Грамадства1010

«З мяне нічога не возьмеш, а людзі пацярпелі». Пара пенсіянераў другі год не можа выпісаць з мінскай кватэры шматдзетную сям'ю эмігрантаў

Былы мінчук і шматдзетны бацька Раман больш за тры з паловай гады жыве ў Польшчы. Летам 2024 года яны з жонкай прадалі паводле генеральнай даверанасці кватэру ў Беларусі, атрымалі свае грошы і выдыхнулі. А пазней даведаліся пра праблему, якая ўзнікла не ў іх, а ў пакупнікоў іх нерухомасці — сям'і пенсіянераў, піша «Люстэрка».

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак

«Стала зразумела: адсякаюць усе магчымасці»

Раман і яго сям'я атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону. Сям'я — гэта сам Раман, яго жонка і трое дзяцей, адно з якіх ходзіць у дзіцячы садок, а двое — вучні малодшых класаў.

«У 2018 годзе мы з жонкай прадалі кватэру ў Брэсце і прыехалі ў Мінск з тады яшчэ двума дзецьмі. Я ўладкаваўся ў фірму па продажы будаўнічых матэрыялаў, жонка працавала дыстанцыйна як фрылансер. Узялі крэдыт і купілі параўнальна невялікую трохпакаёвую кватэру, — апісвае сітуацыю мужчына. — У 2019 годзе ў нас нарадзілася яшчэ адно дзіця. Мы перакрэдытаваліся, ужо як шматдзетныя, шмат працавалі і ў 2021 годзе цалкам выплацілі пазыку».

Але пажыць у сваёй кватэры як след не паспелі. Абставіны склаліся так, што вясной 2022 года сям'я была вымушаная пераехаць у Варшаву. Збіраліся хутка, але прадбачліва зрабілі новыя пашпарты і генеральныя даверанасці. З'язджалі ў невядомасць, але прадаваць кватэру не думалі — усё ж такі ў Беларусі заставаліся бацькі.

«У нас былі шэнгенскія візы, і падавацца на міжнародную абарону мы не планавалі. Збіраліся вярнуцца, калі сітуацыя ў краіне зменіцца. Але штодзённыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў працягваліся, ды і сітуацыя з вайной паміж Расіяй і Украінай відавочна зацягвалася, таму нам стала ясна, што ўсё гэта надоўга, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — А потым атрымалася ўладкаваць дзяцей у дзяржаўны дзіцячы сад недалёка ад здымнай кватэры. Яны хутка адаптаваліся. Затым старэйшыя пайшлі ў школу. Паступова наладзіліся справы з працай».

Купляць жыллё ў Польшчы, а тым больш у Варшаве, першапачаткова сям'я не думала. Пужала цана. Напрыклад, у снежні 2022 года сярэдні кошт квадратнага метра складаў каля трох тысяч даляраў.

«А потым палічылі, усё ўзважылі і вырашылі, што пры першапачатковым унёску і ўзроўні бягучых даходаў зможам атрымаць крэдыт у банку. Таму вырашылі прадаць мінскую кватэру, — кажа мужчына. — Парадокс, але асмеліцца на такі крок нас прымусіў указ нумар 278, які ўступіў у сілу ў верасні 2023 года. Згодна з ім прадаваць нерухомасць у Беларусі цяпер дазвалялася толькі асабіста або па даверанасці, аформленай унутры краіны. Стала зразумела: адсякаюць усе магчымасці. Прыкінулі, калі будзем і далей чакаць, то дзяржава працягне шукаць магчымасці пазбавіць жылля непажаданых ёй грамадзян».

«Пенсіянераў бянтэжыла, што кватэра прадавалася з прапісанымі людзьмі. Але рыэлтары іх супакоілі»

Прадаваць нерухомасць вырашылі з дапамогай рыэлтара. Знайшлі спецыялістку з добрымі рэкамендацыямі. Тая адразу папярэдзіла: раз у памяшканні прапісаная сям'я, прыйдзецца рабіць істотны дысконт. Паводле слоў Рамана, іх квадратныя метры ацанілі прыкладна на сто тысяч даляраў. Каб знайсці пакупніка хутчэй, яны з жонкай былі гатовыя скінуць да 80 тысяч. Праўда, перш чым ісці на рынак, патрабавалася сабраць усе неабходныя дакументы. Адзін з іх — з адміністрацыі раёна ў Мінску, да якога адносіцца іх шматпавярховік.

