У французскай Гвіяне дэмантавалі стартавую пляцоўку для запуску расійскіх ракет
У французскай Гвіяне дэмантавалі стартавую пляцоўку, якая раней выкарыстоўвалася для запуску расійскіх ракет «Саюз». Еўрапейскае касмічнае агенцтва ліквідавала асноўныя элементы комплексу, у тым ліку 52‑метровую абслуговую вежу, якую знішчылі выбухам. Да гэтага былі разрэзаныя ключавыя канструкцыі пускавой устаноўкі — апоры, што трымалі ракету перад стартам, і дапаможныя мачты, паведамляе The Moscow Times.

Астатнюю інфраструктуру, напрыклад тэхнічныя будынкі, чыгунку і сістэмы захоўвання паліва, плануюць перадаць французскай кампаніі MaiaSpace. Яна будзе выкарыстоўваць гэтыя аб’екты для запуску новай ракеты, першыя старты якой чакаюцца ў 2027 годзе.
Супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім касмічным агенцтвам і «Раскосмасам», якое доўжылася каля 15 гадоў, спынілася пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны. За гэты час з касмадрома Куру ў французскай Гвіяне правялі 26 паспяховых запускаў «Саюзаў». Пасля ўвядзення санкцый супраць расійскай касмічнай галіны Расія спыніла ўдзел у праграме і адклікала сваіх спецыялістаў.
Цяпер жа былы расійскі стартавы комплекс перабудоўваюць пад новыя еўрапейскія праекты, а супрацоўніцтва з Расіяй у гэтай сферы фактычна завершана.
Новая ракета Maia, якую распрацоўвае MaiaSpace, будзе двухступеннай. Плануецца, што яна зможа выводзіць на арбіту карысную нагрузку рознай вагі ў залежнасці ад канфігурацыі — аднаразовай або часткова шматразовай.
Каментары