«Працаваў у дальнабоі больш за 20 гадоў». Што вядома пра загінулага ў страшным ДТЗ у суботу пад Старымі Дарогамі кіроўцу грузавіка?
«Хочацца крычаць на ўвесь свет, за што нам такое гора! За што ў нас яго забралі?!»

Жудасная аварыя адбылася раніцай 14 лістапада ў Старадарожскім раёне. Там лоб у лоб сутыкнуліся мікрааўтобус і грузавік Mercedes. На сустрэчную паласу выскачыў 21‑гадовы кіроўца мікрааўтобуса, які з 24 лістапада ўжо не мог бы садзіцца за руль — яго пазбавілі правоў за грубыя парушэнні ПДР. Разам з ім загінула яго 19‑гадовая дзяўчына (яны збіраліся неўзабаве ажаніцца) — яна сядзела на пасажырскім месцы. ДТЗ забрала жыццё і 54‑гадовага кіроўцы сустрэчнага грузавіка — журналісты Onliner.by паразмаўлялі з яго дачкой і пляменніцай, якія цяжка перанеслі навіну пра трагедыю.
Паводле папярэдняй версіі ДАІ, да трагедыі маглі прывесці парушэнне рэжыму працы і адпачынку кіроўцы мікрааўтобуса, тэхнічны стан машыны і перавышэнне хуткасці. Вядома, што 21‑гадовы малады чалавек неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за грубыя парушэнні ПДР. У дачыненні да яго ўжо вынеслі пастанову аб пазбаўленні правоў, аднак набыць моц яна павінна была толькі 24 лістапада.
Кіроўцу грузавіка, якому «ў лоб» прыляцеў мікрааўтобус (згодна з інфармацыяй ДАІ), звалі Міхаіл. У яго дзве дачкі, малодшая Аліна. Яна распавяла: тата ўсё жыццё любіў вялікія машыны, працаваў у дальнабоі больш за 20 гадоў і нават «аб'ехаў паўсвету».

— У наш дом прыйшла бяда і непапраўная страта. Маці страціла сына, жонка страціла мужа. Дзве дачкі засталіся без бацькі, а ўнукі без дзядулі… Ён быў выдатным сем'янінам. Жыццярадасны, ласкавы, добры! Заўсёды ўсім дапамагаў. Будаваў планы, любіў гэтае жыццё, быў вельмі таварыскі.
Мама часам казала, што, можа, ужо час змяніць працу на больш спакойную. Але ён не бачыў сябе нідзе, акрамя як за рулём вялікай машыны. Тата не дажыў да юбілею менш за месяц: 12 снежня яму споўнілася б 55 гадоў.

Хочацца крычаць на ўвесь свет, за што нам такое гора! За што ў нас яго забралі?!
— Ён быў добрым і спагадлівым. Вельмі любіў сваю сям'ю (жонку, дзвюх дачок і траіх унукаў). Унукі яго проста абажалі. Ён быў адзіны дзядуля ў іх, — дадае яшчэ адна сваячка мужчыны.


— Бяда прыйшла настолькі хутка і нечакана, як гром сярод яснага неба. Несправядліва, калі праз чужыя заганныя ўчынкі абрываецца жыццё невінаватага чалавека, які ехаў дадому да жонкі і дзяцей,— дадае дачка Аліна. — Спачуваем родным загінулай дзяўчыны (гаворка пра 19‑гадовую Валерыю —пасажырку мікрааўтобуса). Яна, як і тата, стала закладніцай абставінаў…Яе жыццё таксама абарвалася несправядліва і занадта рана.
Каментары