«Яе «вывелі» з Польшчы». Былая афіцэрка Агенцтва ўнутранай бяспекі — пра тое, што Мельнікава знайшлася
Яна была трэцяй асобай у іерархіі беларускай апазіцыі, калі год таму знікла. Цяпер Анжаліка Мельнікава знайшлася ў Мінску. Гэта дазваляе меркаваць, што ўвесь гэты час яна супрацоўнічала са спецыяльнымі службамі Беларусі, заявіла ў размове з польскім сайтам «Цэнтр Еўропы» маёр у адстаўцы Анна Грабоўска-Сівец, былая афіцэрка контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі. Размову пераказвае «Белсат».

— У пятніцу з’явіліся фатаграфіі, на якіх Анжаліка Мельнікава выглядае цалкам здаровай у трэнажорнай зале ў Мінску. Незалежным медыям таксама ўдалося звязацца з ейным бацькам, які сцвярджае, што яна ўжо даўно ў Беларусі. Пра што гэта можа сведчыць?
— Пра тое, што яна вярнулася з выгнання дадому. Насамрэч яна не знікла без вестак, а, верагодна, ейная сям’я нават ведала, дзе яна знаходзіцца. З медыйнай інфармацыі вынікае, што яна можа быць у Беларусі ўжо даволі доўгі час. Карыстанне трэнажорнай залай паказвае, што яна адчувае сябе даволі свабодна, не хаваецца, а, наадварот, з’яўляецца ў публічных месцах.
(«Наша Ніва» прыйшла да высновы, што фоты з трэнажорнай залы могуць быць змантажаваныя, іх сапраўднасць немагчыма праверыць — Рэд.)
Гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі не ставіцца да яе як да ворага. Бо калі б усе гады, што яна была ў Польшчы, яна сапраўды дзейнічала супраць рэжыму, то цяпер не хадзіла б па трэнажорных залах, а сядзела б за кратамі. Рэжым Лукашэнкі і не за такое затрымлівае.
Што да пытання, ці магла яна ў Польшчы супрацоўнічаць са службамі бяспекі Беларусі, — мне здаецца, што так.
— Бацька Мельнікавай сцвярджае, што дачка тэлефануе яму з нумара, які не адлюстроўваецца, але сам ён не можа да яе патэлефанаваць. Ці азначае гэта, што яна хаваецца? Або, можа, яе ўсё ж утрымліваюць, і не яна вырашае, калі можа звязвацца з бацькам?,
— Гэта адзін з варыянтаў, хоць мне не здаецца, што так ёсць. Трэба было б удакладніць, ці сапраўды фота зроблена ў трэнажорнай залі, даступнай для шырокай публікі. На ім відаць, што Мельнікава дагледжаная, з прычоскай, у брэндавым адзенні. Цяжка меркаваць, што яе сфатаграфавалі ў зале для заняткаў у папраўчай калоніі.
— Беларускія журналісты высветлілі, што гэта зала «Усход» у Мінску, якая працуе з 2025 года. А значыць, Мельнікава не магла бываць там да сваёй эміграцыі ў Польшчу ў 2021 годзе.
— Гэта пацвярджае, што яна на волі.
Што да заяў бацькі — трэба памятаць, што як сямейнік ён можа ахоўваць сваю дачку, можа не гаварыць праўды або казаць тое, чаго ад яго патрабуюць. Я б кіравалася гэтым і не чакала ад яго абавязковай праўдзівасці. Тым больш што гэтай справай зацікавіліся медыі з Польшчы і іншых краін Еўрапейскага Звязу.
Думаю, што Мельнікава і ейная сям’я выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі ў прапагандысцкіх мэтах.

— Павел Латушка, старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, да нядаўняга часу найважнейшы палітык беларускай апазіцыі ў Польшчы, сказаў, што трэба радавацца, што Мельнікава жывая. Ці лічыце вы, што яе выкраданне за мяжой і забойства там было рэальным сцэнаром? Са следства ФБР мы ведаем, што расейцы заказвалі выкраданне сям’і чачэнскага апазіцыйнага лідара Ахмеда Закаева.
— Мельнікава — гэта ўсё ж не Закаеў і не адзін з самых вядомых расейскіх апазіцыянераў, каб ужываць да яе такія меры. Замах на яе быў бы нявыгадны і з пункту гледжання прапаганды.
Калі трымацца гіпотэзы, што яна ад пачатку супрацоўнічала з беларускімі службамі, на іхні загад далучылася да Каардынацыйнай рады, а потым заняла пасаду старшыні, то прычыняць ёй шкоду, забіваць ці выкрадаць яе ад самага пачатку не ўваходзіла ў планы. Навошта яе забіваць, калі яна выконвала заданні, дзеля якіх яе накіравалі ў Польшчу?
Разумею, што прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў такім чынам апынуліся ў нявыгадным становішчы. Спачатку яны не дапускалі, што ў іхніх шэрагах можа быць супрацоўнік службаў Лукашэнкі. Адсюль такая заява Паўла Латушкі.
