Франак Вячорка пра пашпарт новай Беларусі: Пашпартны цэнтр будзе раскіданы па розных краінах. А пры Кавалеўскім праект не рухаўся
Пра запуск праекта пашпарта Новай Беларусі было абвешчана яшчэ ў жніўні 2023 года. Спачатку абяцалі, што першыя ўзоры пабачаць свет у пачатку 2024-га. Але ўзніклі праблемыў Літве, і пашпарт Новай Беларусі дагэтуль не стаў паўнавартасным дакументам, прэтэндуючы толькі на функцыю дарагога (кошт — 97 еўра) сувеніра. Чаму так адбываецца, «Люстэрка» пагаварыла з галоўным дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам.

«Цалкам пераносім пашпартны праект з Літвы»
Вячорка расказаў, што пашпартны праект цалкам пераносяць з Літвы.
«Зменіцца таксама юрыдычная асоба, адказная за выдачу, але Марус Гудзелайціс застанецца кіраўніком. За палітычную частку адказваюць Офіс і Кабінет. Апошнія месяцы заключалі дамовы, вырашалі тэхнічныя моманты. Не будзе адной краіны, дзе ўсё адбываецца «пад ключ».
Пакуль выдача дакументаў адбываецца ў тэставым рэжыме. Кожны можа падаць заяўку анлайн. Пасля верыфікацыі вы атрымаеце інфармацыю, як і дзе здаць біяметрыю. Калі вырашым легальныя моманты, то будзем рухацца да афіцыйнага старту».
Пашпартны цэнтр будзе раскіданы па некалькіх краінах. Рэгістрацыя — у адной, біяметрыя — у другой, персаналізацыя — у трэцяй.
«З добрых навінаў: будуць працаваць мабільныя цэнтры, і, магчыма, можна будзе падацца ў той краіне, дзе вы знаходзіцеся, без неабходнасці некуды ехаць, але калі назбіраецца заявак.
Магчыма, будзем дамаўляцца з прыватнымі візавымі цэнтрамі, у якіх беларусы робяць візы — як той самы VFS Global, каб, напрыклад, беларусы Аргенціны мелі такую магчымасць».
Па словах дарадцы Ціханоўскай, праблемы з пашпартам у Літве ўзніклі досыць нечакана.
«Тут розныя прычыны наклаліся. Змяніўся кантэкст: вайна, бяспека, так званы літвінізм. Ёсць тыя, хто падтрымлівае, ёсць тыя, хто супраць. Кажуць, «калі беларусы Літвы маюць пашпарты замежнікаў, то навошта ім яшчэ свой?»
Узніклі праблемы і з «Пагоняй», пытанні і да таго, чаму ў Літве выдаюцца нелітоўскія дакументы. У асноўным на іх адказалі, але ў выніку стала ясна, што прасцей перанесці праект».
Колькі пашпартоў выдалі і калі дакумент стане не толькі сімвалам
Вячорка адзначыў, што мінімум год пройдзе, перш чым пашпарт атрымае нейкі афіцыйны статус.
«Відавочна, што наш пашпарт не заменіць мясцовых дакументаў, не здыме патрэбы ў легалізацыі. І пакуль выконвае ў асноўным сімвалічную ролю. Нядаўна мы вярнуліся з Косава, нам казалі, што ім спатрэбіліся гады, каб легалізаваць свой пашпарт, і пры гэтым ім з самага пачатку моцна дапамагаў Еўрасаюз. Яны рыхтавалі базу грамадзян, толькі потым пачалі выдачу дакументаў. Гэта ўсё доўга.
У Польшчы і Літве ўжо ёсць працоўныя рашэнні — дакументы замежнікаў. А наш пашпарт — гэта доўгатэрміновы праект, над якім будзем працаваць паралельна. Гэта таксама палітычны і іміджавы праект, важны для падтрымання беларускай супольнасці, каб абазначыць, што мы — гэта не рэжым, не Расія, што беларусы — не агрэсары. Падкрэсліць, што мы не прымаем гэтага тэрору, які Лукашэнка чыніць супраць беларусаў».
Цяпер выдалі некалькі дзясяткаў пашпартоў Новай Беларусі. «Сотні яшчэ чакаюць», — кажа Вячорка.
Адказ на крытыку Кавалеўскага
Вячорка адказаў таксама на крытыку Валерыя Кавалеўскага, які падчас працы ў Аб'яднаным пераходным кабінеце быў адказны за праект пашпарта.
Па яго словах, пакуль пашпартам займаўся Кавалеўскі, яны «страцілі практычна паўтара года, бо ўвесь гэты час праект не рухаўся».
«Рух пачаўся пасля таго, як праект быў перададзены Марусу Гудзелайцісу. Яго вялікая заслуга ў тым, што цяпер падрыхтаваная ўся інфраструктура, адбыўся тэставы запуск і выдадзеныя пілотныя асобнікі.
Валерый Кавалеўскі дакладна не мае рацыі. Было шмат абяцанняў, зробленых публічна, якія немагчыма рэалізаваць: што дакумент адразу стане пашпартам, вырашаць усе праблемы. Былі завышаныя чаканні. Гэта ў вялікай ступені ўдарыла па іміджы.
Усё-такі чаканні трэба рабіць рэалістычнымі. Пашпарт, візы для беларусаў, магчымасці легалізацыі — гэта ўсё вельмі складаны і доўгі працэс, і ніякі адзін візіт Святланы Ціханоўскай ці нават некалькі сустрэч не вырашаць усіх праблем. На жаль, мы трапілі ва ўнікальную сваёй складанасцю сітуацыю, даводзіцца пераадольваць мільён выклікаў — легальных працэдур, бюракратыі, палітычных інтарэсаў — і праходзіць паміж кропелькамі вады ў розных краінах. У Еўрасаюзе цяпер усе думаюць пра бяспеку, а мы прапануем такія смелыя рашэнні, якія могуць, на думку некаторых палітыкаў, гэтай бяспецы пагражаць».
«Калі Лукашэнка хоча, каб пашпарт Новай Беларусі не выдаваўся, то мусіць скасаваць забарону на консульскія паслугі»
Франак Вячорка кажа, што Офіс Ціханоўскай праз партнёраў спрабуе давесці да Лукашэнкі неабходнасць адмены пашпартнага дэкрэта, каб беларусы зноў маглі атрымаць дакументы ў консульствах за мяжой.
«Гэта адно з нашых патрабаванняў у перамовах, якія нашыя саюзнікі праводзяць з рэжымам. Адмена дэкрэта праходзіць чырвонай ніткай. Калі Лукашэнка хоча, каб пашпарт Новай Беларусі не выдаваўся, ён мусіць скасаваць забарону на аказанне беларусам консульскіх паслуг за мяжой. Пакуль рэжым не ідзе на саступкі.
Тое самае па памілаваннях — абяцаюць сотні і сотні, а вызваляюць дзясяткі. Пры гэтым не вызваляюць палітычных лідараў. Мы бачым, што рэжым спрабуе ўсяляк забалбатаць гэтую тэму. Спробы дамовіцца з Лукашэнкам пра вызваленне палітвязняў у абмен на змякчэнне санкцый пачаліся яшчэ ў 2021 годзе. Санкцыі на калій не ўводзіліся год менавіта праз гэта. Лукашэнка падмануў. Спробы дамовіцца доўжыліся ўсе гэтыя гады».
Каментары