У шэрагу краін Еўрасаюза расійскім дыпламатам пачалі абмяжоўваць свабоднае перамяшчэнне. Нідэрланды і Аўстрыя ўвялі новыя правілы, пра што паведамілі расійскія дыпламатычныя місіі ў Гаазе і Вене, піша The Moscow Times.

Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў афіцыйна праінфармавала расійскае пасольства пра змены парадку, назваўшы іх часткай сістэмнай палітыкі ціску. Аўстрыя, у сваю чаргу, накіравала ноту, паводле якой расійскія дыпламатычныя і адміністрацыйныя супрацоўнікі, не акрэдытаваныя ў краіне, павінны загадзя паведамляць пра ўезд і транзіт.
Гэтыя меры з’яўляюцца рэалізацыяй 19‑га пакета санкцый ЕС супраць Расіі, прынятага ў кастрычніку 2025 года. Як адзначала кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас, санкцыі накіраваныя ў тым ліку на абмежаванне перамяшчэння расійскіх дыпламатаў дзеля супрацьдзеяння магчымым спробам дэстабілізацыі ў Еўропе.
Згодна з новымі правіламі, з 25 студзеня расійскія дыпламаты могуць свабодна перасоўвацца толькі ў межах краіны сваёй акрэдытацыі, а пра ўсе іншыя паездкі павінны паведамляць загадзя. У ЕС тлумачаць гэта неабходнасцю ўзмацнення кантролю за дзейнасцю замежных дзяржаўных службоўцаў на фоне росту варожай разведвальнай актыўнасці.
Раней, у верасні 2025 года, Чэхія забараніла ўезд расійскім дыпламатам і ўладальнікам службовых пашпартоў без акрэдытацыі. Па словах міністра замежных спраў Яна Ліпаўскага, гэта было звязана з павелічэннем колькасці дыверсій у краінах Шэнгенскай зоны.
Каментары