Двум каталіцкім святарам не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі. Без пастыраў засталіся шэсць парафій у трох раёнах
Беларусь вымушаныя пакінуць два польскія святары, якія шмат гадоў служылі ў Брэсцкай вобласці. Як паведаміў праз дыяцэзійны сайт біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка ў сваім звароце да вернікаў, Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне святароў. 8 сакавіка з імі развіталіся ў парафіях, піша Katolik.life.

Не атрымалі дазволу на далейшую працу ксёндз Адам Страчынскі, які на працягу 11 гадоў быў душпастырам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы, і ксёндз Павел Кручак, які 13 гадоў служыў у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы. Такім чынам, адразу шэсць парафій у трох раёнах (Драгічынскім, Іванаўскім і Івацэвіцкім) засталіся без святароў.
Ардынарый Антоні Дзям'янка адзначыў, што ў такіх умовах дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай.
«Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не хапае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы — біскупы і святары — будзем дапамагаць і падтрымліваць вас», — звярнуўся іерарх да вернікаў шасці парафій, якія засталіся без пастыраў.
Генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска таксама выказаўся на гэту тэму. На сваёй старонцы ён распавёў, што падчас візіту ў Гомель падзяліўся перажываннямі, звязанымі з выездам з Пінскай дыяцэзіі двух святароў, якім не быў узгоднены дазвол на рэлігійную дзейнасць:
«Прымусовы ад'езд ксяндза Паўла з Іванава і ксяндза Адама з Івацэвічаў — вялікая бяда для нашай дыяцэзіі, бо асірацелі і засталіся без пастырскай апекі вернікі аж трох раёнаў, і што далей рабіць — не ведаю… Толькі малітва супольнасці Касцёла суцяшае ў смутку і дадае надзеі».
У Пінскай дыяцэзіі з-за вострага недахопу святароў многія ксяндзы вымушаны абслугоўваць адразу некалькі парафій у розных, часта аддаленых населеных пунктах.
Адмова ў дазволе на працяг служэння двум святарам адбылася на фоне актыўнага супрацоўніцтва кіраўніцтва дыяцэзіі з мясцовымі дзяржаўнымі ўладамі, удзелу духавенства ў праўладных мерапрыемствах, нават з нагоды «Дня народнага адзінства» 17 верасня — далучэння Заходняй Беларусі да БССР, што мела катастрафічныя наступствы для Каталіцкай царквы ў гэтым рэгіёне.
У Мінску аб'явілі пра планы стварыць сквер на былых каталіцкіх могілках. Але там ужо даўно ідзе будаўніцтва
«Вы падаеце ўсім нам прыклад». Арцыбіскуп Станеўскі павіншаваў Віктара Хрэніна з 23 лютага
У Астравецкім раёне школьны ўрок да Дня роднай мовы правёў ксёндз
Каталіцкі біскуп максімальна ўзнёсла ўславіў «Год беларускай жанчыны»
Памёр біскуп Казімір Велікаселец — найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Мала пакліканняў у траўмаваным бальшавікамі краі.