Найбуйнейшая сетка фастфуду ў свеце, пра якую амаль не ведаюць на Захадзе
У 1990-я гады сын беднага фермера пачаў прадаваць таннае марожанае. Сёння ў яго кампаніі больш кропак, чым у McDonald's ці Starbucks.

Гісторыю кампаніі расказала выданне «Холод».
Чжан Хунчаа, сын кітайскага фермера, пераехаў у горад дзеля вучобы і адкрыў невялікі шапік з японскімі ласункамі, але той праіснаваў нядоўга. На працягу некалькіх гадоў ён спрабаваў розныя бізнесы, але нічога не атрымлівалася — пакуль аднойчы Чжан не вырашыў прадаваць таннае марожанае каля школы.
Сёння яго сетка Mixue — адна з самых уплывовых кампаній 2025 года, а асабісты капітал прадпрымальніка перавышае маёмасць многіх нафтавых магнатаў.
Mixue — гэта невялікія кавярні, дзе прадаюцца ахаладжальныя напоі і дэсерты. У меню можна знайсці мілкшэйкі, смузі, бабл-ці, а таксама марожанае з печывам Oreo. У сеткі ёсць уласны лагатып — усмешлівы снегавік з каронай, які трымае скіпетр у выглядзе вафельнага ражка з марожаным.
У свеце налічваецца больш за 45 тысяч устаноў Mixue — гэта больш, чым у McDonald’s або Starbucks. Пры гэтым сетка мала вядомая заходнім спажыўцам, бо прадстаўлена пераважна ў азіяцкіх краінах: у Кітаі, Тайландзе, Камбоджы, Сінгапуры, В’етнаме, Японіі і Паўднёвай Карэі. У Еўропе кавярня Mixue ёсць толькі ў Францыі.
У кавярнях Mixue нізкія цэны: напоі каштуюць шэсць юаняў — гэта менш за адзін даляр. У Кітаі прыкладна столькі ж каштуе адна банка Coca-Cola. Для параўнання: іншы кітайскі брэнд Nayuki прадае падобныя напоі ў сярэднім за 3,8 даляра.
«Няхай людзі ва ўсім свеце ядуць і п'юць добра — усяго за два долары», — кажа заснавальнік Mixue Чжан Хунчаа.
Кавярні Mixue зрабілі Чжана мільярдэрам: яго стан перавысіў 10 мільярдаў долараў — гэта ў тры разы больш, чым у былога кіраўніка Starbucks Говарда Шульца.
Бабуля ўклалася ў справу
Чжан Хунчаа вырас у беднай сям’і ў правінцыі Хэнань. Яго бацькі былі фермерамі і марылі пра адукацыю для траіх сыноў, таму адправілі іх у горад. Чжан паступіў у Хэнаньскі ўніверсітэт эканомікі і права ў Чжэнчжоў. У студэнцкія гады ён разводзіў перапёлак і трусоў, падпрацоўваў афіцыянтам. Але аднойчы яго натхніла кніга Ога Мандзіна «Найлепшы гандляр у свеце» — пра чалавека, які пачаў свой шлях з паганятага вярблюдаў і стварыў уласную справу.
У 1997 годзе, калі яму было 21, Чжан пазычыў 360 долараў у сваёй бабулі і адкрыў у Чжэнчжоў невялікі шапік, дзе прадаваў ахаладжальныя напоі і какігаоры — гэта японскі дэсерт з лёду з салодкім сіропам. Спецыяльны апарат какігаоры-кі, які састругае стружку з лёду для прыгатавання дэсерта, Чжан зрабіў самастойна.
Спачатку бізнес ішоў добра. Чжан Хунчаа прадаваў напоі, сабекошт якіх складаў 1,5 юаня (прыкладна 21 цэнт), за 100 юаняў (каля 14 долараў), што давала нацэнку амаль у 6600%. Але неўзабаве з'явіліся праблемы. Людзі куплялі какігаоры толькі летам, а зімой попыт на дэсерт і ахаладжальныя напоі рэзка падаў. Акрамя таго, развіццю бізнесу перашкаджалі мясцовыя ўлады, якія некалькі разоў зносілі шапік у сувязі з урбанізацыяй Чжэнчжоў. Чжан аднаўляў гандлёвы пункт як мінімум пяць разоў, але ў выніку ўсё ж такі вымушаны быў яго закрыць.
Пазней, ужо дасягнуўшы поспеху, Чжан прызнаваўся, што ў тыя часы думаў пра самагубства. Яго ўратавала думка пра блізкіх: ён хацеў вярнуць пазычаныя грошы.
Братэрская франшыза
Чжан Хунчаа яшчэ неаднаразова спрабаваў адкрываць шапікі — то з салодкімі напоямі, то з марожаным. Але нічога не спрацоўвала да 2003 года, калі ён адкрыў краму з марожаным каля школы. Яго асноўнымі кліентамі сталі дзеці і падлеткі.

Назву Mixue Чжан зарэгістраваў яшчэ ў 1999 годзе — менавіта так ён назваў сваю кампанію. У гэты раз ён паспрабаваў новую мадэль развіцця: усё прадавлася па нізкіх цэнах, каб прыцягваць дзяцей, а атрыманы прыбытак укладваўся ў абсталяванне. Фірменны дэсерт Mixue — мяккае марожанае ў ражку — каштаваў усяго 1 юань.
Сетка Чжана пачала хутка пашырацца, калі да яго далучыліся сваякі і сябры. Яны адкрывалі новыя пункты па ўсёй краіне пад брэндам Mixue праз франшызу — гэта бізнес-мадэль, калі галоўная кампанія (франчайзер) дазваляе іншым прадпрымальнікам (франчайзі) карыстацца брэндам, рэцэптамі і тэхналогіямі за пэўную плату. Франчайзі адкрываюць крамы пад фірмовай назвай, прытрымліваюцца стандартаў, зарабляюць і аддаюць частку даходу кампаніі. Па такім прынцыпе працуюць большасць рэстаранаў McDonald’s і Subway.
Сёння больш за 99% кропак Mixue ў Азіі працуюць па франшызе. З цягам часу кампанія спрасціла патрабаванні для франчайзі, каб адкрываць бізнес пад яе брэндам маглі ўсё больш прадпрымальнікаў — а не толькі сябры і сваякі заснавальніка. Кожнаму патэнцыйнаму ўладальніку кавярні Mixue, які прыходзіць у галоўны офіс дамаўляцца пра франшызу, выдаюць брашуру з матывуючым дэвізам:
«Старт ніколі не бывае занадта малым, а мара — занадта вялікай».

Фота: 彩色琪子 / Wikimedia Commons
За выкарыстанне брэнду Mixue атрымлівае роялці, але асноўную частку даходу кампаніі прыносіць іншае: яна прадае франчайзі абсталяванне і інгрэдыенты для напояў і дэсертаў.
У сетцы дагэтуль захоўваецца тая ж стратэгія, што і ў першай крамцы каля школы: вялікі аб’ём вытворчасці і нізкія цэны. Малочны чай і марожанае ў Mixue каштуюць у два разы танней, чым у бліжэйшых канкурэнтаў. Дзякуючы гэтаму кропкі Mixue асабліва паспяхова працуюць у малых гарадах, дзе канкурэнцыя ніжэйшая — менавіта там размешчана каля 75% кавярняў сеткі.
Мадэль Mixue аказалася настолькі ўдалай дзякуючы скразной ланцужковай лагістыцы і вытворчасці. Кампанія не толькі прадае гатовы прадукт, але і самастойна вырабляе ўпакоўку, абсталяванне і каля 60% усіх неабходных інгрэдыентаў — малако, чай, фруктовыя сіропы і прыправы. Гэта дазваляе ёй менш залежаць ад знешніх пастаўшчыкоў.
Мільённыя прыбыткі
У 2018 годзе Mixue адкрыла першую замежную кропку — у В’етнаме. Ужо ў 2023 годзе, нават без прысутнасці ў ЗША і Еўропе, кампанія стала другім найбуйнейшым вытворцам гатовых напояў у свеце, саступаючы толькі гіганту Starbucks (хаця кропак у Mixue было больш). У Кітаі Mixue захоўвае лідарства з доляй рынку напояў 11,3%.

Кампанія штогод павялічвае прыбытак.
-
У 2022 годзе чысты прыбытак склаў 2 мільярды юаняў (278 млн даляраў),
-
у 2023-м — 3,2 мільярда юаняў (445 млн даляраў),
-
у 2024-м — 4,4 мільярда юаняў (612 млн даляраў).
Mixue захоўвае 15% выручкі: гэта значыць, што з кожных 100 юаняў даходу кампанія пакідае сабе 15 юаняў пасля ўсіх выдаткаў на падаткі, зарплаты і іншае. Для галіны хуткага харчавання гэта вельмі добры паказчык.
У сакавіку 2025 года Mixue выйшла на біржу, размясціўшы свае акцыі на Ганконгскай фондавай біржы і стаўшы публічнай кампаніяй. У першы ж дзень таргоў цана акцый вырасла на 47%, а кампанія прыцягнула 444 мільёны долараў. Попыт на каштоўныя паперы аказаўся настолькі высокім, што перавысіў прапанову ў 5258 разоў — такога ажыятажу не бачылі з 2021 года.
За амаль пяць месяцаў прысутнасці на біржы капіталізацыя Mixue вырасла больш чым удвая і дасягнула амаль 24 мільярдаў долараў.
Іншыя кітайскія сеткі напояў таксама станавіліся публічнымі, напрыклад, кафэ бабл-ці Guming і Chabaidao. Але вытрымаць канкурэнцыю атрымалася не ўсім: акцыі Chabaidao абваліліся на 40% пасля IPO, а заснавальнікі сеткі Nayuki амаль цалкам страцілі сваё багацце.
Каментары