Грамадства5454

«Патрабавалі, каб я з калегамі пры дзецях па-беларуску не размаўляла». Ці сутыкаюцца беларускамоўныя з булінгам у краіне

Пытанне пра стаўленне да беларускай мовы ў побыце зноў узнялося ў сацсетках. 

Абмеркаванне пачалося з паста ў Threads беларускамоўнай дзяўчыны з Віцебска, якая расказала, як сутыкнулася з негатыўнай рэакцыяй на беларускую мову.

«Цікава, ці сустракаюцца беларускамоўныя зараз у Беларусі з булінгам. Асабіста ў мяне ў Віцебску ёсць такія прыклады: гінеколаг адмовілася прымаць і адправіла да іншага доктара. Уролаг здзекаваўся з маёй беларускамоўнасці, калі я ледзь не рыдала ад болю з-за цыстыту. Замест пастаноўкі дыягназа анеміі гематолаг выклікала калег і паказвала ім мяне як малпу ў цырку. Адмаўляліся выклікаць таксі. Таксіст пры маім жа вучні абражаў мяне за мову. На былой дзяржаўнай працы ў сферы культуры прымушалі перакладаць справаздачы на рускую», — згадвае беларуска найбольш запамінальныя гісторыі.

Яна дадае:

«Калі сустракаюся з сцвярджэннямі, што беларускамоўныя агрэсіўныя ці не любяць стасавацца, то, камон, рабяты — асабіста я ўжо амаль 10 гадоў пастаянна ў абарончай стойцы, калі выходжу з дому. У цэлым гэта адна з прычын, чаму акрамя свайго тэатра і сяброў я нікуды і не хаджу і маю панічныя атакі ў месцах скаплення людзей».

У Мінску і Гродне беларускамоўным нармальна

На допіс адгукнуліся іншыя беларускамоўныя карыстальнікі і падзяліліся сваім досведам. Мяркуючы па каментарах, у Мінску і Гродне беларуская мова сёння ўспрымаецца добра.

Людзі апісваюць нейтральныя або нават цёплыя рэакцыі: супрацоўнікі крамаў, пошты, паліклінік звычайна разумеюць і не робяць заўваг, а часам і самі пераходзяць на беларускую мову.

«У мяне булінга не было. Наадварот, часта пераходзілі — і лекары, і супрацоўнікі пошты, і людзі ў крамах. Цікава, што калі я пачынала размаўляць па-беларуску, часта людзі ў чарзе таксама пераходзілі».

Іншая карыстальніца піша:

«Жыву ў Мінскай вобласці, кожны дзень езджу ў Мінск на працу — усё нармальна, ніхто не буліць. Размаўляю па-беларуску ва ўсіх арганізацыях, усе ўсё, з большага, разумеюць. І ў раённай паліклініцы, і ў РНПЦ у Мінску, і ў прыватных лабараторыях ніхто з дактароў і іншага медперсаналу нічога не казаў. Толькі адна з суседак па палаце аднойчы спытала: «А ты совсем на русском говорить не умеешь?»»

Разам з тым яна ж згадвае і іншы досвед:

«На былой працы рабілі заўвагі, што я размаўляю з дзецьмі па-беларуску ў «небеларускамоўны дзень». У нас тады адной з гадавых задач было выхаванне патрыятызму. Я і падумала: чаму б не размаўляць з дзецьмі па-беларуску. А калі звальнялася, папрасілі напісаць заяву на звальненне па-расейску. Загадчыца садка наогул патрабавала, каб я і з калегамі пры дзецях па-беларуску не размаўляла».

Яшчэ адзін карыстальнік дзеліцца:

«Мінск. Мне пытанне адзін раз задалі ў РАУС. Потым ужо ім стала абыякава. За мінулы год сустрэў толькі аднаго чалавека, які хацеў прынцыпова абслугоўвацца на рускай. Іншых выпадкаў не было. Па-за працай — ніводнага разу».

Іншая сітуацыя, паводле каментатараў, назіраецца ў Віцебску і Магілёве. Гэтыя гарады найчасцей называюць праблемнымі.

У Віцебску беларускамоўныя карыстальнікі апісваюць непаразуменне ў дзяржаўных і медыцынскіх установах, таксі, сферы паслуг.

«Мяне некалькі гадоў таму таксіст запужваў тым, што нажаліцца, быццам я нешта прапагандую. Я проста запыталася ў яго па-беларуску, карткай ці наяўнымі ў мяне аплата».

Карыстальнікі таксама адзначаюць, што беларускамоўных у Віцебску вельмі мала:

«Я, акрамя сябе, у Віцебску за ўсё жыццё сустракала чалавек пятнаццаць. Зараз дакладна ведаю яшчэ траіх. І гэта, канешне, пачварна мала. А вось у Полацку значна больш».

Іншы допіс:

«Колькі жыву ў Віцебскай вобласці, ні разу не чуў людзей, якія размаўляюць на мове. Было б прыемна сустрэць такога чалавека. Нядаўна быў у Гродне, хадзіў глядзець стары замак — там супрацоўніца, якая прадавала квіткі, размаўляла па-беларуску. Так нечакана было, што я нават разгубіўся і адчуў сябе турыстам».

