Экс-афіцэр польскай контрразведкі: Мельнікава супрацоўнічала са спецслужбамі Беларусі яшчэ да эміграцыі
«Мельнікава прайшла падрыхтоўку, былі пастаўлены вельмі канкрэтныя задачы. І гэтыя задачы яна выконвала на тэрыторыі Польшчы», — мяркуе Ганна Грабоўска-Сівец.

Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава супрацоўнічала з беларускімі спецслужбамі і была прыцягнутая да гэтага яшчэ да эміграцыі — такое меркаванне выказала маёр контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ў адстаўцы, супрацоўніца факультэта міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэта (доктар) Ганна Грабоўска-Сівец у праграме «Спецыяльны рэпартаж» у эфіры польскага тэлеканала TVP Info 5 кастрычніка, піша «Позірк».
Выпуск пад назвай «Аперацыя Мельнікава» быў прысвечаны яе знікненню.
«Мельнікава прайшла падрыхтоўку, былі пастаўлены вельмі канкрэтныя задачы. І гэтыя задачы яна выконвала на тэрыторыі Польшчы», — сказала Грабоўска-Сівец.
Узаемаадносіны з былым мужам, які свабодна прыязджаў да прадстаўніцы дэмакратычных сіл у Польшчу з Беларусі і вяртаўся назад, «былі формай сувязі», мяркуе спікерка. Былы муж палітычнай дзеячкі знаходзіўся пад наглядам беларускіх спецслужб, перакананая яна.
«[Гэта] падтрыманне пастаяннага кантакту, прыкрытае вельмі надзейнай легендай», — дадала Грабоўска-Сівец, маючы на ўвазе сустрэчы былога мужа Мельнікавай з іх дзецьмі.
«Гэта ідэальна ўпісваецца ў modus operandi, г.зн. спосаб дзеяння разведкі, і выдатна легендуе гэты кантакт, — працягнула экспертка. — Вельмі спецыфічныя абставіны знікнення Мельнікавай таксама можна патлумачыць мовай спецслужб — калі б я была заказчыцай, таксама б ужыла такія інструменты — крызіс са здароўем, знікненне грошай» (маецца на ўвазе сродкі, прызначаныя для ініцыятывы «Кіберпартызаны» і, паводле наяўнай інфармацыі, знятыя экс-спікеркай КР з банкаўскага рахунку).
«Тое, што свайго агента мы абвінавачваем у злачынстве і правакуем сітуацыю, у якой ён уцякае, знікае недзе бясследна з гэтымі грашыма — гэта ідэальная легенда, вельмі папулярная <…> у спецслужбаў. Таму, на маю думку, тут усё выдатна складаецца», — падсумавала Грабоўска-Сівец.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка ў рэпартажы чарговы раз заявіў: ён не верыць, што Мельнікава была агентам спецслужбаў Мінска.
Паводле Станіславы Гліннік, якая склала паўнамоцтвы віцэ-спікеркі КР у жніўні, першапачаткова разглядалася дзевяць асноўных версій таго, што магло адбыцца з Мельнікавай.
«На сёння, напэўна, засталося тры. Ёсць версія, што яна была супрацоўніцай беларускіх службаў з самага пачатку. Другая версія — што пачала супрацоўніцтва [з імі] пад прымусам нядаўна. І трэцяя — што была спроба яе завербаваць і націснуць, якая пайшла не ў тым кірунку», — дадала Гліннік.
Пры гэтым яна дапускае, што Мельнікавай можа не быць у жывых.
***
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага 2025 года і паляцела ў Лондан. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала нумар у пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там яе след губляецца. 25 сакавіка яна перастала выходзіць на сувязь. Дзе яна і што з ёй, няма інфармацыі.
Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаунта былі спампаваныя дакументы, якія датычацца працы арганізацыі.
У тым жа месяцы, паводле звестак «Кіберпартызанаў», Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч долараў са сродкаў фонду Białoruś Liberty. Вядома таксама, што перад знікненнем яна лётала на Кубу і ў Шры-Ланку разам з Аляксеем Лабеевым, супрацоўнікам лукашэнкаўскіх спецслужбаў.
Каментары
[Зрэдагавана]
[Зрэдагавана]