«За поспех нашай безнадзейнай справы»: дысідэнты, якія падтачылі імперыю знутры
Нацыянальныя рухі Усходняй Еўропы, у тым ліку і беларускі, у адрозненне ад расійскіх лібералаў, былі заўсёды арыентаваныя на масавую агітацыю. Гэта толькі адна з высноў у цікавай манаграфіі пра дысідэнтаў у СССР, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію 2025 года, што для навуковага выдання надзвычайны поспех. І яна сугучная нашым сённяшнім прыгляданням: а ці можа змяніцца Расія? А пры якіх умовах будзе шанец у Беларусі? Пра кнігу Бенджаміна Натанса To the Success of Our Hopeless Cause: The Many Lives of the Soviet Dissident Movement («За поспех нашай безнадзейнай справы: шматлікія жыцці савецкага дысідэнцкага руху») у сябе ў фэйсбуку напісаў Аляксей Ластоўскі.

Спачатку я звярнуў на гэтую кніжку на бостанскім ASEEES у лістападзе мінулага года, але на прэзентацыю не трапіў, там шмат усяго адначасова адбывалася.
Але калі ў сакавіку была прэзентацыя кнігі ў New York University Jordan Center for the Advanced Study of Russia, то якраз удалося наведаць.
На такіх прэзентацыях можна пачуць, як кнігі насамрэч ствараліся, бо звычайна ў навуковых манаграфіях генезіс прыхоўваецца, такая практыка. А тут аўтар кнігі прызнаецца, што на тэму ён выйшаў праз патрэбы выкладання ва ўніверсітэце, бо раней ён пісаў пра лёс габрэяў у Расійскай імперыі. А з падрыхтоўкі курса для студэнтаў вырасла манаграфія, якая паспела атрымаць прэстыжную Пулітцэраўскую прэмію 2025 года, што для навуковага выдання надзвычайны поспех. Разам з тым тэма дысідэнцтва, вельмі папулярная ў часы Халоднай вайны і ў пачатку 1990-х, а потым сур’ёзна падзабытая, паступова вяртаецца на хвалі чакання, што раз аўтарытарызм зноў усталяваўся ў Расіі, то дзе новыя дысідэнты?
Хоць адразу Натанс прызнае, што самі гэтыя людзі, якія пайшлі на канфрантацыю з савецкай сістэмай, называлі сябе «инакомыслящими» (іншадумцамі), але аўтар гэтага слова нават выгаварыць не змог (думаю, можна дараваць). «Дысідэнты» — гэта ўсё ж заходняя тэрміналогія.
Так ці інакш, оптыка расповеду вонкавага назіральніка, і гэта дарэчы, калі захоўваецца высокі ўзровень аналізу. А тут не толькі старанна перачытаныя шматлікія тэксты, створаныя гэтым колам (мабыць, мала якое асяроддзе пакінула па сабе столькі мемуараў, ды яшчэ супярэчлівых), але і вельмі цікава аналізуецца гэты рух. Гэта можа і не чысты кейс напісання інтэлектуальнай гісторыі, але вельмі блізка, бо Натанса цікавяць асноўныя дылемы руху: як можна было зладзіць пратэст у Савецкім Саюзе?
Відавочна, што гэта сітуацыя паслясталінскага часу, «вегетарыянскага», калі савецкія ўлады адыходзяць ад канібалісцкіх практык сацыяльнага тэрору, а гэта абавязковая ўмова для публічнай артыкуляцыі нязгоды. Цікава, што большасць «дысідэнтаў» — гэта дзеці новастворанай эліты, але якія адчулі і на лёсе бацькоў, і часам ўласна на сабе жах Вялікага Тэрору. Але прыналежнасць да эліты давала інтэлектуальныя і практычныя магчымасці выхаду за абмежаванні — і на палях заўважу тую ж сітуацыю ў Беларусі, дзе многія пачынальнікі руху за незалежнасць Беларусі былі дзецьмі наменклатуры (і гэта сведчыць, што беларускія палітычныя траекторыі не былі ўнікальнымі).
Важнае назіранне Натанса — што гэтыя савецкія дысідэнты былі ўжо дзецьмі савецкага ладу, яны выраслі з бальшавіцкай рыторыкай, яе ж выкарыстоўвалі, і бачылі сваю мэту ў выпраўленні Савецкага Саюза, а не ў яго знішчэнні. Сярод іх былі і неаленіністы, як той жа генерал Пятро Грыгарэнка, вайсковая кар’ера якога пачыналася са знішчэнняў у складзе каманды, што падрывала цэрквы Віцебска і Мінска.
