Грамадства1414

У Заляшанах ушанавалі памяць беларусаў, забітых на Падляшшы ў 1946 годзе

У вёсцы Заляшаны Гайнаўскага павета 29 студзеня ўшанавалі памяць ахвяр масавага забойства, якое было ўчынена бандай былых байцоў польскай Арміі Краёвай на чале з капітанам Рамуальдам «Бурым» Райсам 80 гадоў таму. 

Ушанаванне памяці ахвяр масавага забойства праваслаўных беларусаў у Заляшанах. Фота: Piotr Molęcki / Kancelaria Sejmu

У цырымоніі ўзяў удзел маршалак Сейма Польшчы (спікер ніжняй палаты парламенту) Уладзімеж Чажасты, перадае Белсат.

«Няма ніякага тлумачэння, няма ніякага апраўдання: гэтае злачынства мае прыкметы забойства, — заявіў Чажасты. — Хачу вам сказаць праз 80 гадоў як маршалак польскага Сейму: няма ніякага апраўдання гэтай справы».

Дэпутат Сейміку Падляскага ваяводства Ігар Лукашук расказаў на мясцовай падляскай гаворцы, што ягоная радня паходзіць з суседняй вёскі Грэдэлi. Бацька расказваў, што яму расказваў ягоны бацька, як па вайне ў Грэдэлі з Заляшанаў прыбягалі сваякі, плакалі і казалі, што забіваюць.

Маршалак Сейму Польшчы Уладзімеж Чажасты кланяецца крыжу ў Заляшанах у памяць пра ахвяр масавага забойства праваслаўных беларусаў на Падляшшы. Фота: Piotr Molęcki / Kancelaria Sejmu

Што адбывалася на Падляшшы ў 1946 годзе

Пра злачынства 1946 года і пра ўшанаванне памяці забітых Белсату расказала Валянціна Лаеўская — журналістка Беларускага Радыё Рацыя, а таксама даследніца гісторыі Падляшша. 

Лаеўская сустракала сведак тых падзей і запісвала размовы з імі. Але дагэтуль застаюцца пытанні.

«Што сталася, чаму гэтак сталася, праўду кажучы, ніхто не ведае, — расказвае Лаеўская. — Чаму выбралі якраз гэтыя вёскі, якія пацярпелі, гэта або выпадкова, або… Гэта мог ведаць толькі Рамуальд Райс (Буры), які кіраваў гэтай аперацыяй, якую мы называем тут на Падляшшы крывавым рэйдам Бурага».

Аперацыя пачалася пасля таго, як партызаны Бурага спынілі ў Лазіцах абоз сялян, якія везлі дровы для школы, расказвае яна. Пачалі дзяліць людзей: кагосьці адпусцілі, кагосьці забралі і паехалі ў Заляшаны. Ранкам 29 студзеня 1946 года партызаны заехалі ў вёску. 

Мясцовыя іх прынялі, кармілі. Лаеўская тлумачыць: 

«Як і заўсёды, вясковыя людзі, калі нехта прыходзіць са зброяй у вёску, яны проста іх кормяць і робяць усё, каб усё абышлося дабром».

Пазней байцоў запрасілі на збор у хаце сям’і Сахарчукоў (цяпер у тым месцы стаіць памятны крыж). Буры на тым сходзе сказаў, што ўсе ў вёсцы мусяць загінуць. 

Байцы выйшлі, замкнулі хату, падпалілі. Але людзям удалося ўратавацца. Адныя кажуць, што нейкія салдаты адчынілі дзверы, іншыя — што нехта выбіў вакно, праз якое людзі ўцяклі. Па тых людзях байцы не стралялі.

Загінулі людзі, якія не прыйшлі на той сход. Байцы Бурага сталі падпальваць усе хаты па чарзе. А старыя хаты, крытыя саломай, запальваліся хутка. Людзі — збольшага маці з малымі дзецьмі — спрабавалі ўратавацца, але іх пастралялі байцы. 

«Агулам тады ў Залешанах загінулі шаснаццаць чалавек, у тым ліку, бадай што, шасцёра дзяцей такіх малых, да пяці гадоў».

Пасля гэтага байцы Бурага выправіліся ў суседнюю Вольку-Выганоўскую, там застрэлілі двух жыхароў. 

Беларусам давялося пад дуламі стрэльбаў вазіць байцоў ад вёскі да вёскі. 30 студзеня байцы вырашылі пазбавіцца ад іх, забілі яшчэ 30 ці 31 чалавека з 12 вёсак. Гэта адбылося ў вёсцы Старыя Пухалы.

2 лютага байцы Бурага спалілі вёскі Зані і Шпакі — у першай забілі 24 чалавек, у другой — 9. 

Пра гэтыя падзеі раней баяліся расказваць. Было нават такое, што даследніцу гналі са двара. Пасля Другой сусветнай вайны і ў час камуністычнай Польшчы тэму не закраналі. Забітыя ў Старых Пухалах проста зніклі, згадвае Лаеўская:

«Пісалі і да Чырвонага Крыжа, і да ўладаў Польшчы, і ніхто нічога не сказаў. Хаця народная ўлада тады ведала, што гэтыя людзі загінулі ў Старых Пухалах. Там іх закатавалі, можна сказаць, бо нават не расстралялі».

Парэшткі людзей з Пухалаў у 1950‑х эксгумавалі, перавезлі на каталіцкія могілкі ў Кліхах, пахавалі пад надпісам «змагары за народную ўладу», хоць былі забітыя простыя сяляне, якія працавалі на зямлі, намагаліся проста выжыць.

Толькі ў 1990‑х гадах сем’і ахвяр змаглі знайсці, дзе пахаваныя іхныя блізкія. У новай Польшчы з’явілася магчымасць паказаць праўду. Але людзі, якія 50 гадоў былі вымушаныя маўчаць, усё яшчэ баяліся, згадвае Лаеўская. 

«Той страх быў, што нейкі час зноў прыходзіць. Я памятаю, калі быў такі час, калі людзі ўжо даволі ахвотна расказвалі. Пазней пачаліся гэтыя маршы ў Гайнаўцы — і людзі зноў сталі баяцца гаварыць адкрыта пра тыя падзеі».

Прызнанне злачынства

Інстытут нацыянальнай памяці ў 2005 годзе прызнаў, што аперацыі Бурага былі злачынствам супраць чалавецтва з прыкметамі генацыду, не спрыялі барацьбе падполля за незалежнасць Польшчы і не могуць лічыцца справядлівымі ні пры якіх абставінах. Пасля Бурага яшчэ спрабавалі адбельваць. 

У Польшчы застаюцца абаронцы Бурага, якія кажуць, што ён забіваў толькі людзей, якія падтрымлівалі камуністаў. Ультраправыя нацыяналісты, «Нацыянальна-радыкальны лагер», ладзяць маршы пад лозунгамі «Чэсць і хвала героям» і «Прэч з камунай». На гэта Лаеўская кажа:

«Спадзяюся, што проста час пакажа, што не трэба баяцца. Трэба ясна гаварыць. Мы ёсць паўнавартаснымі грамадзянамі Польшчы. І гэтае злачынства здзейснілі суграмадзяне ў дачыненні да сваіх грамадзянаў».

«Ёсць гэтае даследаванне Інстытута нацыянальнай памяці, якога нельга аспрэчыць. Можа, патрэбны час, каб гэтыя людзі, якія вераць у тое, што Рамуальд Райс (Буры) быў патрыётам, які нібы змагаўся за дабро Польшчы, выбраў не да канца правільны шлях. Я разумею, што ён сам заблукаў у сваім жыцці». 

Даследніца кажа, што трэба надалей раскрываць праўду, каб Буры не лічыўся героем і не ўваходзіў у пантэон «выклятых жаўнераў», якія змагаліся ў антыкамуністычным падполлі — а ў ліку тых жаўнераў былі людзі, якія змагаліся за незалежнасць і вольную Польшчу. 

«Я спадзяюся, што ў будучыні ўсё ж такі гэта будзе раздзелена, якімі метадамі хто змагаецца. Што таксама важна, бо часам можна за высокія каштоўнасці змагацца не надта маральнымі метадамі».

Польская праваслаўная царква кананізавала ахвяраў Бурага, бо забойствы адбываліся паводле не толькі нацыянальнасці, але і рэлігійнай прыкметы. 

Польскія палітыкі штогод ушаноўваюць памяць забітых. Сёлета акцыю памяці наведаў маршалак Сейма Польшчы Уладзімеж Чажасты, а пяць гадоў таму на акцыю памяці прыязджаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, маліўся за душы ахвяр. 

Чажасты, сярод іншага, абяцаў, што будзе працягваць працу над законапраектам аб кампенсацыях сем’ям ахвяраў.

Лаеўская адзначае, што гэтая справа цягнецца гадамі. Сям’я Бурага атрымала кампенсацыю ад польскай дзяржавы, бо таго забілі камуністычныя ўлады: злавілі ў 1948 годзе, судзілі і 30 снежня 1949 павесілі. Сем’і ахвяр не атрымалі ніякіх кампенсацый, хоць засталіся на голай спаленай зямлі. Грошы нічога не выправяць, але, лічыць Лаеўская, Польшча мусіць зрабіць такі сімвалічны крок. 

Каментары14

  • акупацыя БНР, вайна з Польшай , Эстоніей, Фінляндыей, Галадамор, Курапаты
    01.02.2026
    Багдан Хмяльніцкі, тыпу таго, падпісаў некалі "глыбокую" інтэграцыю з
    ардой ... Украінскія гісторыкі кажуць, што Хмяльніцкі нічога не
    падпісваў, і ўсё гэта хлусня! І папер ніякіх не было і няма! А маскоўцы
    кажуцуь, што Хмяльніцкі -- падпісваў, але паперы не захаваліся бо моль
    іх паела. А ў выніку што? Украіна-Русь на доўгія стагоддзі патрапіла пад
    маскоўскі бот. Маскоўская арда скрала назву Украіны -- Русь, усю яе
    гісторыю, міталёгію, культуру і выдае яе за сваю. Узяць бы таго князя
    Уладзіміра, які, нібыта, хрысціў маскавітаў, яшчэ і помнікі яму нахабна
    ставяць. А далей і згадваць не хочацца.... Бальшавіцкі джыхад , акупацыя БНР
    , вайна з Польшай , Эстоніей , Фінляндыей, Галадамор, рэпрэсіі, Курапаты, генацыд, Новая эмпэрыя , алеграхі, карупцыя , эмперыялізм ...І нaрэшце захоп 1/3 Азербалджана, Молдовы, Грузіі , анексія Крыма, вайна на Дамбасe, вайна, вайна ....
  • мамін стрыечны брат, вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, расстраляны ў Катыні
    01.02.2026
    Дзядзька маёй мамы быў вывезены з сям'ёй у Чалябінск, ягоны сын (мамін стрыечны брат, вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце) расстраляны ў Катыні. Дзядзька памёр там, тыя, хто выжыў пасьля вызваленьня, зьехалі ў Польшчу. У маміных бацькоў адабралі ўсё і загналі ў калгас. Па лініі бацькі ўсе «раскулачаны» і ў калгас. З суседзямі падобныя гісторыі (былі невялікія хутары 8-10 гектараў зямлі), цяпер там пустата, дзе кустоўем зарасло, дзе ўжо вырас лес, нейкая частка апрацоўваецца калгасам (землі вільготныя былі). Людзей няма, зямля, вызваленая ад людзей. Доўга стаялі сады і гумны (якія сталі калгаснымі), цяпер і гэтага няма…Bielarus´, Гарадзенскае ваяводзтва ⚪🔴⚪
  • Такие Пироги
    01.02.2026
    1. Семья «Бурого» получила компенсацию от польского государства
    2. Семьи жертв не получили никаких компенсаций, хотя остались на голой сожженной земле.

    Здесь еще не сказано что в годовщину массового убийства польский сейм учредил национальный праздник - день памяти проклятых солдат, неотъемлемой частью которых был ромуальд райс.

    Не забываем что высший военный суд реабилитировал ромуальда райса и это решение до сих пор в силе, не было отменено или даже как-то оспорено.

    Ну и вишенка на торте - ежегодные марши последователей райса прямо в селах, где он убивал белорусов. Мне сложно представить марши немецкий нацистов со свастонами в Аушвице или Майданке. Однако поляков ничего не смущает.

Цяпер чытаюць

Калеснікава: Лукашэнка можа пайсці на спыненне рэпрэсій дзеля будучыні і «з нейкай мудрасці»27

Калеснікава: Лукашэнка можа пайсці на спыненне рэпрэсій дзеля будучыні і «з нейкай мудрасці»

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус нырнуў без рыштунку на глыбіню 30 метраў у Мексіцы. І ўсё дзеля шыкоўных фота5

Францыя памяняла правілы выдачы шэнгенскіх віз для беларусаў1

Дзясяткі кажаноў выкінулі на снег каля гімназіі ў Салігорску. І што цяпер?5

Трамп: Прэм'ер Індыі пагадзіўся больш не купляць расійскай нафты4

За рулём дыпламатычнай машыны, якая сутыкнулася з паліцэйскім аўто ў Беластоку, быў консул Беларусі ў Аўстрыі2

У Мінску жанчына выкінула з дзявятага паверха чыхуахуа свайго каханка7

Пракрамлёўскія эканамісты аб'явілі пра пачатак банкаўскага крызісу ў Расіі9

Завяшчаў Карыне Шуляк 50 мільёнаў, а яе бацька лётаў з ім на верталёце за месяц да арышту. Што яшчэ стала вядома з файлаў Эпштэйна9

У Іспаніі хірургі ўпершыню перасадзілі твар ад донара, які памёр у выніку эўтаназіі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калеснікава: Лукашэнка можа пайсці на спыненне рэпрэсій дзеля будучыні і «з нейкай мудрасці»27

Калеснікава: Лукашэнка можа пайсці на спыненне рэпрэсій дзеля будучыні і «з нейкай мудрасці»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць