Мацвей Угараў праходзіў службу ў мінскім спецназе — у ВЧ 3214.

Канал расійскага разведвальнага батальёна «Разведосы» паведаміў аб гібелі свайго байца па імені Мацвей з пазыўным Пупс. Прозвішча пазначана не было, але «Флагшток» высветліў, што загінулы — хакеіст з Гомеля.
Найміту быў усяго 21 год, у яго засталіся маці, малодшая сястра і брат.
Мяркуючы па інфармацыі канала разведвальнага батальёна, Мацвей служыў у разведгрупе. 4 лютага яна «выконвала задачу па выяўленні хованак і зачыстцы бліндажоў саперніка». У гэты час група была атакавана ўдарнымі FPV-дронамі.
Сцвярджаецца, што «налёт варожых БПЛА быў адбіты, але група панесла страты параненымі байцамі». Пры эвакуацыі параненых, якіх суправаджаў Мацвей, быў здзейснены паўторны налёт. У батальёне заявілі, што баец прыкрываў групу і збіваў дроны з гладкаствольнай зброі, але адзін са збітых БпЛА ўпаў побач і здэтанаваў — раненні былі несумяшчальныя з жыццём. Мацвея прадставілі да ўзнагароды «Ордэн мужнасці» пасмяротна.
Прыкладна ў той жа час аб «трагічнай гібелі» свайго гульца паведаміла хакейная каманда «Славяне», якая выступае ў аматарскай хакейнай лізе Гомеля. Абставіны гібелі не ўдакладняліся, але былі названы імя і прозвішча загінулага — Мацвей Угараў. У камандзе ён быў брамнікам. Крыніца пацвердзіла «Флагштоку», што загінулы — менавіта ён.

Таксама ён быў суддзёй, які працаваў на матчах дзіцячых каманд у Гомелі. У апошні час яго заўважалі ў гомельскім Лядовым палацы ў вайсковай куртцы з налепленым шаўронам.
У каментарах у тэлеграме ў навіны пра гібель Мацвея нехта напісаў «Беларусь памятае», прыйшлі ў каментары і сваякі загінулага. Іх словы поўныя нянавісці да ўкраінцаў, якіх называюць «бандэраўцамі» і заклікаюць «сцерці з зямлі». Сястра загінулага нават выкарыстоўвала нецэнзурныя выразы і расказала, што брата забілі ў дзень яе 17-годдзя, і што ён быў яе адзінай апорай, абяцаў вярнуцца жывым. Яны заклікалі жорстка помсціць за загінулага сваяка.
У той жа час бабуля Галіна Ткачова звярнулася да камандзіраў, каб яны «адказалі за ўсё»:
«Моладзь ненавучаную адпраўляць у пекла, ведаючы што яны не вернуцца… Нават калі Афган быў, маладых дзецюкоў навучалі паўгода, як трымацца і каб выжыць, а вы ненавучаных і не абстраляных на непазбежную смерць…»
На асабістай старонцы Угарава бачна, што ён захапляўся страйкболам і ў 2025 годзе ўдзельнічаў у ваенізаванай «Бітве гарадоў» у Бабруйску. У тым жа годзе апошні раз выкладаў фота ў хакейнай форме. Паводле звестак «Кіберпартызан», з 2023 па 2024 гады Угараў праходзіў службу ў мінскім спецназе — у ВЧ 3214 (падраздзяленні ўнутраных войскаў).
Каментары
[Зрэдагавана]