Грамадства22

Арышт, СІЗА і тры гады «хіміі» за 4 фота расійскай вайсковай тэхнікі. Мікіта Лосік расказаў сваю гісторыю

Фонд BySol 22 ліпеня паведаміў пра эвакуацыю Мікіты Лосіка, якога асудзілі на 3 гады «хіміі» па справе «Беларускага Гаюна». Мікіта цяпер у бяспецы ў адной з еўрапейскіх краін. У размове з «Радыё Свабода» ён расказаў, чаму вырашыў адправіць фота расійскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну».

Мікіта Лосік. Фота: «Радыё Свабода»

Інжынер-праграміст на інструментальным заводзе

25-гадовы Мікіта Лосік працаваў інжынерам-праграмістам на Аршанскім інструментальным заводзе. Родам з Баранавіч, скончыў гімназію з высокім балам — 9,3. Хацеў паступаць у Мінск, у БНТУ, але вырашыў вучыцца ў родным горадзе — паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на інжынерны факультэт, спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі». Вучыўся на бюджэце, таму паехаў працаваць у Оршу па размеркаванні. Праца і калектыў яму падабаліся, таму пасля абавязковых 2 гадоў Мікіта застаўся на заводзе.

Ён расказвае, што ў пачатку лютага 2023 года ішоў з працы — завод знаходзіцца каля чыгункі — і ўбачыў эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай.

«У афіцыйных навінах і СМІ кажуць, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, што гэта мірная краіна. Нас з дзяцінства вучылі, што вайна — гэта страшна, «не вайне». А тут па беларускай тэрыторыі вязуць расійскую тэхніку на вайну! Гэта мяне вельмі раззлавала. Везлі яе адкрыта, не ноччу, а сярод белага дня — цэлы эшалон танкаў, зенітных установак з літарамі Z і V, у вагонах з абрэвіятурай РЖД. Я зрабіў некалькі здымкаў і адправіў у «Беларускі Гаюн», — тлумачыць Мікіта.

«Стаць на калені, рукі ў кайданкі»

Больш чым праз два гады, 9 красавіка 2025 года, а 6-й раніцы нехта пачаў моцна стукаць у дзверы інтэрната, дзе жыў Мікіта. Ён падумаў, што гэта п’яны сусед забыўся ключы. Сусед адкрыў дзверы — на парозе былі сілавікі ў поўнай экіпіроўцы. Яго паклалі тварам у падлогу. Потым тое ж самае зрабілі з Мікітам. Аператыўнік без маскі паказаў перапіску з «Беларускім Гаюном».

«Гэта была перапіска за люты 2023-га. Я яе даўно выдаліў. Адкуль яна ў іх — незразумела. Спачатку ўсё адмаўляў. Мне загадалі сабрацца, павялі ў бусік, загадалі стаць на калені, рукі закавалі у кайданкі. Пакуль чакаў, правялі ператрус, знайшлі стары тэлефон, з якога я ўсё рабіў. Павезлі ў Віцебск. Па дарозе пагражалі: «Хочаш да брата ў суседнюю камеру?» Я пажартаваў: «Было б добра, даўно не бачыліся». Жарт не зразумелі», — кажа Мікіта.

ІЧУ без матрацаў і бялізны

У следчага ўжо чакала адвакатка. Яна параіла не прызнавацца і нічога не каментаваць. На першым допыце пыталі пра працу, суседзяў, калег. Увечары адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Умовы там — як у 2020 годзе. Палітычных трымаюць у кайданках, часта мяняюць камеры, не даюць ні матрацаў, ні бялізны. Спіш на голым метале або падлозе. Святло не выключаюць, праверкі 2—3 разы за ноч. Псіхалагічны ціск, правакацыі. Мяне не білі, толькі абражалі», — расказвае Мікіта.

У ІЧУ ён правёў 3 дні. КДБ нічога не знайшоў, акрамя хэштэга «Не вайне» і старога статусу ў «Вконтакте» з бел-чырвона-белым і ўкраінскім сцягамі — за гэта завялі адміністрацыйную справу.

«Пыталі, ці «было б лепш, калі б перамагла Ціханоўская?» Я не паддаваўся. Опер казаў: «Ты думаеш, што нічога не зрабіў, цябе гэта выратуе? Хацеў вайны і развалу краіны?» — кажа Лосік.

Паводле яго, палітычных у Віцебскім ІЧУ і СІЗА шмат. У кожнай камеры 2—3 «палітычныя». Справы «Гаюна» стараліся завяршыць за 3 месяцы. Мікіта апошнія 1,5 месяца правёў без следчых дзеянняў. У канцы траўня пачаў знаёміцца са справай — 4 тамы. Абвінавачанне: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пракурор зняў абцяжарваючыя абставіны.

Суд і прысуд

2 ліпеня пачаўся суд — вёў Раман Дэгода. Вядома было, што працэс доўжыцца 2 дні — 2 і 8 ліпеня.

«Мікіта Лосік у няпэўны перыяд часу, але не пазней за 16:50 10 лютага, знаходзячыся ў Оршы, з намерам садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці…» — зачытаў пракурор.

Абвінаваўца пытанняў не задаваў. Суддзя дзейнічаў актыўна: цытаваў сацсеткі, старыя падпіскі на тэлеграм-каналы, 4 фота тэхнікі. Мікіта казаў, што хацеў даслаць фота Антону Матольку, але адправіў у «Гаюн». Суддзя казаў: «Як гэта не ведалі, каму дасылаеце?» Потым дазволіў узгадніць пазіцыю з адвакатам.

8 ліпеня — апошні дзень. Пракурор спачатку прасіў 4 гады «хіміі». Прысуд — 3 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мікіту вызвалілі з залы суда.

Пакуль Мікіта быў у СІЗА, яго завочна аштрафавалі па адміністрацыйнай справе — за аватарку са сцягамі і хэштэгам «не вайне». Штраф — 80 базавых (3360 рублёў).

Эміграцыя

Праз некалькі дзён пасля суда Мікіта вырашыў з’ехаць з краіны.

«Я, вядома, радаваўся, што не турма, а «хімія». Але шмат чуў, што ўмовы там цяжкія, любая дробязь — парушэнне. Тры парушэнні — і «хімію» могуць замяніць на калонію. Плюс прозвішча можа перашкаджаць. Таму вырашыў з’ехаць, хаця гэта было няпроста», — кажа ён.

Фонд BySol абвясціў збор, каб дапамагчы Мікіту адаптавацца і пачаць новае жыццё. Падтрымаць яго можна па спасылцы.

Каментары2

  • .
    23.07.2025
    «У матэрыялах справы спрэс было апісаньне сацсетак, груп — адкульсьці яны „адкапалі“ падпіскі на тэлеграм-каналы, якія я наагул не глядзеў. Альбо на якія некалі быў падпісаны, але даўно адпісаўся.»
    (з поўнага артыкула, тут скарочаная версія)

    Гэта выцягваюць экспартам даных з акаўнта тэлеграм. І гэтая інфармацыя не выдаляецца ў тэлеграм.
    Хто дагэтуль карыстаецца старым акаўнтам, які быў актыўны да 2022 г. (або пазней, калі вы мелі пратэсныя падпіскі і чаты), выдаляйце і стварайце новы.
  • Ф
    23.07.2025
    А ён разумеў, што адчувае тэхніка, калі ён яе фатаграфуе без яе дазволу? А потым яшчэ і фатаздымкі рассылае ўсякім разным?

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць