Грамадства88

Лукашэнка зноў апалчыўся на пасярэднікаў. Гэтаму змаганню ўжо хутка 20 гадоў

Аляксандр Лукашэнка на адмысловай нарадзе які ўжо раз даручыў сілавым структурам больш жорстка змагацца з пасярэднікамі пры продажы беларускіх тавараў. На яго думку, менавіта яны часта значна павышаюць канчатковыя цэны для пакупнікоў.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Sergey Bulkin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

На нарадзе абмяркоўвалася сітуацыя, калі кошт тавару на заводзе значна адрозніваецца ад кошту ў краме. Паводле слоў Лукашэнкі, у ланцужку продажу могуць з’яўляцца некалькі пасярэднікаў, кожны з якіх дадае сваю нацэнку — каля 25—30%. У выніку цана можа вырасці ў некалькі разоў.

У якасці прыкладу ён прывёў карданны вал, які на заводзе каштаваў 140 рублёў. Пасля праходжання праз некалькі пасярэднікаў яго кошт для пакупніка вырас прыкладна ў шэсць з паловай разоў.

Лукашэнка адзначыў, што пасярэднікі не заўсёды з’яўляюцца праблемай, бо ў некаторых выпадках яны сапраўды патрэбныя. Аднак, паводле яго слоў, бываюць схемы, калі іх становіцца занадта шмат, а ў ланцужок уключаюць нават замежныя кампаніі, каб абыходзіць абмежаванні на гандлёвыя нацэнкі.

«У выніку ўсе нацэнкі, якія асядаюць у кішэнях такіх дзялкоў, даводзіцца аплачваць звычайным спажыўцам. Гэта абуральна, і прыкладаў больш чым дастаткова», — заявіў Лукашэнка.

Міліцыя таксама падала свае даныя: у 2025 годзе было выяўлена больш за 400 злачынстваў, звязаных з закупкамі, і больш за палову з іх — гэта хабарніцтва.

Паводле інфармацыі ўладаў, у 2023—2025 гадах Нацыянальны цэнтр электронных паслуг і кампанія «Беларускія воблачныя тэхналогіі» заплацілі пасярэднікам больш за 10 мільёнаў рублёў у выглядзе нацэнак.

Сярод прапанаваных на нарадзе мер — змяненне заканадаўства аб закупках, стварэнне рэестра нядобрасумленных пасярэднікаў і распрацоўка фінансавых механізмаў, якія дазволяць прадпрыемствам прадаваць тавары нават пакупнікам з пратэрмінаванай запазычанасцю.

Галоўная ж мера ў Лукашэнкі ўніверсальная:

«Як толькі мы ўбачым пасярэднікаў на беларускую прадукцыю, ты не разбірайся. Як толькі ўбачылі, што ў нас пасярэднікі на цукеркі, шакалад, адзенне, малако, мяса, тэхніку беларускай вытворчасці, — адразу ў СІЗА», — загадаў ён генпракурору Дзмітрыю Гары.

Падчас гэтай самай нарады стала вядома, што ў СІЗА ўжо адправіўся міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

Лукашэнка марыць пра тое, каб выключыць з беларускай эканомікі пасярэднікаў, шмат гадоў. На яго думку, гэта вырашыла б многія праблемы. Амаль 17 гадоў таму, 28 ліпеня 2009 года, была нават выдадзена пастанова Савета Міністраў № 991 «Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», паводле якой з 31 ліпеня 2009-га ў краіне фактычна быў забаронены аптовы перапродаж тавараў, а юрыдычным асобам закупкі дазвалялася рабіць толькі ў вытворцаў тавараў або іх афіцыйных прадстаўнікоў. Але гэтую пастанову праз некалькі дзён давялося адмяніць, паколькі яна ледзь не прывяла да калапсу ўсяго гандлю.

З таго часу настолькі рэвалюцыйных крокаў больш не рабілі, але мара Лукашэнкі пазбавіцца ад пасярэднікаў нікуды не дзелася, і ён час ад часу да гэтай тэмы публічна вяртаецца. Так, у 2021 годзе на УНС ён запатрабаваў пасярэднікаў «дашчэнту выкараніць», паставіўшы на месца тых, хто «жыруе на сялянах».

Амаль два гады таму, у красавіку 2024 года Лукашэнка на нарадзе пра стан і задачы развіцця прамысловасці назваў сітуацыю з пасярэдніцтвам катастрофай і заявіў, што збіраецца правесці нараду па яго ліквідацыі. 

«Трэба запланаваць нараду ў мяне — хай урад мне зробіць справаздачу па ліквідацыі пасярэдніцтва. Я ўжо дзесяць разоў пра гэта казаў: каб разам з губернатарамі прынялі рашэнні. Гэта катастрофа», — заявіў ён.

Як выглядае, рукі да такой нарады дайшлі толькі цяпер. Між тым за гэты час з'явіліся расследаванні, як шмат на пасярэдніцтве пры продажы БелАЗаў зарабляюць людзі, звязаныя з сынамі самога Лукашэнкі.

Каментары8

  • Tut
    12.03.2026
    Зараз карнікі будуць выконваць навыперадкі. Ад сёння ўвесь рытэйл пад крыміналкай...
  • Пытаннечка
    12.03.2026
    Усе дзялкі жывуць альбо побач з табой, альбо за бібліятэкай.
    2 роты хопіць на ўсіх дзялкоў у краіне, каб гэта спыніць.
    Што, няма палітычнай волі? Не падымаецца?
  • Voŭk
    12.03.2026
    Срака - зачосаны

Цяпер чытаюць

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі13

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Украінец прызнаў віну ў вандалізме ў дачыненні да мячэцяў у Лондане. Яго вербаваў расіянін4

Тыраназаўру «памералі тэмпературу» праз 66 мільёнаў гадоў. Вось што высветлілася2

«Будзьце ўпэўненыя, мы даволі хутка яе забудзем». Успаміны брата прынцэсы Дыяны выклікалі абурэнне каралеўскай сям'і1

Трамп заявіў пра стварэнне амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы3

Беларусы прыдумалі, як штучна разводзіць рачных ракаў1

На надмагільным помніку акадэміка Гніламёдава падкрэслілі яго паходжанне ФОТАФАКТ1

«Вольва», «Таёта», «Мэрсэдэс». Каментар пад паведамленнем пра «патрыятычны аўтапрабег» сабраў рэдкасную колькасць лайкаў6

«Лакафарбу» і «Беллеспаперпрам» выключылі з амерыканскіх санкцыйных спісаў

Мерц заявіў пра завяршэнне «эры безумоўнага трансатлантычнага сяброўства»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі13

З псіхбальніцы збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць