Музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа могуць пазбавіць самастойнасці. Чым гэта пагражае?
У Міністэрстве культуры абмяркоўваецца магчымасць пазбаўлення самастойнасці музеяў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Змены могуць паўплываць не толькі на статус устаноў, але і на ўмовы захавання ды вывучэння найбуйнейшых фондаў беларускай літаратурнай спадчыны. Былы супрацоўнік музейнай сферы расказвае, што абмяркоўваецца ў міністэрскіх кабінетах і да якіх наступстваў гэта можа прывесці, піша «Будзьма».

У Міністэрстве культуры абмяркоўваецца рэарганізацыя музеяў беларускіх класікаў — Якуба Коласа і Янкі Купалы. Паводле наяўнай інфармацыі, разглядаецца сцэнар, згодна з якім абедзве ўстановы могуць страціць статус самастойных і ўвайсці ў склад Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў якасці філіялаў. Фактычна гаворка ідзе пра стварэнне своеасаблівага «холдынгу» дзяржаўных літаратурных музеяў.
У выпадку рэалізацыі гэтай ідэі адбудзецца скарачэнне штатнай колькасці супрацоўнікаў, а музеі перастануць быць асобнымі структурнымі адзінкамі. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да істотнага змяншэння чалавечых і арганізацыйных рэсурсаў музеяў.
Трэба ўлічваць, што ў абодвух музеях знаходзяцца больш за 35 тысяч адзінак асноўнага фонду, а агульная колькасць музейных прадметаў і матэрыялаў у фондавых зборах музеяў класікаў беларускай літаратуры перавышае 100 тысяч адзінак.
Рэалізацыя такой ініцыятывы, паводле прыхільнікаў гэтай ідэі, дазволіць нібыта аптымізаваць выдаткі. Хоць на культуру беларускі рэжым вылучае і так мізэрныя грошы.
Сярод прафесійнай супольнасці ацэнкі магчымых дзеянняў негатыўныя. Вядома, што супрацоўнікі сталічных музеяў у шоку ад такіх ініцыятываў Міністэрства культуры і выказваюць занепакоенасць магчымымі наступствамі для навуковай, асветніцкай і экспазіцыйнай дзейнасці музеяў Купалы і Коласа.

Дзеля праўды варта адзначыць, што няма адназначнага стаўлення і ў самім міністэрстве, бо некаторыя выступаюць супраць такіх дзеянняў. Пры гэтым у кулуарных абмеркаваннях, як сцвярджаюць крыніцы, ужо гучаць дыскусіі адносна будучых кіраўнічых пасад у пашыранай структуры Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Падобная мадэль ужо існавала ў Беларусі ў 1987—1996 гадах, калі літаратурныя музеі ўваходзілі ў адзінае аб’яднанне і мелі абмежаваную самастойнасць. Аднак на практыцы такая працоўная схема не прадэманстравала дастатковай устойлівасці і эфектыўнасці, у выніку чаго шэраг музеяў атрымалі статус самастойных устаноў.
Адметнасцю цяперашняй сітуацыі з’яўляецца тое, што музеі Купалы і Коласа прапануецца не проста аб’яднаць адміністрацыйна, а фактычна ператварыць у філіялы. Гэта азначае не толькі страту самастойнасці, але і абмежаванне ў фінансавых і кадравых рэсурсах.
Нагадаем, што абодва музеі маюць свае філіялы (па чатыры сядзібы ў кожнага музея). Іх далейшы статус у выпадку рэарганізацыі застанецца нявызначаным: будуць філіяламі філіялаў ці наогул трапяць у падпарадкаванне раённым уладам?

Больш за дзесяць гадоў таму (у 2014-м) самастойнасці былі пазбаўленыя літаратурныя музеі Максіма Багдановіча і Петруся Броўкі. Хоць у кароткатэрміновай перспектыве гэта не прывяло да рэзкага пагаршэння іх дзейнасці, але з цягам часу адбылося скарачэнне калектываў і звужэнне магчымасцяў развіцця ды папулярызацыі творчасці беларускіх пісьменнікаў.
На сённяшні дзень музеі працягваюць адносна паспяхова весці навуковую і адукацыйную дзейнасць, але пры захаванні самастойнасці патэнцыял гэтых установаў мог бы быць значна шырэйшым. Пазбавіць самастойнасці музеі Багдановіча і Броўкі было лягчэй і з таго пункту гледжання, што кожная з культурных установаў мела толькі па адным філіяле.
Пасля 2020 года Музей Янкі Купалы сутыкнуўся з істотнымі кадравымі зменамі: была змененая адміністрацыя, частка яркіх супрацоўнікаў пакінула ўстанову. Гэта адбілася на публічнай актыўнасці музея і колькасці маштабных культурных праектаў, у тым ліку міжнародных, якія раней рэалізоўваліся пры ўдзеле замежных культурных інстытуцый і дыпламатычных прадстаўніцтваў.
Што тычыцца Дома-музея Якуба Коласа, то ў апошнія гады супрацоўнікі музея сутыкаліся з рознымі складанасцямі. Спачатку кіраўніцтва Інстытута гісторыі Акадэміі навук «адціснула» ў коласаўцаў тры кабінеты, якія, дарэчы, музейшчыкі атрымалі яшчэ ў 1960‑х гадах.
У той час літаратурны Музей Якуба Коласа быў часткай Акадэміі навук, а кіраваў ім старэйшы сын пісьменніка Даніла Міцкевіч. Тое, што культурная ўстанова выкарыстоўвала «акадэмічныя» кабінеты ледзь не 60 год, не ўратавала іх ад высялення, што адбылося ў 2021 годзе. Прычым «пераехалі» не проста кабінеты, а нават фонды з усімі здабыткамі і ўнікальнымі матэрыяламі. Пераехалі ў Інстытут энергетыкі, што таксама знаходзіцца недалёка ад Музея Якуба Коласа. У 2025 годзе ўстанова зноўку пазбавілася часткі кабінетаў, што негатыўна паўплывала на ўмовы працы работнікаў.
Каментары
Нават у савецкі час такое не асмельваліся казаць