Свет22

Шпіён з варшаўскай мэрыі: польскі чыноўнік дапамагаў расійскай разведцы

Непрыкметны архівіст на працягу пяці гадоў выносіў з архіва варшаўскай мэрыі даныя і дакументы, на аснове якіх расійскія спецслужбы стваралі фальшывыя асобы для сваіх агентаў — «нелегалаў». Падрабязнасці гэтай павучальнай гісторыі расказала Rzeczpospolita.

Ілюстрацыйнае фота: Betsie Van der Meer / Getty Images

Паводле звестак Мазавецкага аддзела пракуратуры па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, Томаш Л. працаваў у Архіўным аддзеле актаў грамадзянскага стану варшаўскай мэрыі — адзіным у Польшчы месцы, дзе захоўваюцца старыя парафіяльныя метрычныя кнігі з тэрыторый, якія да Другой сусветнай вайны ўваходзілі ў склад Польшчы, а цяпер належаць Украіне і Беларусі.

Менавіта гэтыя кнігі ўваходзяць у склад так званай «забужанскай спадчыны» — архіўных матэрыялаў, што датычаць палякаў, выселеных у 1944—1952 гадах з усходніх земляў. У іх утрымліваюцца акты нараджэння, шлюбу і смерці, якія з’яўляюцца каштоўнай базай для пацвярджэння паходжання і грамадзянства.

Паводле звестак следчых, Томаш Л. на працягу пяці гадоў — з 2017 па 2022 год на асабістыя носьбіты інфармацыі і свой мабільны тэлефон скапіяваў сотні дакументаў — акты нараджэння, шлюбу, смерці, а таксама шаблоны афіцыйных дакументаў і перапіску з дыпламатычнымі ўстановамі.

Усё гэта ён перадаваў свайму «куратару» з расійскай разведкі, які фармальна працаваў дыпламатам у амбасадзе Расіі ў Варшаве і быў высланы з краіны ў сакавіку 2022 года. Перадача здзяйснялася «з выкарыстаннем закамуфляванай радыёсувязі», для чаго Томаш Л. прайшоў спецыяльнае навучанне.

Следчыя дапускаюць, што выкрадзеныя Л. персанальныя даныя расіяне маглі выкарыстоўваць для стварэння фальшывых біяграфій альбо «легендаў» нашчадкаў палякаў з усходу, што спрашчала «спячым агентам» расійскай разведкі атрыманне Карты паляка і нават грамадзянства. 

Як працуюць агенты-«нелегалы»

Як патлумачыў выданню былы кіраўнік разведкі Упраўлення абароны дзяржавы (Urząd Ochrony Państwa — UOP, існавала ў 1990‑2002 гадах — НН) Пётр Немчык, усе спецслужбы свету ствараюць сеткі «спячых агентаў». Іх асобы ствараюцца паводле дзвюх канцэпцый: агент дзейнічае альбо пад сваімі сапраўднымі данымі, альбо «пазычае» чужыя — жывых ці памерлых людзей. Агент-«нелегал» — гэта афіцэр разведкі, які працуе пад глыбокім прыкрыццём з цалкам выдуманай біяграфіяй.

«Стары метад — знаходзілі людзей, якія сапраўды нарадзіліся, былі ў розных рэестрах, а потым інфармацыя пра іх сціралася, напрыклад, яны памерлі ці загінулі, і на гэтай аснове дабудоўвалася астатняя частка біяграфіі», — кажа эксперт.

Як адзначае выданне, выкарыстанне чужых даных — не рэдкасць. Напрыклад, у 2010 годзе меркаваныя агенты ізраільскай разведкі «Масад», якія ліквідавалі ў Дубаі лідара ХАМАС, выкарыстоўвалі дакументы рэальных людзей. Тады брытанскі МЗС пацвердзіў, што ў шасці брытанцаў, якія жылі ў Ізраілі, скралі асабістыя даныя. Па неафіцыйнай інфармацыі, іх пашпарты былі скапіяваныя з заменай фотаздымкаў.

З нядаўніх выпадкаў згадваюцца муж і жонка Дульцавы — расійскія «нелегалы», якіх арыштавалі ў Славеніі.

«Нелегалы», як заключаюць аўтары, могуць не толькі здабываць інфармацыю ў важных месцах, але і выступаць у ролі надзейных сувязных паміж іншымі агентамі.

Як адзначае адна з крыніц выдання ў спецслужбах, працаваць незаўважна Томашу Л. дапамагала яго пасада. «Томаш Л. быў кіраўніком у архіве, яму не трэба было нікому тлумачыць, якія папкі ён браў», — кажа суразмоўца Rzeczpospolita. Ён дадае, што калі на аснове выкрадзеных даных і былі створаныя фальшывыя біяграфіі, то, хутчэй за ўсё, «яны зробленыя настолькі добра, што дагэтуль гэта не выявілася».

Фота: James Lauritz / Getty Images

Дзіўныя факты біяграфіі

Журналісты звяртаюць увагу на дзіўныя лакуны ў біяграфіі Томаша Л. Цяпер яму 58 гадоў. Ён родам з Канстанціна пад Варшавай, дзе яго бацька ў часы ПНР быў мясцовым партыйным функцыянерам. Л. пачаў вывучаць гісторыю ў другой палове 1980-х, але ў пачатку 1990‑х раптоўна кінуў вучобу і на доўгі час знік з поля зроку знаёмых.