— Што можа сведчыць пра яе супрацу з КДБ Беларусі? Пра тое, што яна ад пачатку была агенткай або нават афіцэркай беларускай выведкі?
— Я не ведаю, як яна паводзіла сябе ў кантактах з іншымі супрацоўнікамі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Але сам факт, што яе прынялі ў гэтае ўпраўленне, што яна адпавядала ўсім крытэрам і зайшла там так высока, можа сведчыць, што беларуская выведка вельмі добра яе да гэтага падрыхтавала.
Тое, што яе «вывелі» з Польшчы, прычым раптоўна, нечакана, нават з намёкам на выкраданне, — гэта даволі адчайны крок службы, а значыць, праява пэўнага крызісу ў супрацы паміж беларускімі спецслужбамі і Мельнікавай. А цяпер раптам высвятляецца, што яна не знікла, а проста з’ехала.
Існуе тэорыя, што яна ўжо не магла выконваць пастаўленыя перад ёю беларускай выведкай задачы. Магчыма, у гэтым былі і асабістыя абставіны. Таму беларусы «забралі» яе назад, яна нават магла атрымаць за гэта ўзнагароду. Сумняюся, што яна была штатнай афіцэркай КДБ. Хутчэй, яе для гэтага проста завербавалі.
Нельга пры гэтым выключаць, што падобных людзей у беларускіх дэмакратычных сілах больш. Трэба памятаць, што для беларускіх спецслужбаў прыярытэт — распрацоўка беларускай дыяспары на Захадзе, у тым ліку структураў, якія дзейнічаюць дзеля зрынання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Іх галоўная выведная мэта — пранікаць у гэтыя структуры, вывучаць іх задачы, метады, маштаб дзейнасці.
Відавочна, што адным з інструментаў у гэтым працэсе аказалася Мельнікава. Мы не ведаем, якую інфармацыю і характарыстыкі якіх людзей яна перадала. Гэта вельмі далікатныя пытанні, якія не былі раскрытыя, таму мы можам толькі слізгаць па паверхні гэтай праблемы
— Якія звесткі мог сабраць настолькі высокапастаўлены агент — спікер эміграцыйнага парламента, трэцяя асоба ў іерархіі дэмакратычных сілаў?
— Усё, што было ёй даступна: пра напрамкі дзейнасці, людзей, кантакты з інстытутамі ў Польшчы, пра канспірацыйныя сувязі з асобамі ў Беларусі, якія падтрымліваюць незалежніцкі рух, апазіцыйны да Лукашэнкі. Гэта вельмі каштоўная інфармацыя для беларускіх спецслужбаў, бо яна дазваляе ім пераследаваць сваіх праціўнікаў на тэрыторыі краіны.
Мы не маем пра гэта звестак, бо дэпутаты Каардынацыйнай рады гэтага не прызнаюць, але класіка дзейнасці выведкі — таксама разбурэнне арганізацыі знутры, унясенне хаосу, канфліктнасці. Гэта можа быць такая драбяза, як распаўсюджванне чутак, пацвярджэнне няпраўды, дэзынфармацыя. Але таксама падтрымка групаў, якія радыкалізуюцца або не згодныя з палітычнай лініяй. Спектр магчымасцяў вельмі шырокі і залежыць толькі ад творчасці выведкі.
— Ці лічыце вы, што яна магла вербаваць і іншых агентаў унутры беларускай апазіцыі?
— Тэарэтычна гэта магчыма, бо вярбоўка — гэта не толькі жорсткае падпісанне абавязання аб супрацы (хоць Беларусь Лукашэнкі таксама гэта практыкуе). Гэта можа быць і асабістая, сяброўская, любоўная сувязь. Не думаю, аднак, што яна была тыповым агентам-вербавальнікам, бо гэта прыцягвала б да яе ўвагу. Для гэтага таксама трэба мець адпаведныя асабістыя якасці, а таксама магчымасці, каб прывязаць вербаванага чалавека да структуры. Таму тэарэтычна гэта магчыма, але не кожная выведка гатовая давяраць такое адказнае заданне агентам «у полі».
Трэба мець на ўвазе, што ў Анжалікі Мельнікавай было вельмі шмат задач у межах беларускіх дэмакратычных сілаў, яна была вельмі занятая, таму ў яе магло проста не быць часу на такую дзейнасць.
— Мельнікава знікла напрыканцы лютага 2025 года. Даволі хутка высветлілася, што раней яна сустрэлася на Кубе і Шры-Ланцы з беларускім спартоўцам Аляксеем Гардзеевым, які аказаўся афіцэрам контрвыведкі КДБ Аляксеем Лабеевым. У размовах з каляжанкамі яна называла яго сваім каханым, нават жаніхом, хоць ён жанаты. Ці лічыце вы магчымым, што Мельнікава таемна выехала з Польшчы, бо была «закаханая» ў гэтага афіцэра? Або нават была завербаваная ў ложку?
