Мінэнерга пра сітуацыю з асвятленнем: Усё будзе рэгулявацца ў залежнасці ад мясцовасці
Графікі ўключэння вулічнага асвятлення будуць дапрацоўвацца: у Міністэрства энергетыкі паступіла шмат зваротаў ад беларусаў, якія не ацанілі эксперымент, піша Tochka.by.

«Гэта не зусім эксперымент. Учора мы правялі нараду, каб якраз урэгуляваць гэтыя пытанні, а не адразу абрынаць асвятленне. Адбылося непаразуменне. Усё будзе рэгулявацца ў залежнасці ад мясцовасці: мала ці што — дзесьці даяркі зранку ідуць на працу», — адказалі там.
У ведамстве адзначылі, што Мінэнерга працуе ў звязцы з мясцовымі ўладамі — усё будзе прапрацоўвацца з улікам лакальных абставінаў і прыродных з’яў (усходу і заходу сонца).
У прэс-службе паабяцалі даць падрабязны афіцыйны каментар, у якім раскажуць пра новыя графікі ўключэння вулічных ліхтароў.
У Мінгарвыканкаме сітуацыю з уключэннем вулічнага асвятлення ў сталіцы на гадзіну пазней назвалі разавым эксперыментам.
«Гэта было рашэнне кіраўніцтва. Сёння так не будзе, гэта была разавая акцыя. Сёння а шостай гадзіне ўключыцца асвятленне. Як звычайна, як і раней уключалася», — запэўніла сакратарка прыёмнай.
У панядзелак Лукашэнка абурыўся, што асвятленне ўключаюць зарана.
На нарадзе па пытаннях развіцця Віцебскай вобласці ён заявіў, што зараз раніцай яно адключаецца занадта позна, а ўключаецца занадта рана, калі на вуліцы і так дастаткова светла.
«Выеду ў Астрашыцкім гарадку, да прыкладу, і ў іншых вёсках. Учора а шостай гадзіне вечара ўся Мінская вобласць свеціцца. Гараць агні. І гэта характэрна для ўсіх. Крыўдуйце самі на сябе. Будзеце плаціць як мінімум са сваёй кішэні. Усе на вуліцах ліхтары ўключаны, усё ззяе. Мінская вобласць і туды далей — усё гарыць. А шостай гадзіне вечара. Навошта? Ужо а палове восьмай можна адключыць раніцай святло на вуліцы, асабліва цяпер, калі святла шмат. Не — усе ліхтары гараць», — сказаў ён.
Лукашэнка распавёў, што даручыў разабрацца з гэтым пытаннем. Як яму далажылі, нібыта некарэктна працуюць фотаэлементы. «Лухта поўная. Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электрычнасць аўтаматычна з штучным вашым інтэлектам адключалася а 7‑й гадзіне раніцы. І загаралася святло не а шостай гадзіне вечара, а ў восем. Палічыце — 4‑5 гадзін [лішніх] гарыць уся краіна, свеціцца. Колькі мы трацім грошай! Вось вашы падыходы», — абураўся ён.
«Вы ашалелі. Вы роўна краіну хочаце прывесці да вайны. Ну дык майце на ўвазе, што нам жа наперадзе прыйдзецца ісці. Вам у штурмавых атрадах прыйдзецца», — грымеў у панядзелак Аляксандр Лукашэнка.
Мінск у сераду вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі
«Усё святло пайшло на падсветку «Мінск-арэны». Што беларусы гавораць пра цемрадзь на гарадскіх вуліцах і дарогах
Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах
«Бацька правільна зрабіў, цяпер больш праведнасці», «Фоты вырваныя з кантэксту». Як прапаганда апраўдвае адключэнне святла на вуліцах
Мінгарвыканкам пра вулічнае асвятленне: Гэта была разавая акцыя. Сёння ўключаць а 18-й
Каментары
Не совсем так. Все, как и вчера, как и всегда, будет регулироваться исходя из того, что вам прикажет ваш больной кукловод.