Ён не наведваў універсітэта, невядома, ці працаваў і на што жыў у той час. Вучобу Томаш Л. аднавіў і скончыў толькі пасля 2000 года. Гэты працяглы прабел у ягонай біяграфіі выглядае падазрона, — адзначаюць журналісты.

Асобна падкрэсліваецца, што ў 2006 годзе Л. уваходзіў у камісію па ліквідацыі Вайсковых інфармацыйных службаў (WSI) — структуры, якая займалася рэарганізацыяй і перадачай сакрэтных матэрыялаў вайсковай разведкі і контрразведкі. У той час ён меў доступ да надзвычай канфідэнцыйнай інфармацыі, у тым ліку пра агентурныя сеткі і фінансаванне аперацый за мяжой.

Аднак, як адзначаецца, у матэрыялах абвінавачання няма ніякіх доказаў таго, што Л. ужо тады супрацоўнічаў з замежнымі спецслужбамі.

Суразмоўцы выдання прызнаюцца, што яго з’яўленне ў гэтай камісіі было нечаканым:

«Як бы ні ацэньваць яе склад, туды ўваходзілі людзі, якія мелі хоць нейкае ўяўленне пра дзейнасць спецслужбаў. Але Л. трапіў туды, відаць, па нейкім іншым прынцыпе — і ніхто з удзельнікаў не прызнаецца, хто яго прапанаваў», — адзначаюць яны.

Яшчэ адной дэталлю, якая выклікала пытанні, стаў інтэрнэт-профіль Томаша Л. Некаторы час ён меў у Facebook старонку з выразна правымі, нават радыкальнымі нацыяналістычнымі поглядамі.

Як адзначаюць журналісты, цяжка сказаць, ці гэта сапраўдная пазіцыя Л., ці такі імідж быў часткай яго легенды — «дымавой заслоны», якая павінна была дапамагчы яму зблізіцца з нацыянальна-кансерватыўнымі коламі і атрымаць давер у правым асяроддзі.

Выкрыццё і следства

Томаша Л. затрымала Агентства ўнутранай бяспекі (ABW) 17 сакавіка 2022 года. Гэта выклікала ланцуговую рэакцыю — з Польшчы былі высланыя 45 расійскіх дыпламатаў, у тым ліку афіцэр разведкі, які курыраваў Л. Па неафіцыйных звестках, у выяўленні шпіёна дапамагла сістэма сачэння Pegasus.

Фота: ABW

Следства доўжылася больш за тры гады. У верасні 2025 года пракуратура перадала справу ў суд. Томаш Л. абвінавачваецца ў тым, што з 2017 па 2022 год удзельнічаў у дзейнасці расійскай разведкі і перадаваў інфармацыю, здольную пашкодзіць інтарэсам Рэспублікі Польшча. Сам абвінавачаны сваёй віны не прызнае і адмовіўся ад дачы паказанняў.

На пытанне, што матывавала чыноўніка супрацоўнічаць з расійскай разведкай, пракурор адказаў: «Мы не даем інфармацыі пра матывацыю абвінавачанага».

Зараз Томашу Л. пагражае доўгі тэрмін зняволення — хоць пажыццёвае пакаранне, уведзенае пазнейшай папраўкай у закон, на яго не распаўсюджваецца.

Каментары2

  • Dredde
    10.10.2025
    у́ Польшчы ? 😊
    вялікі тэрмін ?! 😂
    не сьмяшыце курэй ! 💰😆
  • Папраўка
    10.10.2025
    "...якія да Другой сусветнай вайны ўваходзілі ў склад Польшчы, а цяпер належаць Украіне і Беларусі" - цэлых 18 гадоў! Вось гэта гісторыя!
    Да прарашысцкага шпіёна-паляка гэта, вядома, адносін не мае - лішні доказ, што ёсць такое г з усіх бакоў.

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У сталічным гіпермаркеце паставілі разумныя вагі са штучным інтэлектам. Як працуе тэхналогія?9

Ветэрана-афганца з Жылічаў асудзілі на 12 гадоў за палітыку, у тым ліку за здраду дзяржаве6

Павел Дураў апублікаваў дэпрэсіўна-песімістычны прагноз на будучыню29

Намібія стала сусветным лідарам па колькасці жанчын на топ-пазіцыях — прэзідэнтка, віцэ-прэзідэнтка і спікерка. Але ёсць нюансы8

Гліннік: Выступ Мельнікавай на апошняй канферэнцыі быў дзіўны — яна казала, як хоча дадому23

Данія знішчыла Беларусь з лікам 6:011

Новыя куміры мінскай моладзі — гурт «Барысаўскі тракт»25

Ціханоўская: Наўрад ці атрымаецца аднавіць той аб'ём падтрымкі, які беларусы страцілі ў сувязі з новай амерыканскай палітыкай20

Трамп анансаваў вызваленне закладнікаў у Газе ў пачатку наступнага тыдня4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін27

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць