Вайна22

Цэгла на плітах, «маржы» і танцы нязломнасці. Як людзі ў Кіеве выжываюць, калі ў кватэры 0 градусаў

На гэтым тыдні пасля кароткай паўзы Расія аднавіла ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Абстрэлы прыпалі акурат на той момант, калі па ўсёй краіне стаялі экстрэмальныя маразы, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Жыхары Кіева начуюць на станцыі метро. Фота: Yan Dobronosov/Global Images Ukraine via Getty Images

У некаторых абласцях тэмпература паветра апусцілася да —30°C. Менавіта ў гэты перыяд расійскія балістычныя ракеты атакавалі ЦЭЦ Кіева.

«Гэтыя ўдары не маюць ваеннай мэты», — заявіў Марк Рутэ, генеральны сакратар НАТА, які наведаў сталіцу Украіны на наступны дзень пасля абстрэлаў.

«Іх задача — стварэнне хаосу і страху сярод звычайных грамадзян Украіны і знішчэнне цывільнай інфраструктуры», — дадаў ён, стоячы каля руін станцыі, якая яшчэ нядаўна забяспечвала кіяўлян цяплом.

Ва Украіне мала хто верыў у гэтую «паўзу» і ў добрыя намеры Масквы.

«У Пуціна і яго атачэння няма нічога чалавечага. Інакш яны не ўварваліся б у нашу краіну і не знішчалі б бальніцы і дзіцячыя садкі, не сціралі б цэлыя гарады з твару зямлі», — сказаў адзін кіяўлянін. Абстрэлы цывільнай інфраструктуры з мэтай пагрузіць звычайных жыхароў у цемру і холад лічацца ваенным злачынствам.

Але калі гэтыя ўдары з’яўляюцца часткай стратэгіі Масквы дзеля перамогі, то Украіна яшчэ можа здзівіць расіян. Так, многім украінцам вельмі цяжка выжываць ва ўмовах экстрэмальнага холаду без ацяплення і пры рэгулярных шматгадзінных адключэннях электраэнергіі, якія пасля кожнага абстрэлу пераходзяць у аварыйны рэжым.

Сярод іх — жыхар Кіева Усевалад. У яго знікла ацяпленне яшчэ 9 студзеня. У той дзень Расія выпусціла па Украіне — галоўным чынам цэлячыся па энергасістэме — 36 ракет. Сярод іх было 14 балістычных.

«Калі я прыехаў, у яго доме не было святла. Мне давялося падымацца вузкімі сходамі, карыстаючыся тэлефонам для асвятлення пад’езда. Асцярожна ступаючы, я ўяўляў, як цяжка даюцца такія спускі і ўздымы бабулям і дзядулям з верхніх паверхаў. Зайшоўшы ў кватэру Усевалада, я зразумеў, што яна непрыдатная для жыцця. З майго рота ішла пара. Тэрмометр на кухні паказваў +2 °C. Пасля абстрэлу, калі знікла ацяпленне, вада ў трубах замерзла, і батарэі прарвала. Многія жыхары выехалі да сваякоў. Усевалад таксама вывез жонку і пяцігадовага сына. Сам ён з’яўляецца ў кватэры толькі ўдзень, а ноччу застаецца ў сяброў», — кажа карэспандэнт Бі-бі-сі — Украіна.

Каб хоць неяк прагрэць жыллё, ён награвае цэглу на газавай пліце. Вокны Усевалад абклеіў кляёнкай.

«Тут можна проста да смерці замерзнуць. І не важна, колькі слаёў адзення ты на сябе надзенеш», — кажа ён.

Умовы жыцця ў такіх дамах практычна невыносныя. Але расійскія генералы і палітыкі, якія распрацоўваюць усе гэтыя планы, удары і кампаніі, магчыма, не цалкам усведамляюць, што многія ўкраінцы гатовыя цярпець усе гэтыя пакуты і нягоды, але наўрад ці падтрымаюць ідэю капітуляцыі ці здачы тэрыторый.

У Кіеве на рацэ Дняпро ёсць востраў. Там размешчана знакамітая спартыўная пляцоўка са старымі, заржавелымі турнікамі, штангамі і брусамі. Калі было «ўсяго толькі» —17 °C, і журналіст вырашыў прагуляцца туды. Там была група людзей, якія падымалі штангі і рабілі жым лежачы, нібы яны знаходзяцца на сонечным пляжы.

З іншага боку ракі рыбакі, закутаўшыся ў цёплыя курткі, трымалі маленькія вуды. Некаторыя людзі купаліся ў палонцы.

Адная з «маржоў» па імені Святлана была толькі ў купальніку. Некалькі разоў акунуўшыся ў ваду, яна няспешна выйшла з палонкі.

«Не люблю холад», — засмяялася яна

Пакуль жанчына пераадзелася ў цёплае адзенне, яе мокры купальнік на марозе ператварыўся ў каменную глыбу.

Для Святланы холад стаў паўсядзённай рэальнасцю.

У яе кватэры цяпер 0 градусаў. Каб прагрэць паветра, яна, як і Усевалад, награвае цэглу на газавай пліце. Уначы налівае ў бутэлькі гарачую ваду і абкладае імі ложак. Святло пастаянна адключаюць, таму на электрапрыборы разлічваць нельга.

Найбольш яе хвалюе, што рабіць з маці. Яна трапіла ў бальніцу з пнеўманіяй, і Святлана баіцца, што пасля вяртання ў халодную кватэру маці можа зноў захварэць.

Купанне ў палонцы дапамагае Святлане зняць стрэс і справіцца з усімі цяжкасцямі.

«Трэба глядзець страху ў вочы — тады ён не зможа пажыраць тваю душу», — кажа яна. Нямала ўкраінцаў стараюцца прытрымлівацца гэтага прынцыпу. Мінулымі выходнымі сотні людзей, а магчыма і больш за тысячу, сабраліся на вечарыне на Русанаўцы, каля берагоў пакрытага лёдам Дняпра.

Фота: Oleksandr Khomenko/NurPhoto via Getty Images

DJ сваёй музыкай запальваў натоўп. Дзеці вішчалі ад захаплення, з’язджаючы на «цюбах» проста на замерзлую раку. Мясцовыя жыхары раздавалі гарачую ежу.

«У нас няма ацяплення, і мы прыйшлі сюды пагрэцца!» — сказала адна з удзельніц вечарыны.

Людзі, акружыўшы дыджэя, уздымалі рукі ад захаплення і падскоквалі ў такт музыцы. Sweet dreams are made of this — з калонак гучала папулярная англійская песня з 80-х.

І сапраўды, адчуванне, што ўсё вакол адбываецца ў сне: вайна, расійскія абстрэлы, адсутнасць святла і ацяплення — усё гэта раптам стала нейкім далёкім і нерэальным.

Ва Украіне часта гавораць пра нязломнасць. Гэтая вечарына таксама стала своеасаблівым сімвалам гэтага слова. Галоўнае пасланне: чым больш Расія будзе знішчаць, тым мацнейшым будзе жаданне супраціўляцца.

Каментары2

  • Верніуа
    06.02.2026
    Божа, колькі ж людзі будуць цярпець нялюдзія здзекі?
  • Ніна
    06.02.2026
    Ну, што, чым пахваляцца пасля вайны расейцы? "Гераізмам" свайго крымінала, які ўжо 4 гады намагаецца людажэрна "выратаваць" ужо былы, так бы мовіць, братэрскі народ? Хутчэй украінцы выратуюць Расеюшку ад яе ж самой.

Цяпер чытаюць

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай19

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, які ледзь не забіў дзіця ў аэрапорце «Шарамеццева», адправілі на прымусовае лячэнне3

У Мінску трошкі скарачаюць час працы платных парковак

Беларускія санаторыі ўраўнуюць цэны на адпачынак для беларусаў і расіян4

Святлана Ціханоўская наведала шэлтар для былых палітзняволеных у Варшаве6

«Саладуха выклаў сэлфі з цэнтра сталіцы»: беларусы жартуюць пра блэкаўт па загадзе Лукашэнкі5

Мінэнерга пра сітуацыю з асвятленнем: Усё будзе рэгулявацца ў залежнасці ад мясцовасці2

Як дзяржава прадала непатрэбную лазню за 29 рублёў, а пасля забрала і лазню, і шалёную няўстойку7

У Гродне хлопец разбіў драўляную саву, якая на яго «не так паглядзела»2

«Бацька правільна зрабіў, цяпер больш праведнасці», «Фоты вырваныя з кантэксту». Як прапаганда апраўдвае адключэнне святла на вуліцах20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай19

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць