Гродзенка паказала распакоўку з крамы: грошы аддала, а ежы амаль няма
Жыхарка Гродна апублікавала відэа з распакоўкай прадуктаў і паказала чэк: 51 рубель. Пры гэтым, паводле яе слоў, «нічога істотнага не набыта», піша BGmedia.

Як распавяла жанчына, яна завітала ў краму «Гроднахлебпрам».
У мяшку былі: паўбатона, глазураваныя абаранкі, малако, заварное печыва, скумбрыя, масла, аўсяныя шматкі (геркулес), сметанковы сыр і сухары. Каб пазбегнуць абвінавачванняў у хлусні, аўтарка адразу далучыла фота чэка, аднак гэта не спыніла спрэчак.
У каментарах людзі ў першую чаргу пачалі падлічваць выдаткі. Многія адзначылі, што палова сумы пайшла на масла і рыбу.
«Масла і скумбрыя — гэта ўжо 30 рублёў».
«Скумбрыя цяпер амаль далікатэс».
Частка каментатараў прызнаецца: хадзіць у краму стала страшна — заплаціў грошы, а пакет амаль пусты. «100 рублёў — і ўсяго адзін пакет прадуктаў», «51 рубель — гэта цяпер увогуле ні пра што», — дзеляцца карыстальнікі сваім досведам.
Знайшліся і тыя, хто раскрытыкаваў саму пакупку. Маўляў, можна было абысціся без рыбы, масла і ласункаў.
«Шмат мучнога і залішняга».
«Вы самі выбіралі кошык, у чым прэтэнзіі?»
Але ім тут жа парыравалі: чаму чалавек павінен адмаўляць сабе ў звычайных прадуктах? І з якіх часоў масла, сыр і рыба сталі раскошай?
Асабліва эмацыйнымі былі каментары паджылых людзей. Пенсіі 700—800 рублёў, паводле іх слоў, пасля аплаты камунальных паслуг і набыцця лекаў застаюцца грошы толькі на самы мінімум.
«Хутка боршч будзем есці без смятаны».
«Вясной і гэтага не будзе».
Нават прадаўцы пацвярджаюць: цэны растуць, і гэта відаць штодзень. «Я веру вам. Гэта жах, а не цэны», — напісала супрацоўніца адной з крам Гродна.
Як высветлілася, жанчына ўжо не першы раз здымае падобныя ролікі. Раней яна паказвала пакупку ў краме мясакамбіната на 11 рублёў — сухарыкі з разынкамі, кефір, клятчатка і мяккі тварог.
А паход у «Святлафор» абышоўся ёй на 85 рублёў — два віды сыру, манга, печыва, кілаграм кавы, спагеці і мыла. І зноў — «нічога не купілі».
Кожны такі ролік выклікае адно і тое ж пытанне: як жыць пры такіх цэнах? Мяркуючы з каментароў, адказу на яго ў людзей няма. Затое ёсць агульнае адчуванне: прадукты даражэюць, а даходы за імі не паспяваюць.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
А ў гэтай хаце няма чаго даці! Плускі смажаць, пірагі мажуць! Каросту труць, хлеб пякуць!