І зрабіў гэта былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі ў вельмі жорсткіх выразах.

Сталі вядомыя новыя дэталі вераснёўскай адстаўкі Дзмітрыя Казака з пасады намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расіі. Перад звальненнем ён напісаў Уладзіміру Пуціну ліст, у якім раскрытыкаваў напад Расіі на Украіну. Хутка пасля гэтага ён з’ехаў за мяжу, але пры гэтым рэгулярна вяртаецца дадому, вынікае са слоў чатырох знаёмых былога чыноўніка, піша «Агенцтва».
Перад адстаўкай 18 верасня з пасады намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Казак падрыхтаваў два дакументы — афіцыйную заяву аб звальненні па ўласным жаданні, а таксама асабісты ліст на імя Пуціна, ведаюць два суразмоўцы «Агенцтва», знаёмыя з абставінамі сыходу Казака (яны спасылаюцца на словы самога былога чыноўніка).
У лісце былы намеснік кіраўніка АП раскрытыкаваў напад Расіі на Украіну, і зрабіў гэта ў вельмі жорсткіх выразах, вынікае са слоў аднаго з суразмоўцаў.
Сам Казак лічыць, што не выклікаў у Пуціна гнеў сваім дэмаршам і нават разлічвае з ім убачыцца ў бліжэйшы час, сцвярджае іншы суразмоўца «Агенцтва», знаёмы з былым чыноўнікам яшчэ з 1990-х.
Амаль адразу пасля адстаўкі Казак стаў часта бываць за мяжой — ён адправіўся ў Ізраіль, вынікае са слоў чатырох суразмоўцаў «Агентства». Але гэта ніяк не звязана з асцярогамі за ўласную бяспеку, сцвярджае знаёмы экс-чыноўніка. Ён ездзіць у тым ліку на лячэнне і вяртаецца ў Расію, удакладніў ён.
Казак — адзіны чыноўнік у бліжэйшым атачэнні Уладзіміра Пуціна, які асудзіў вайну. У гэтым годзе ён прапаноўваў Пуціну спыніць баявыя дзеянні ва Украіне, а таксама правесці рэформы ўнутры Расіі, якія б закранулі спецслужбы і судовую сістэму.
Казак нарадзіўся ў Кіраваградскай вобласці Украіны, а вучыўся ў Ленінградскім універсітэце. У 1990‑х ён працаваў у камандзе мэра Пецярбурга Анатоля Сабчака разам з Пуціным. Апошні, стаўшы ў 1999 годзе прэм’ерам, зрабіў Казака кіраўніком апарату ўрада. З таго часу ён працаваў міністрам, паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта на Каўказе, віцэ-прэм’ерам і намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.
Перад нападам Расіі на Украіну Казак адказваў у Крамлі за ўзаемадзеянне з непрызнанымі «ЛНР» і «ДНР». Ён удзельнічаў у пасяджэнні Рады бяспекі 21 лютага 2022 года, на якім вырашалася пытанне аб прызнанні гэтых «рэспублік».
Падчас свайго выступлення Казак крытыкаваў украінскае кіраўніцтва, аднак затым сам папрасіў у Пуціна дазволу «адказаць на пытанне, далучаць ці не далучаць Данбас».
Мяркуючы па ўсім, яго далейшыя словы былі выразаныя. Суразмоўцы «Агенцтва» кажуць, што Казак выступіў супраць нападу на Украіну, гэта ж вынікае з матэрыялу The New York Times і расследавання Reuters.
Пасля гэтага Казака фактычна адсунулі ад пытанняў, звязаных з Украінай, аднак у адстаўку не адправілі. Ён адказваў за іншыя рэгіёны бліжняга замежжа, дзе Крэмль у апошні час пераследуюць няўдачы — на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах у Малдове прарасійскія кандыдаты прайгралі, а ў Абхазіі разгарэўся ўнутрыпалітычны крызіс. Таму і курыраванне гэтых тэрыторый перададзена іншаму намесніку кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі — Сяргею Кірыенку. Казак займаў пасаду і кабінет, але фактычна быў без працы ў апошні час, кажа яго знаёмы.
У СМІ з’яўляліся розныя паведамленні аб новых варыянтах працаўладкавання чыноўніка — пачынаючы ад паўнамоцнага прадстаўніка ў Паўночна-Заходняй акрузе і заканчваючы пазіцыяй абаронцы правоў бізнесу. Аднак пасля адстаўкі 18 верасня Казак ніякай пасады так і не атрымаў.
Каментары