«Мне пагражалі расстрэлам». Як пераследуюць беларусаў па «справе дваровых чатаў»
Восенню 2024 года ў Беларусі супрацоўнікі КДБ правялі рэйд на актывістаў па ўсёй краіне. Яны затрымлівалі людзей, якія, на іх думку, былі датычныя да «дваровых чатаў», якія незадоўга да затрыманняў прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». У выніку за краты змясцілі дзясяткі чалавек у межах крымінальнай справы за «змову з мэтай захопу ўлады», а таксама за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». У ліпені гэтага года пачаліся масавыя суды па гэтай справе. Большасць фігурантаў — жанчыны. «Вясна» сабрала ўсё, што вядома пра пераслед актывістаў, а таксама паразмаўляла з фігуранткай справы, у якой атрымалася збегчы з краіны.

Крымінальная справа і масавыя суды
Напрыканцы кастрычніка і ў пачатку лістапада 2024 года па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па «справе дваровых чатаў», якія нібыта «спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады». 29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».
Паводле ведамства, дачыненне да гэтых ініцыятыў маюць Ірына Якаўлева, Наталля Дароніна, Дыяна Гаўрылава, грамадзянін Украіны Іван Амялян, Вольга Няхайчык, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Наталля Гужова, Ірына Смалярава, Станіслаў Батвін, Наталля Лантух.
Супраць дзясяткаў людзей завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай. Некаторым спачатку выставілі абвінавачванне паводле арт. 357 КК, а пазней перакваліфікавалі на арт. 361-1 КК, некаторых абвінавачваюць адразу па двух артыкулах.
У ліпені 2025 года ў Беларусі пачаліся першыя масавыя суды па гэтай справе. Так, у Гродне пачаўся масавы суд над пяццю фігурантамі. Таксама хутка пачнуцца суды над групамі людзей з Ваўкавыска і Навагрудка.
Гісторыя затрыманай мінчанкі па «справе чатаў»
«Вясна» паразмаўляла з жанчынай, якую таксама затрымалі падчас рэйду і выставілі абвінавачванне за «змову з мэтай захопу ўлады».
Супрацоўнікі КДБ прыйшлі да Таццяны падчас хвалі затрыманняў па ўсёй Беларусі па справе «дваровых чатаў» — 31 кастрычніка 2024 года. Жанчына адзначыла, што перад затрыманнем у яе знік інтэрнэт, таму яна не змагла папярэдзіць сваякоў. Гэта новая стратэгія, якая тады ўпершыню выкарыстоўвалася сілавікамі. З моманту затрымання Таццяны яе амаль увесь час утрымлівалі ў кайданках.
«Прыкладна а 6-й раніцы мне пачалі грукаць у дзверы. Прыкладна гадзіну я ім не адчыняла, бо разумела, навошта прыйшлі. А да гэтага мяне папярэдзілі за некалькі дзён, што праходзяць затрыманні і трэба рыхтавацца. Я гэтую гадзіну ўсё чысціла, хавала. Потым я адчыніла дзверы, мяне паклалі тварам на падлогу. Зайшлі чатыры чалавекі: два кэдэбэшнікі ў цывільным і двое панятых ад іх. Правялі ператрус, усю хату дагары нагамі перавярнулі, усё скінулі на падлогу. Потым правялі ператрус у машыне. Забралі некалькі флэшак і тэлефоны. Мяне правялі ў бусік на паркоўцы, дзе няма камер, там яшчэ сканчвалі афармляць дакументы. Пасля гэтага павезлі ў КДБ».
Падчас допыту супрацоўнікі цікавіліся, адкуль у жанчыны літоўская шэнгенская віза, бо з вясны 2023 года атрымаць яе могуць толькі тыя, у каго сваякі маюць грамадзянства Літвы ці Еўрасаюза. Па словах Таццяны, заяўку на атрыманне візы яна падала за два тыдні да прыняцця гэтага закона ў Літве.
«Мне пра маю актыўнасць расказалі ўсё, што толькі магчыма — і гэта было праўдай. І тое, што я дапамагаю палітвязням і іх сем'ям, хлопчыку з інваліднасцю і іншыя рэчы. Потым была гульня ў злога і добрага паліцэйскага».
Допыт цягнуўся да пятай вечара. За гэты час жанчына нічога не ела і не піла, у туалет яе вывелі толькі аднойчы, пры гэтым — у мужчынскі. Супрацоўнікі таксама дасканала правяралі тэлефон Таццяны.
Іх цікавалі паездкі жанчыны за мяжу, з кім яна там сустракалася, у якіх мерапрыемствах удзельнічала. Таксама супрацоўнікі КДБ спрабавалі высветліць, ці ведае Таццяна штосьці пра дзейнасць дваровых суполак, якія незадоўга да затрыманняў былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем».
У РУУСе прышпілілі кайданкамі да лаўкі
Пасля заканчэння размовы жанчыне далі падпісаць падпіску аб неразгалошванні і сказалі, што яна надалей затрыманая, і перавезлі яе ў РУУС.
Ва ўпраўленні Таццяну прышпілілі кайданкамі да лаўкі ў калідоры, бо ад прапановы пачакаць у пакоі без вокнаў яна адмовілася. У калідоры яна некалькі гадзін чакала, пакуль супраць яе складуць пратакол за «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі» паводле арт. 24.3 КаАП. На наступны дзень затрыманай суд прызначыў 10 сутак арышту за тое, што тая нібыта «чаплялася за вопратку міліцыянта». Адміністрацыйны арышт Таццяна адбывала ў ЦІПе на Акрэсціна. Там жа знаходзіліся і іншыя затрыманыя па «справе дваровых чатаў».
Па словах былой арыштанткі, падчас хапуна па гэтай справе было шмат затрыманых па вяртанні ў Беларусь: на некаторых надзявалі кайданкі проста на мяжы, за іншымі прыходзілі дадому цягам наступных дзён.
«Казалі, што будуць катаваць і збіваць да паўсмерці»
Падчас адбыцця арышту да Таццяны на Акрэсціна прыходзілі супрацоўнікі КДБ:
«У мяне зноў пыталіся пра маю візу, называлі мне людзей. Але я казала, што нікога і нічога не ведаю. Быў вельмі жорсткі допыт, які вельмі доўга цягнуўся. Пагражалі мне расстрэлам. Казалі, што будуць катаваць і збіваць да паўсмерці. Пагражалі адправіць у карцар і не даваць спаць. Напрыканцы я проста адмовілася сведчыць супраць сябе (арт. 27 Канстытуцыі). Яны адразу замоўклі, а ў пратаколе допыта пазначылі выключна толькі пра маю адмову сведчыць».
Пасля сканчэння тэрміну супрацоўнікі КДБ зноў забралі Таццяну і павезлі ў Следчы камітэт.
«Мяне везлі ў кайданках. І я ў іх так ішла па вуліцы. Людзі ішлі, я ў кайданках…»
«Прымусілі распрануцца дагала»
Па словах жанчыны, тая інфармацыя, якой валодалі сілавікі, сведчыла пра тое, што яе хтосьці «здаў».
«Спачатку мяне завялі ў кабінет і прымусілі распрануцца дагала, а жанчына правяла агляд. Потым супрацоўнікі правялі апытанне: ці ведаю я лідараў пратэснага руху, ці сустракалася я з імі, што рабіла ў Літве, ці хадзіла на канцэрты, у музеі, на грамадскія мерапрыемствы, ці ўдзельнічала ў пратэстах у 2020-м. Я ад усяго адмаўлялася. У гэтай анкеце было напэўна пытанняў з 40».
Дэталі абвінавачвання
У СК Таццяну перавялі ў статус падазраванай па крымінальнай справе паводле арт. 357 КК і зноў павезлі на Акрэсціна, але гэтым разам — у камеру ІЧУ, чакаць выстаўлення абвінавачвання. У дакуменце з інфармацыяй пра завядзенне крымінальнай справы былі некаторыя яе падрабязнасці:
«Там быў пералік прозвішчаў. Нібыта прыкладна з пачатку 2022 года актывісты, якія з'ехалі за мяжу, адкрылі арганізацыю «Пачатак», яны збіралі суполкі беларускія ўнутры краіны і нібыта праводзілі навучанне, размяркоўвалі ролі на выпадак, калі адбудзецца пераварот ці рэвалюцыя, і гэтыя людзі мусілі заняць пэўныя пасады. І там была пазнака, што на гэты момант яны ведаюць пра 17 суполак і кіраўніцтва іх. І нібыта яны плануюць дзяржаўны пераварот».
У ІЧУ да Таццяны прыходзіў следчы і таксама цікавіўся яе актыўнасцю ў Літве, распытваў пра пэўных людзей. Жанчына ўзгадвае, што некаторым затрыманым па гэтай справе на момант яе знаходжання ў ІЧУ выставілі абвінавачванні паводле арт. 357 КК і перавялі ў СІЗА.