«Дазвол [ад чыноўнікаў] патрэбен быў па дзвюх прычынах. Па-першае, у кватэры прапісана трое непаўналетніх. Па-другое, у нас быў ільготны крэдыт на жыллё, і хоць мы яго і выплацілі, прадаць нерухомасць паводле закону маглі не раней чым праз пяць гадоў пасля выплаты, — уводзіць у курс справы суразмоўца. — Для гэтага мы падалі [чыноўнікам] даведку аб тым, што пераехалі. Акрамя таго, у Польшчы дамовіліся з рыэлтарам і заключылі папярэднюю здзелку на куплю кватэры. Гэтым паказалі, што хочам заставацца і не плануем пагаршаць умовы жыцця дзяцей. А нерухомасць прадаем, бо патрэбныя грошы на новае жыллё. Вывучыўшы дакументы, адміністрацыя раёна выдала нам [патрэбную] даведку».

У тэксце рашэння з адміністрацыі сказана, што «ў сувязі з пераездам» у Польшчу сям'і даюць дазвол на продаж кватэры, якую яны набылі па льготным крэдыце. Пры гэтым чыноўнікі ўстанавілі мінімальную цану на квадратныя метры — крыху больш за 71 тысячу даляраў. Як тлумачыць Раман, гэтая сума прапісаная для таго, каб яны дакладна змаглі купіць новую нерухомасць і забяспечыць дзяцей жыллём.

Пакупнікоў цяпер ужо былыя мінчане знайшлі хутка. Імі аказалася пара пенсіянераў, якія хацелі набыць нерухомасць для ўжо дарослай дачкі. Яна развялася і засталася без жылля.

«Мы літаральна выставілі аб'яву, і ўжо наша і іх рыэлтар агаворвалі ўмовы, — адзначае суразмоўца. — Пенсіянераў бянтэжыла, што кватэра прадавалася з прапісанымі людзьмі. Але рыэлтары іх супакоілі, патлумачыўшы, што па законе праз суд яны змогуць нас і дзяцей выпісаць. Гэта ж ім пацвердзіў юрыст, да якога яны звярнуліся па кансультацыю, і адвакат. Пакупнікі з намі звязаліся, толькі калі мы ўжо выходзілі на здзелку. Спыталі, ці можам мы яшчэ скінуць пяцёрку. Мы разумелі, што, напэўна, можна пачакаць, патаргавацца, але, паколькі яны гатовыя былі адразу заплаціць, вырашылі: пяць тысяч даляраў — гэта, вядома, грошы. Але лепш так, чым ніяк».

У выніку летам 2024 года сышліся на цане 75 тысяч даляраў. За квадратныя метры пенсіянеры заплацілі наяўнымі. Паводле меркавання Рамана, выпісаць іх з кватэры новыя гаспадары павінны былі прыкладна праз месяц.

«Гэта звычайная практыка. Як тлумачыў адвакат, вы купляеце кватэру з людзьмі, прыходзіце ў суд і кажаце: у нас з былымі жыхарамі ўзнік канфлікт. Маўляў, добраахвотна выпісвацца не хочуць, — спыняецца на дэталях шматдзетны бацька. — Тлумачыце, што гэтая сям'я тут не жыве, камунальныя паслугі не плаціць, і кропку ў гісторыі ставяць на працэсе па законе».

Аднак нечакана для пазоўніка і адказчыка дыстанцыйна выпісваць сям'ю Рамана суд не стаў.

«Яны зразумелі, што трапіліся, і мы зразумелі, што трапіліся»

Рамана на працэсе прадстаўляў адвакат. Паводле слоў шматдзетнага бацькі, іх юрыста рашэнне раённага суда здзівіла, але ён прапанаваў дзейнічаць далей. Сказаў: «Надзея ёсць». Праз месяц пенсіянеры падалі апеляцыю ў Мінскі гарадскі суд. І зноў атрымалі адмову.

