Юрась Зянковіч усур'ёз дыскутаваў з правакатарам Церахам, вядомым як Людажор. Навошта?
У ютубе зноў вярнуліся да ідэі дыскусіі паміж людзьмі з супрацьлеглымі палітычнымі поглядамі. Героямі батла сталі былы палітзняволены Юрась Зянковіч і прапагандыст Юрый Церах.

Юрый Церах публікуе калонкі і «нейракоміксы» (коміксы на палітычныя тэмы, створаныя штучным інтэлектам) у газеце «СБ. Беларусь сегодня». А таксама вядзе агрэсіўны тэлеграм-канал «Людажоры», дзе паліваюць брудам апазіцыйных палітыкаў, незалежных дзеячоў грамадства і культуры, Украіну і Захад. Як правакатар, Церах таксама раней рабіў укіды ў медыя.
Разам з прапагандысткай Людмілай Гладкай ды карыкатурыстам Алегам Карповічам ён выпусціў у 2022 годзе кнігу «Выварат мяцяжу» — згадваецца ў ёй і Зянковіч.
Дыскусія Цераха і Зянковіча выйшла на новаствораным YouTube-канале PlusMinus (там цяпер 26 падпісчыкаў). Мадэратарам быў блогер Макс Морысан. Да паразумення не прыйшлі: Церах перакананы, што дзяржава заслужана карае нязгодных з уладай. А тым, хто хоча вярнуцца з эміграцыі, параіў звяртацца ў камісію па вяртанні.
З улікам асобы Цераха ўзнікае цалкам лагічнае пытанне: дык а навошта маргінальнага прапагандыста на дыскусію клікаць?
«Наша Ніва» спытала пра дзіўную размову ў Юрася Зянковіча. Той патлумачыў, што яго паклікаў прадзюсар канала.
— Прапанова наконт канкрэтнай размовы з Людажорам была ягоная. Я сказаў, што гатовы размаўляць з кім заўгодна, бо не баюся вострай дыскусіі. Наколькі я ведаю, тое самае сказаў Людажор. Таму вырашана было пілотную праграму зрабіць з намі двума.
Юрась дадае, што быў знаёмы з Людажорам да падзей 2020 года, але завочна.
— Ён у 2020 годзе пачаў актыўна тапіць за Лукашэнку напярэдадні выбараў. Я да яго звярнуўся з пытаннем, чаму, і чым яму Лукашэнка такі дарагі. Ён мне тады распавёў, што яго ад «бэчэбэшнікаў» адштурхнуў канфлікт вакол Курапатаў, калі ён ехаў быў у «Паедзім паядзім», і там нарваўся на хамскія агрэсіўныя паводзіны пікетоўшчыкаў. Паколькі з гэтым канфліктам я звязаны яшчэ з 2017 году — і дагэтуль лічу, што праблема была высмактаная з пальца і штучна раздзьмутая, — то ў гэтым у мяне было разуменне і спачуванне да яго.
Прынамсі чалавек здолеў растлумачыць сваю пазіцыю шчыра і праўдападобна. Дакладна ў яго выпадку гэта не пра грошы і не пра нейкія адміністратыўныя прэферэнцыі — фінансава і бізнэсова ў яго было ўсё добра і без палітыкі. Думаю, што нават лепш было без палітыкі, бо палітыка ў любым бізнэсе замінае (што за прадпрымальніцтва ў Цераха, невядома — НН).
Вось з таго часу, як распавёў Зянковіч, ён перыядычна перапісваецца, а часам і стэлефаноўваецца з Церахам.
— Яшчэ я заўважыў, што за чатыры гады, калі Людажор пісаў пра нашу справу, ён ні разу не зрабіў неэтычнага выпаду ў мой адрас і ні разу не абразіў. Ён пісаў па фактах. Гэта таксама для мяне выразны сігнал, што чалавек не змешвае асабістыя адносіны з палітыкай. Вельмі важна ўмець захоўваць чалавечыя адносіны нават ва ўмовах вострых палітычных канфліктаў. На жаль, сярод дзеячаў апазіцыі шмат людзей гэтага не ўмеюць, змешваючы асабістае з палітычным. Тым больш нечакана было сустрэць такое з боку лукашыста.
На пытанне, ці задаволены ён вынікамі дыскусіі, Юрась адказвае:
— Не на 100%, бо можна было канчаткова загнаць Людажора ў кут і прымусіць яго прызнаць няправільнасць спасылак на закон, калі сам закон злачынны. Але лічу, што ў асноўным мне ўдалося абвергнуць ягоную аргументацыю, паказаць (ягонымі ж словамі), што суды падпісваюць усё, што ім прыносяць, і (зноў-такі ягонымі ж словамі) паказаць, што лукашызм настолькі слабы, што баіцца простых слоў. Рэжым, які баіцца слоў, не вытрымае нават мінімальных актыўных дзеянняў. Гэта роспіс у слабасці і разуменні таго, што падтрымкі ў грамадстве няма.
У фэйсбуку Зянковіча напісаў пра дэбаты: «Некаторыя апазіцыйныя асобы ўжо душу з'елі сваімі просьбамі «давайце круглы стол», «трэба размаўляць», «трэба пачуць другі бок», «без дыялогу нічога не атрымаецца». (…) Дык вось, мы вырашылі змадэляваць для вас рэальны круглы стол з махровым прадстаўніком рэжыму. Вось вам дыялог. Глядзіце самі, як выглядае «другі бок», з якім нам прыдзецца мець справу. (…) Калі вам здаецца, што «рэальны круглы стол» мусіў бы выглядаць інакш, дык у мяне для вас іншага рэжыму няма. Гэта і ёсць іхняя нармальнасць, іхняя логіка».
Нагадаем, у 2022 годзе падобныя дэбаты правялі паміж прапагандыстам Рыгорам Азаронкам, блогерам Юрыем Церахам, журналістам Дзянісам Дудзінскім і былым байполаўцам Алегам Талерчыкам. Арганізаваў анлайн-сустрэчу тады ютуб-канал «Платформа 375» (там выходзілі і іншыя дыскусіі). Вёў дэбаты журналіст Кірыл Пазняк. У верасні 2025 года яго арыштавалі, а яго канал прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Арыштавалі і яго 20‑гадовую дачку Яніну.
Каментары
дагэтуль лічу, што праблема была высмактаная з пальца і штучна раздзьмутая
Гэта не беларускі палітык і чалавек!