Пажыццёвае зняволенне вынеслі жыхару Віцебска за жорсткае забойства сваёй сужыцелькі
Віцебскі абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд 60-гадоваму мужчыну, які абвінавачваўся ў забойстве з асаблівай жорсткасцю. Раней ён ужо быў асуджаны за забойства.

«Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваны ў кастрычніку 2024 года, знаходзячыся па месцы жыхарства, ужываў спіртныя напоі са сваёй сужыцелькай. Паміж імі ўзнікла сварка на глебе рэўнасці. У яе развіцці мужчына нанёс пацярпелай больш за 90 траўмуючых уздзеянняў нажом, сякерай і віламі ў вобласць галавы, шыі, грудной клеткі, жывата, верхніх і ніжніх канечнасцей», — расказалі ў пракуратуры абставіны справы.
48-гадовая жанчына памерла на месцы. У судзе мужчына цалкам прызнаў сваю віну.
У выніку суд прызначыў абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Каментары