Музей у Амстэрдаме выставіў 200-гадовы прэзерватыў з малюнкам. У музеі — аншлаг
«Ён у ідэальным стане», — запэўнівае куратарка музея.

Амстэрдамскі Дзяржаўны музей (Rijksmuseum) выставіў на агляд набыты ім на аўкцыёне прэзерватыў з малюнкам, зроблены амаль 200 гадоў таму, піша Бі-бі-сі.
Прэзерватыў, як мяркуецца, зроблены з апендыкса авечкі і ўпрыгожаны пікантнай сцэнай з удзелам манашкі і трох святароў.
Гэты рэдкі артэфакт быў выраблены прыкладна ў 1830 годзе. Рэйксмузеум набыў яго на аўкцыёне летась, а цяпер уключыў у выставу, прысвечаную прастытуцыі і сэксу ў XIX стагоддзі.
Куратарка Дзяржаўнага музея Джойс Зелен распавяла Бі-бі-сі, што, калі яна з калегамі ўбачыла гэты прэзерватыў на аўкцыёне, ён іх вельмі насмяшыў. Гандлявацца за яго не прыйшлося: яны аказаліся адзінымі, хто хацеў набыць такі артэфакт. Пасля куплі прэзерватыў агледзелі пры дапамозе ультрафіялетавага святла і вызначылі, што па прызначэнні ён не выкарыстоўваўся.
«Ён у ідэальным стане», — запэўнівае Зелен.
З'яўленне 200-гадовага прэзерватыва ў экспазіцыі выклікала аншлаг у музеі — паглядзець на яго ідуць і старыя, і маладыя.
Па словах Зелен, гэты дзіўны прэзерватыў, верагодна, быў сувенірам з шыкоўнага французскага бордэля. Да нашых дзён захаваліся толькі два падобныя артэфакты.
У тлумачэнні музея да новага экспаната гаворыцца, што ён «уяўляе сабой светлыя і цёмныя бакі сексуальнага здароўя ў эпоху, калі пачуццёвыя асалоды суправаджаліся страхам перад непажаданай цяжарнасцю і хваробамі, што перадаюцца палавым шляхам — асабліва [смяротным у той час] сіфілісам».
На малюнку на прэзерватыве манашка сядзіць з задраным падолам і разсунутымі нагамі, і паказвае пальцам на трох святароў, што стаяць перад ёй з задранымі расамі.
Надпіс на французскай пад малюнкам кажа: «Voilà mon choix» — «вось мой выбар».
Эксперты музея мяркуюць, што малюнак адначасова высмейвае цэлібат і парадзіруе выбар Парыса з грэцкага міфа, у якім царэвіч з Троі мусіў выбраць, якая з трох багінь — Афрадыта, Афіна або Гера — самая прыгожая.
У фондах музея захоўваецца каля 750 тысяч маляваных, друкаваных і фатаграфічных выяваў, але гэты малюнак на прэзерватыве — адзіны такі ва ўсёй калекцыі.
«Наколькі нам вядома, мы — адзіны мастацкі музей, які валодае прэзерватывам з надрукаваным малюнкам», — кажа Джойс Зелен.
Выстава, прысвечаная прастытуцыі і сэксу ў XIX стагоддзі, з гэтым прэзерватывам як галоўнай зоркай, працягнецца да канца лістапада.
Каментары
Куды коціцца свет?