«Гэтым разам у якасці прычыны пазначылі, што выпісаць малалетніх у нікуды нельга. Гэта нібыта парушае іх правы, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — Хоць адміністрацыя раёна дала нам дазвол на продаж кватэры, бо атрыманыя грошы пойдуць на будаўніцтва новай».

Раман кажа, што пакупнікі іх кватэры — людзі адэкватныя. Нягледзячы на складанасці, з якімі сутыкнуліся, з прэтэнзіямі не тэлефанавалі.

«У іх быў свой адвакат, у нас свой. Юрысты паміж сабой камунікавалі, абмяркоўвалі сітуацыю і даносілі яе да нас, — успамінае мужчына. — З самой сям'ёй я размаўляў літаральна некалькі разоў. Яны зразумелі, што трапілі, і мы зразумелі, што папалі. Хоць і не настолькі крытычна, як купцы».

Абскардзіць пастанову Мінскага гарадскога суда купцы спачатку збіраліся, але потым перадумалі. Паводле слоў Рамана, абаронцы ім паведамілі, што «мінскія суды як пад капірку сталі адмаўляць у такіх справах», і прапанавалі дачакаць, пакуль «законы запрацуюць». Аднак колькі чакаць — ніхто сказаць не можа.

Паводле слоў шматдзетнага бацькі, адвакаты і юрысты, да якіх ён звяртаўся, расказвалі, што ў Мінску нямала сем'яў апынуліся ў такой жа сітуацыі, як яны. Раней адзін з рыэлтараў паведамляў «Нашай Ніве», што праблемы з выпіскай з кватэр праз суд ён стаў заўважаць у 2023 годзе. У жніўні 2024 года спецыяліст ацэньваў такую магчымасць як «маларэальную».

«Для мяне гэта выглядае так: у 2023 годзе Лукашэнку прынеслі шэраг прапаноў, каб напаскудзіць тым, хто з'ехаў (гаворка пра ўказ нумар 278. — Заўв. «Люстэрка»). Прайшло сем-восем месяцаў пасля таго, як дакумент выйшаў, яны (аўтары ідэі. — Заўвага «Люстэрка») прааналізавалі сітуацыю і ўбачылі хібы, якія засталіся. Хацелі зрабіць, каб кватэры, лецішчы, гаражы нельга было прадаваць, але атрымалася, што з даверанасцю можна. Яны, відаць, вырашылі гэтую шчыліну закрыць. І, як разумею, пастараліся і далі негалоснае ўказанне судам (адвакат казаў, такое толькі ў Мінску) пад любымі падставамі не выпісваць людзей без іх непасрэднай прысутнасці, — дзеліцца меркаваннем суразмоўца.

— Але яны не ўлічылі, што ў гэтай задачы ёсць дзве пераменныя. Першая — «збеглыя». Другая — людзі, якія засталіся ў Беларусі. І вось што тычыцца пенсіянераў, якім мы прадалі кватэру. Ім у 2020 годзе палітыка была да лямпачкі. Яны на лецішчы хаваліся ад кавіду, а гэты мужчына, ён ледзь ад яго не памёр у бальніцы. Яны сабралі грошы, нешта прадалі, купілі жыллё, але ў выніку апынуліся ў пастцы. У іх цяпер кватэра, з якой, па сутнасці, яны нічога не могуць зрабіць. Ніхто не захоча яе купіць. Плюс кватэрная плата ўключае ў сябе як мінімум пяць жыхароў».

Са слоў Рамана, яму, як «збегламу», ад таго, што ён застаецца прапісаным у мінскім жыллі, «ні холадна ні горача».

«Я прадаў маёмасць, мне заплацілі, і грошы я афіцыйна перавёў на свой рахунак у польскім банку, — працягвае суразмоўца. — Што цяпер з мяне возьмеш? Прапіскай напалохаеш? А пенсіянеры пацярпелі. Хоць жыллё яны набывалі згодна з законам і правіламі, якія дзейнічалі на той момант. Выходзіць, дзяржава вырашыла «кінуць» непажаданых ёй людзей, а «кінула» тых, хто наогул ні пры чым».

Шматдзетны бацька кажа, што звярнуцца кудысьці па дапамогу, напрыклад у сродкі масавай інфармацыі, купцы іх кватэры не могуць.

«Ну, а куды? У «Советскую Белоруссию» або на Агульнанацыянальнае тэлебачанне патэлефанаваць? Раней бы гэта, магчыма, дапамагло. Але цяпер, паколькі сітуацыя звязана з палітыкай, не. Патэлефанаваць на Tut.by? Дык і Tut.by няма, — не хавае эмоцый мужчына. — Куды ім звяртацца? Толькі ў суд. А суд, як я ўжо казаў, адфутбольвае іх. Людзі пражылі доўгае жыццё і цяпер на ўласным прыкладзе бачаць, што такое «ў краіне не да законаў».

Сам жа Раман працягвае назіраць за сітуацыяй. Кажа, ведае гісторыю, калі новая ўладальніца кватэры дайшла да Вярхоўнага суда, каб выпісаць прапісаных там былых уласнікаў, але не выйшла. На пытанне, чаму яго не адпускае гэтая тэма, бо ён свае грошы за квадратныя метры атрымаў, адказвае:

«Таму што ў 2020 годзе мы выходзілі не за грошы, а за тое, каб была справядлівасць, каб працавалі законы. А цяпер атрымліваецца так, што за тых людзей, якія засталіся ў Беларусі, заступіцца проста няма каму. І самі яны нічога сказаць не могуць.

Хоць праблема, фактычна, лёгка вырашальная. Але тыя, хто даваў парады Лукашэнку [па ўказе], павінны прыйсці да яго і сказаць, што вось — дзякуючы прынятым па іх «рэкамендацыях» рашэнням утварылася сацыяльная праблема. А хто пойдзе падобнае дакладваць? Думаю, дурняў няма.

Не так даўно падрыхтавалі праект новага Жыллёвага кодэкса. У тэорыі ён некалі, магчыма, спросціць рашэнне такіх праблем, як наша. Але ж ніхто не дасць гарантыі, што «для збеглых» і гэты закон будзе дзейнічаць».

Каментары10

  • Бобр
    02.02.2026
    Т.е. в администрации некого района Минска работают адекватные люди раз дали разрешение на продажу квартиры?
  • Нашлі мне праблему
    02.02.2026
    Я не разумею чаму былы ўладальнік калі яны пастаянна жывуць за мяжой не зробіць паспарты "РР" сабе і дзецям?! Пры гэтым іх усіх выпішуць з кватэры
  • Ясь
    02.02.2026
    Нашлі мне праблему , вижу режим активно проталкивает переход уехавших на РР паспорта. Явно за этим что-то стоит. Может потом будут лишать гражданства или налог какой дополнительный введут на собственность уехавших. Паспорт РР это добровольное признание,что ты уже не резидент страны.

Цяпер чытаюць

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга4

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Да канца гэтага года мы павінны мець свае боепрыпасы да артылерыйскіх сістэм39

Урад Ціханоўскай прыняў пастанову «Аб беларускім партызанска-супраціўным руху»25

У Будслаўскім касцёле люты холад: прыхаджане стаяць у пухавіках і шапках, а святары адпраўляюць службу ў пальчатках4

Міжнародная ліга КВЗ спыняе сваю працу ў Мінску пасля 12 гадоў3

Ад 7 еўра за гадзіну на будоўлі ў Гамбургу да 14 еўра на Алімпіядзе ў Парыжы: досвед беларуса пра заробкі ў Еўропе6

Сёння ўначы было амаль да 30 градусаў марозу

Канец эпохі цалкам бясплатнага ШІ? У ChatGPT з'яўляецца рэклама, і вось як яна будзе выглядаць5

Маладую фатографку з Баранавічаў асудзілі за палітыку. Яна толькі нядаўна стала мамай2

У Гомелі кіроўца трапіў у занос і вылецеў на прыпынак з людзьмі. Цудам усё скончылася добра ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга4

На Шры-Ланцы ў 37 гадоў памёр беларускі кінапрадзюсар Андрэй Маталыга

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць