украінскага ваеннапалоннага, які загінуў у палоне. Ускрыцці, праведзеныя ва Украіне, паказалі, што пяцёра памерлі ад сардэчнай недастатковасці, уключаючы салдат ва ўзросце 22, 39 і 43 гадоў. Чацвёра іншых памерлі ад сухотаў або пнеўманіі, а па адным загінулі ад інфекцыі, асфіксіі і тупога ранення галавы.
Адзін з ваеннапалонных падвергнуўся катаванню электрычным токам і быў збіты ўсяго за некалькі дзён да смерці ад сардэчнай недастатковасці і крайняга знясілення, вынікае са справаздачы судмедэкспертаў. Іншыя ўскрыцці паказалі, што на целах былі выяўленыя прыкметы гангрэны або нялечаных інфекцый.
Колькасць загінулых у турмах дадае яшчэ адзін доказ таго, што Расія сістэматычна жорстка абыходзіцца з палонным.
Чакаецца, што колькасць загінулых ваеннапалонных будзе расці па меры вяртання і апазнання целаў. Пры гэтым у некаторых выпадках высветліць прычыны смерці вельмі складана, паколькі ў целах вайскоўцаў, якія вяртаюцца, часам адсутнічаюць унутраныя органы, а ў некаторых выпадках сінякі і траўмы схаваныя, гаворыцца ў публікацыі.
Дрэнны стан вернутых целаў таксама перашкаджае зразумець, ці не падвяргаліся палонныя перад смерцю катаванням, голаду і дрэннаму медыцынскаму абслугоўванню, кажуць украінскія чыноўнікі. «Яны трымаюць целы датуль, пакуль яны не дасягнуць стану, калі ўжо нічога нельга будзе вызначыць», — заявіў прадстаўнік Украінскага Каардынацыйнага штаба ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Пётр Яцэнка.
Расійскія ўлады не адказалі на просьбу аб каментары. Раней Масква абвінавачвала Кіеў у жорсткім абыходжанні з расейскімі ваеннапалоннымі, нагадвае AP. ААН пацвердзіла, што выпадкі гвалту ва ўкраінскім палоне мелі месца, але адзначыла, што парушэнні з боку Украіны значна менш распаўсюджаныя і сур'ёзныя, чым тыя, у якіх абвінавачваюць Расію, піша «Агентство».
Каментары
[Зрэдагавана]