— Пытанне ў тым, ці ўвогуле гэта быў раман. Гэта магла быць легенда, дзякуючы якой іх кантакты выглядалі натуральна. А насамрэч гэта мог быць чалавек, які яе трэніраваў, быў яе сувязным або афіцэрам, што яе вёў. Спектр магчымасцяў вялікі, што не выключае магчымасці нейкіх інтымных адносін — іх нельга выключыць, нават як «няшчасны выпадак на вытворчасці».
Не канечне гэта быў афіцэр контрвыведкі: унутры КДБ магчымыя кадравыя перамяшчэнні. Гэты функцыянер мог мець адпаведныя здольнасці, уменні або добрыя зносіны з ёю, што дазваляла весці яе як крыніцу.
Што да паездак на Кубу і Шры-Ланку, гэта выглядае як прафесійнае падтрыманне кантакту з агентам на тэрыторыі трэціх краін.
— Разумею, што беларускія спецслужбы лічаць гэтыя краіны для сябе бяспечнымі. Ёсць яшчэ адна такая краіна: затрыманая ва Украіне за шпіянаж беларуская журналістка Іна Кардаш сустракалася са сваім афіцэрам, які яе вёў, у Венгрыі.
— Ёсць краіны, дзе на беларусаў звяртаюць большую ўвагу — так, безумоўна, у Польшчы, ва Украіне, у дзяржавах Балтыі. Мы да іх больш уважлівыя. Але ёсць краіны, дзе на іх зусім не звяртаюць увагі.
Контрвыведка Шры-Ланкі мае поўнае права не звяртаць увагі на пару маладых людзей, якія загараюць на пляжы і п’юць кактэйлі, не бачыць у іх паводзінах дзейнасці замежнай выведкі. Каб такія сустрэчы былі заўважаныя, яны павінны былі б мець прынамсі цыклічны характар і нейкім чынам дэканспіраваць выведны «інструментарый», прыцягваць увагу мясцовых контрвыведных службаў — незалежна ад таго, адбываліся б яны на Шры-Ланцы або ў Будапешце.

— Ці выпадковым было з’яўленне яе здымкаў у дзень візіту Джона Коўла ў Менск? Беларускія журналісты мяркуюць, што гэта сігнал пра хуткае з’яўленне ў праўладных медыях вялікага інтэрв’ю з ёю. Чаму яно магло б служыць, што яна магла б раскрыць?
— Падобна да выпадку з інтэрв’ю з суддзёй-здраднікам Томашам Шмітам, якога выкарыстоўваюць для аповедаў пра «згніласць» польскай судовай сістэмы і палітыкі.
Мельнікава можа выконваць шмат карысных роляў для рэжыму Лукашэнкі. Яна магла б расказваць, як глыбока беларуская апазіцыя ў Польшчы дэградавала, што яна толькі выцягвае грошы з польскага ўрада, але не выкарыстоўвае іх на карысць беларускай справы. Прапаганда магла б скарыстаць яе для ўмацавання сваёй тэзы, што апазіцыя ў Польшчы — гэта не сапраўдны «ўрад у выгнанні».
— Мельнікава — грамадзянка Польшчы. Якія крокі можа і павінна цяпер зрабіць у дачыненні да яе Польшча? Латушка сцвярджае, што Варшава магла б дамагчыся ад Мінска доказаў, што Мельнікава сапраўды там знаходзіцца.
— Навошта? Пытанне ў тым, ці гэта наогул найважнейшая задача, пастаўленая перад польскай пракуратурай і спецслужбамі. Лічу, што дзеянні ў дачыненні да яе будуць хутчэй згасаць, чым раздзьмувацца. Асабліва з улікам таго, што нічога не паказвае, нібыта на тэрыторыі Беларусі яна знаходзіцца супраць сваёй волі. Да таго ж яна мае беларускія дакументы і сям’ю ў Беларусі.
Каб яе справа разглядалася як шпіянаж, гэта павінна быць дзейнасць на шкоду Польшчы і яе грамадзян, а таксама інтарэсаў Еўрапейскага Звязу і НАТА. А пакуль у нас няма такіх звестак. Гэта тычыцца сферы беларускіх дэмакратычных сілаў у Польшчы. Калі б з’явіліся падставы меркаваць, што яна дзейнічала на шкоду Польшчы, ЕЗ і НАТА, тады яе справай павінна была б заняцца АБВ.
— Як грамадзянку Польшчы, якая шпіёніць супраць Польшчы, ці маглі б яе прызнаць здрадніцай?
— Калі б яна дзейнічала на шкоду Польшчы, то так. Але гэта трэба спачатку даказаць.
Ганна Грабоўска-Сівец — былая супрацоўніца контрвыведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі (АБВ), выкладчыца факультэта міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэту і аўтарка публікацый, кніг і трэнінгаў, прысвечаных контрразведцы.
Каментары
Брыдка й агідна.