«Паліклінікі, банкі, дзяржустановы і таксі — як нейкі біч»

Многія адзначаюць, што ў «выпадковай» прасторы — у крамах, чэргах, сярод звычайных людзей — булінг узнікае рэдка. Наадварот, там часцей сустракаецца падтрымка.

Праблемнымі месцамі карыстальнікі называюць паліклінікі і бальніцы, банкі, школы і дзіцячыя садкі, таксі, іншыя дзяржаўныя структуры.

«Крамы, чэргі — ніякіх праблем. А вось паліклінікі, банкі, дзяржустановы і таксі — як нейкі біч: раз на месяц як мінімум нешта выстрэльвае».

У дыскусіі прагучалі і каментары людзей з Расіі. Дзве расіянкі асобна падкрэслілі, што беларуская мова выклікае ў іх захапленне, а не раздражненне.

«Я расейскамоўная, бо расейская — мая родная мова. Я ведаю і люблю беларускую. Але калі пачынаю размаўляць па-беларуску ці нават кажу, што яна мне проста падабаецца, таксама сутыкаюся з нейкім булінгам. Не такім жудасным, як у вас, але, думаю, мне робяць «зніжку» за тое, што я з Расіі. Я ўсё роўна лічу, што трэба працягваць — хутка ўсё зменіцца».

Іншая расіянка піша:

«Я хоць і рускамоўная, з Расіі пераехала, але нацыянальную мову абажаю, хоць і мала разумею. Вучу разам з дзіцем і не разумею, як можна гасіць за родную мову. Аднойчы трапіла да стаматолага — аказалася, што ён у клініцы адзіны, хто размаўляе па-беларуску. Прыём прайшоў проста афігенна».

«Вы ж разумееце, што гэта незаконна?»

Частка карыстальнікаў у сітуацыях булінгу актыўна абараняе свае правы — спасылаецца на Канстытуцыю і Закон аб мовах, патрабуе кнігу заўваг і прапаноў.

«А ўсе гэтыя людзі разумеюць, што сваімі паводзінамі наўпрост парушаюць заканадаўства і могуць панесці адказнасць?» — абураюцца ў каментарах.

«Звычайна я абапіраюся на артыкулы Канстытуцыі і Закон аб мовах, патрабую кнігу заўваг і прапаноў. Калі 17 артыкул ураўнаважвае дзве мовы, то 50 дае права на нацыянальнае самавызначэнне. А ў беларускай нацыі адна мова — беларуская».

Але іншыя прызнаюць: часам проста страшна і не хапае ўнутранага рэсурсу на абарону.

«Стромна было некалькі гадоў таму. Здавалася, што так паўсюль і цябе самога хутчэй абвінавацяць у распальванні нянавісці да расейскай мовы. Зараз я разумею, што трэба было пісаць скаргі і даваць справам рух. Але для гэтага мне самой трэба было вырасці».

Каментары54

  • двухмоўе - вынікі
    31.01.2026
    хто там казаў што нельга прасоўваць кандыдатаў у прэзідэнты якія размаўляюць на роднай мове, бо "яны запужаюць беларусаў"?
  • Национал-капиталист Беларуси
    31.01.2026
    Хотя я сам белорусский плохо знаю, но всех подчиненных заставляю разговаривать на белорусском языке, иначе по итогам месяца не выплачу им премию. Метод кнута и пряника хорошо работает.
  • Indrid Cold
    31.01.2026
    35 гадоў незалежнасці, 34 з лукой - Беларусаў абражаюць у Беларусі за выкарыстоўванне беларускай мовы.
    Раскажыце пра гэта паляку, ці літоўцу - не паверыць што такое магчыма.

    P.S. Рускамоўныя робяць усё каб іх мова і культура асацыявалася з брыдотай і неадукаванасцю. І гэта вельмі добра.

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Францыя і Канада адкрылі консульствы ў Грэнландыі

Адстаўны падпалкоўнік міліцыі адсудзіў кватэру ў сваёй дачкі. Гучная сямейная гісторыя з Брэста14

Галоўнага судмедэксперта Мазыра асудзілі па справе Гаюна6

Дзяржаўныя СМІ паведамілі пра аднаўленне чыгуначнага злучэння з Польшчай. Ці праўда?11

«Ён яшчэ сваё слова скажа». Ціханоўская — пра Ціханоўскага11

«Нешта можа здарыцца»: Трамп зрабіў новую заяву наконт мірных перамоў аб Украіне1

На Алімпіядзе ізалявалі жаночую зборную па хакеі

Сёння на Алімпіядзе будуць разыграныя першыя медалі. Беларускі возьмуць удзел у двух спаборніцтвах2

Што за гіялуронавая кіслата, з дапамогай якой скакуны з трампліна павялічвалі пенісы дзеля лепшых вынікаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць