Шведскі рэпер Yung Lean зняў незвычайны кліп на свой трэк «STORM» — кароткаметражная антыўтопія пра падлеткавы гвалт, якая ператвараецца ў зачароўвальны візуальны гіпноз. Гэтыя кадры запаланілі сацсеткі.

Як мы ўжо пісалі раней, біяграфія Юнатана шчыльна звязаная з Беларуссю. У канцы дзевяностых ягоная маці Эльза, якая калісьці сама вырасла ў Савецкім Саюзе ў сям'і вядомай шведскай журналісткі, прыехала працаваць у мінскае прадстаўніцтва Праграмы развіцця ААН, займаючыся пытаннямі правоў чалавека. Яна шчыра хацела, каб у сына было дзяцінства, падобнае да яе ўласнага, таму першай мовай будучага куміра мільёнаў стала менавіта руская.
Разам з імі ў беларускай сталіцы жыў і бацька Юнатана, шведскі пісьменнік Крыстафер Леандоэр, які паспеў наладзіць выдатныя сувязі з нашымі літаратарамі і нават выдаў супольны зборнік перакладаў разам з Рыгорам Барадуліным ды Алесем Разанавым.
Сям'я правяла ў Мінску тры гады, а звычайны савецкі дзевяціпавярховік на вуліцы Пуліхава, дзе яны тады кватаравалі, ператварыўся для фанатаў музыкі ў сапраўднае месца паломніцтва. Дайшло да таго, што калі дом нядаўна перажыў капітальны рамонт і страціў свой аўтэнтычны змрочны выгляд, прыхільнікі музыкі пачалі ладзіць у сеціве пратэсты супраць знішчэння гэтай своеасаблівай «гістарычнай спадчыны».
Новы рэліз з'яўляецца супольнай працай шведскага выканаўцы і французскага электроннага прадзюсара Surkin, які стварае музыку пад псеўданімам GENER8ION. Відэакліп, які ўключае дзве часткі кампазіцыі, пераносіць гледача ў недалёкую будучыню. Банеры ў кадры паведамляюць, што на дварэ 2034 год, а дзеянне разгортваецца ў элітным брытанскім інтэрнаце для хлопчыкаў.

Тут пануе атмасфера трывогі, дзе дарослыя адсутнічаюць, а ўлада належыць падлеткам. Хостэд выконвае ролю жорсткага задзіры, які трымае ў страху ўсю школу.
Нягледзячы на тое, што спеваку ўжо амаль трыццаць гадоў, ён упісаўся ў вобраз хулігана-школьніка вельмі натуральна, крышачы вышкі 6G, каб пакурыць невядомай пакуль шмалі, здабытай з яе, і калоцячы ды прыніжаючы сваіх лузераў-аднакашнікаў — то бок любога ў гэтай дзіўнай школе, на каго кіне сваё нядобрае вока.

Музычныя аглядальнікі аднадушна ацэньваюць кліп як экстраардынарную падзею, адзначаючы, што гэта трывожнае і жорсткае адлюстраванне інтэрнацкага жыцця ў стылі «Уладара мух» трымае гледача ў гіпнатычным напружанні ад першай да апошняй секунды. Гэта свет, дзе няма месца дыялогам, а ўсе эмоцыі перадаюцца праз інстынктыўныя рухі і брутальныя ўчынкі.
Рэжысёрам музычнага кліпа выступіў Рамэн Гаўрас, сын славутага рэжысёра Косты-Гаўраса. Рамэн раней ужо здымаў кліпы для выканаўцаў, такіх як M.I.A., Justice і Jamie xx, а таксама поўнаметражны фільм «Афіна». Гаўрас вядомы сваім уменнем паказваць масавы хаос і вулічны гвалт так, што ад гэтага немагчыма адарваць вачэй.

Yung Lean гуляе ў сваім кліпе ролю галоўнага і адзінага задзіры ў школе. Кадр з кліпа
Супрацоўніцтва з Гаўрасам — гэта важны крок у кар'еры Хостэда, бо ён усё далей адыходзіць ад вобраза дэпрэсіўнага клаўд-рэпера з савецкіх двароў і робіць упэўнены крок у вялікае кіно. Менавіта Гаўрас запрасіў Юнатана на ягоную першую паўнавартасную ролю ў фільме «Ахвярапранашэнне» (Sacrifice), дзе шведскі музыка сыграў на адной пляцоўцы з Аняй Тэйлар-Джой і Крысам Эвансам.
Кліп «STORM» выглядае як візітоўка Хостэда-акцёра, якая даказвае, што ён здольны трымаць на сабе ўвагу без адзінага вымаўленага ў кадры слова.

Сапраўдная магія пачынаецца ў другой палове відэа, калі гучыць трэк «STORM II». Напружанасць і гвалт першай часткі раптоўна змяняюцца экстатычны яднаннем школьнікаў у танцы на прыступках трыбуны, дзе яны сабраліся як быццам для групавога здымка.

Выбітны харэограф Дам'ен Жале стварыў абсалютна зачароўвальнае відовішча, у якім некалькі дзясяткаў хлопцаў ствараюць вакол нерухомага спевака з цыгарэткай у зубах звышскладаны, няспынна зменлівы малюнак. Гэты жывы арганізм робіцца то хвалістым, то сіметрычным і патэрнаваным, быццам у калейдаскопе, каб ужо праз імгненне выбухнуць разам з музыкай, рассыпацца ў хаатычнае мора рэзкіх агрэсіўных рухаў. Светлыя твары, рукі і аднолькавыя белыя кашулі танцораў віруюць у цёмна-сінім моры строгай школьнай формы, уводзячы гледача ў транс. Рухі адточаны да неверагоднай сінхроннасці.


Юнатан Хостэд прайшоў доўгі шлях ад змрочнага мінскага пад'езда і праблем з наркотыкамі да статусу культавай фігуры, якая працуе з найлепшымі візіянерамі сучаснасці. І калі раней ягонае майстэрства палягала ў трансляцыі ўласнай дэпрэсіі, то цяпер ён даказвае, што здольны быць цэнтральнай фігурай у мастацтве зусім іншага ўзроўню.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары
"...вядомы сваім уменнем паказваць масавы хаос і вулічны гвалт так, што ад гэтага немагчыма адарваць вачэй"
- То-бок, хлусіць. Гэта няпраўда, насамрэч яно тупа, жорстка, пуста, бессэнсоўна.
Д... не зразумеюць маралі (калі яна была ўвогуле) і хутчэй будуць паўтараць сцэнкі з культавага кліпа як прыклад круцізны.
[Зрэдагавана]