«Я таксама чакала, што мяне туды адправяць. Але па заканчэнні 10 сутак мяне выклікалі да следчага і яшчэ нейкіх двух мужчын. Мне сказалі, што мяне выпускаюць дамоў з падпіскай аб нявыездзе. Яны сказалі, што супрацоўнікі КДБ яшчэ раз прыедуць да мяне дадому, каб паразмаўляць. Мы селі ў машыну і паехалі. Мяне вывозілі страшна, бо я думала, што мяне не адпусцяць. Са мной дадому прайшлі гэтыя два мужчыны і сказалі, што яны хочуць арыштаваць маю маёмасць. Яны пахадзілі па пакоях, паглядзелі што рамонт не скончаны, нічога не знайшлі і склалі дакумент пра тое, што ў мяне няма чаго арыштоўваць».
Прапанова аб супрацоўніцтве
Жанчыне аддалі ключы ад кватэры і машыны, але не аддалі пашпарт, а таксама арыштавалі банкаўскія рахункі з грашыма. Праз адсутнасць пашпарта яна не магла аднавіць сім-карту і зрабіць банкаўскую картку.
Следчы прапанаваў Таццяне супрацоўніцтва, таму мусіў выклікаць яе на размову, падчас якой у тым ліку паабяцаў вярнуць пашпарт. З дапамогай адваката Таццяна намагалася вярнуць дакумент, у выніку праз пэўны час яе выклікалі ў СК нібыта проста забраць пашпарт.
«Мы зайшлі ў кабінет, ён аддаў пашпарт і золата, а тэлефоны аддадуць пазней у КДБ. Там была такая прафілактычная размова, маўляў, вы ж разумееце, што людзі, якія сядзяць (па гэтай справе), яны пачынаюць даваць паказанні, вам таксама трэба расказаць».
Таццяна на прапанову адказала, што яна ў стрэсавым стане і ёй трэба параіцца з адвакатам. Ён ёй сказаў, што часу няшмат, бо пасля Новага года павінны распачацца асноўныя следчыя дзеянні.
Неўзабаве пасля гэтага Таццяна мусіла з'ехаць з краіны ад крымінальнага пераследу.
«Проста ім не спадабалася яе карціна». Пра знаёмствы на Акрэсціна
Таццяна расказала, што ў ІЧУ пазнаёмілася з палітзняволенай мастачкай Людмілай Шчамялёвай.
«Яна расказвала, што спачатку сілавікі прыйшлі з ператрусам да мужчыны, у якога вісела яе карціна. Яна была без БЧБ, не пратэсная, але проста ім не спадабалася. Таму яны прыйшлі з ператрусам да Людмілы і яе мужа. З іх зрабілі экстрэмісцкую суполку і выставілі абвінавачванне паводле таго ж арт. 357».
Таксама жанчына ўзгадала пра пераслед анкахворай украінкі:
«На ЦІПе я была ў 2022 годзе і ў параўнанні з 2024-м — там крыху лягчэй. Але гэтыя рэпрэсіі не тое, што не спыняюцца, а там ужо проста фашызм цяпер. Там была ўкраінка, якую затрымалі ў Брэсце. У яе анкалогія. Яна ішла ў паліклініку, яе затрымалі на вуліцы і прывезлі ў Мінск. Яна спала на падлозе і ў яе разышлося шво (пасля аперацыі па выдаленні пухліны). Ёй не аказвалася ніякая дапамога. Ёй толькі далі зялёнку, каб мазаць швы».
Вядома, што жанчыну павінны былі дэпартаваць з Беларусі праз Турэччыну.
Таццяна прыгадвае, што ў ІЧУ з ёй знаходзілася палітзняволеная, якую змясцілі пад варту ў межах крымінальнай справы, нягледзячы на тое, што яна нядаўна нарадзіла і карміла дзіця грудзьмі.
«Яшчэ быў такі момант: калі рыхтаваліся да вячэрняга «шмону», не было начальніка ЦІПа і маладыя хлопцы-супрацоўнікі там забаўляліся, жартавалі, раптоўна адкрылі газавы балончык і гэты газ разышоўся па ўсім калідоры і камерах. Кашлялі ўсе, каля гадзіны не маглі апрытомнець, бо ўсё шчыпала. Яны потым самі і вокны адчынілі».
Былы палітвязень Сяргей Шэлег параўнаў Валадарку з гасцініцай у Эфіопіі. Кажа, гэта дапамагло ўспрыняць рэальнасць
«Бывае, што страчвае прытомнасць». У палітзняволенай Валерыі Касцюговай пагаршаецца стан здароўя
«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі
«Выйшла ў лес, крычала і плакала». Палітзняволеная расіянка з вокладкі «КП» расказала пра сваё зняволенне і дэпартацыю
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Каментары
Им проще и нужнее мордовать население, чем сбивать беспилотники с тротилом.
Пры добрых адносінах з суседзямі на такі выпадак можна мець пароль ад суседскага wi-fi, які дабівае праз сцяну.