Было з 8:00 да 20:00, а стане з 8:00 да 18:00.

У Мінску адбыліся змены ў працы платных аўтамабільных парковак. Пра гэта паведаміў кіраўнік аб’яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зыранаў пасля пасяджэння Мінгарвыканкама, піша БелТА.
Адно з галоўных новаўвядзенняў — скарачэнне часу іх працы. Цяпер большасць парковак будзе платнай з 8:00 да 18:00, а не да 20:00, як раней. Выключэнне зробяць толькі для парковак у Верхнім горадзе і на вуліцы Замкавай.
Пасля завяршэння платнага часу парковачныя месцы стануць бясплатнымі.
Гэта, на думку прадстаўнікоў гарадскіх службаў, павінна дапамагчы таму, каб аўтамабілі работнікаў пакідалі цэнтральныя зоны, а жыхары маглі без аплаты ставіць машыны каля дамоў. Пры гэтым уладальнікаў аўто заахвочваюць вызваляць месцы пасля 8‑й раніцы для іншых удзельнікаў руху.
Яшчэ адна змена — пашырэнне магчымасці набыцця абанементаў. Цяпер іх можна будзе купляць не толькі на адкрытыя, але і на закрытыя паркоўкі ў другой і трэцяй зонах. Выключэнне застаецца для Верхняга горада і вуліцы Замкавай.
Кошт абанемента на адну паркоўку ў другой зоне або на Замкавай складзе 100 рублёў у месяц, у трэцяй зоне — 50 рублёў. Абанемент на ўсе паркоўкі другой зоны будзе каштаваць 200 рублёў, трэцяй — 100. Пачатак продажу абанементаў на закрытыя паркоўкі абяцаюць абвясціць дадаткова.
Набыць абанемент можна праз сайт parkouka.by, у касе ўстановы або з дапамогай сістэмы ЕРІП. На тым жа сайце даступная праверка наяўнасці парушэнняў па нумары аўтамабіля.
Таксама плануецца запуск мабільнага дадатку, які можа стаць даступным ужо з 1 сакавіка. Ён амаль цалкам гатовы і будзе фактычна мабільнай версіяй сайта, зручнай для аплаты, навігацыі і карыстання іншымі лічбавымі сэрвісамі.
Акрамя таго, у першым квартале 2026 года ў Мінску з’явіцца яшчэ восем парковак прыкладна на 2 тысячы машына-месцаў. Найбуйнейшая з іх — каля «Чыжоўка-Арэны» — разлічаная прыкладна на 1,3 тысячы аўто. Усяго ж цягам года ў сталіцы плануюць стварыць больш за 4 тысячы новых месцаў для паркоўкі.
Сёлета таксама маюць намер укараніць спецыяльны мабільны комплекс для фіксацыі фактаў неаплаты парковак. Сістэма будзе счытваць нумарныя знакі, правяраць аплату і ў выпадку парушэння аўтаматычна фарміраваць прэтэнзіі.
Каментары