Іншае назіранне: дыспрапарцыйна вялікая доля габрэяў у складзе дысідэнтаў. З аднаго боку, гэта прадказальна, што «іншадумцы» паўставалі з савецкай інтэлігенцыі, дзе яўрэі былі дыспрапарцыйна прадстаўленыя. Пагаджуся, што дадаткова працаваў фактар і маргіналізацыі, калі этнічны маркер пастаянна суправаджаў на працягу жыцця.
Тут дадам, што Натанс не здолеў распазнаць падобную маргіналізацыю ў выпадку Яна Яхімовіча. Латгальскія палякі — у выпадку якіх вельмі цяжка правесці мяжу з беларусамі-каталікамі — былі не менш маргіналізаваныя ў савецкай Латвіі, чым яўрэі — у СССР увогуле. Дарэчы, пасля таго як Яхімовіча звольнілі з пасады дырэктара саўгаса, ён змог уладкавацца на працу тольку ў санаторый «Беларусь» у Юрмале (не латвійскага падпарадкавання).
Яшчэ адзін агульны фактар вылучае маскоўскае кола дысідэнтаў — надзвычайная канцэнтрацыя навукоўцаў (прытым не гуманітарыяў, як у нацыянальных рухах). Адным з найбольш праслаўленых іншадумцаў стаў Андрэй Сахараў, але для Натанса куды больш важная постаць Аляксандра Вольпіна, якога ён лічыць аўтарам канцэптуальнай ідэі, вакол якой сфармаваўся дысідэнцкі рух у СССР. Адзначу таксама, што Вольпін усім быў больш вядомы як пазашлюбны сын Сяргея Ясеніна, але маці яго, паэтка Надзея Вольпіна, была з магілёўскіх габрэяў, а дзед яго быў адвакатам з Магілёва.
І тут парадокс, што менавіта матэматыкі і фізікі звярнуліся да юрыдычнай ідэі, што «рэпертуар супраціву» павінен зводзіцца да патрабавання выканання савецкімі ўладамі Канстытуцыі, законаў і міжнародных пагадненняў. Гэта была радыкальная ідэя, якая выйшла з савецкай свядомасці, але давала магчымасць рэалізацыі як першых масавых акцый (у часы, калі яшчэ былі свежыя ўспаміны пра сталінскі час), так і першых праваабарончых арганізацый. У выніку і сапраўды галоўны вектар дысідэнцкага руху стаў праваабарончым.
Яшчэ адно важнае назіранне Натанса — гэты праваабарончы рух заўжды быў звернуты на Захад, там ён шукаў падтрымкі, і ніколі не быў арыентаваны на масавую агітацыю (у адрозненне ад нацыянальных рухаў). Гэтая арыентацыя на Захад і апеляцыя да ўніверсалісцкай мовы правоў чалавека стварыла для савецкіх дысідэнтаў надзвычай пазітыўны імідж у заходнім свеце — але адначасова стала і сімптомам, і прычынай таго, чаму ў Расіі лібералізм выявіўся такім нетрывалым [у адрозненне ад нацый Усходняй Еўропы — Рэд.].

Як прызнаўся аўтар на прэзентацыі ў Нью-Ёрку, найбольш часта яму закідаюць крытыкі, што расповед атрымаўся маскоўскацэнтрычным, у эпіцэнтры добра вядомае кола асобаў. Гэта, з аднаго боку, трывалая рыса заходняга наратыву пра дысідэнцкі рух у СССР, дзе «правільнае» маскоўскае кола, якое апелюе да ўніверсальных лозунгаў, супрацьпастаўляецца партыкулярысцкім рухам — нацыяналістаў, католікаў, баптыстаў, якіх свядома выключаюць з гэтага наратыву. І тут у кнізе гэтыя колы адлюстроўваюцца цалкам перыферыйна — бо ў маскоўцаў былі з імі кантакты.
Але ў мяне паўстала яшчэ адна ідэя, што можна таксама казаць і пра гетэратопію супраціву ў СССР — у адных месцах дазвалялася больш вольнасцяў (Эстонія), іншыя месцы выступалі як найбольш надзейныя для знішчэння «ненадзейных элементаў». Вось ці выпадкова менавіта ў Мінску забілі Міхоэлса і арыштавалі Параджанава?
Benjamin Nathans. To the Success of Our Hopeless Cause: The Many Lives of the Soviet Dissident Movement. — Princeton University Press, 2024
У цэнтры Мінска зносяць вышку-глушылку, узведзеную яшчэ ў савецкія часы
Кніга пра гісторыю савецкіх дысідэнтаў выйграла Пулітцэраўскую прэмію
«Дачка беларускага дысідэнта, забітага па загадзе ўладаў». У Netflix выйшаў фільм, дзе адна з гераінь — беларуская палітуцякачка
67-гадовага расійскага дысідэнта Аляксандра Скобава прыгаварылі да 16 гадоў калоніі
Каментары