У Магілёве прадпрымальніца стварыла «месца здзяйснення жаданняў». Улады прымусілі яго прыбраць
Уладальніца крамы на пешаходнай вуліцы Ленінскай у Магілёве размясціла на фасадзе будынка дыван, які выконваў ролю незвычайнай фотазоны, дзе можна было загадаць жаданне. Гарадскім уладам гэта не спадабалася.

Ініцыятарам з'яўлення незвычайнага аб'екта на галоўнай пешаходнай вуліцы горада стала ўладальніца крамы «АртСлон». Яна размясціла на сцяне каля ўваходу ў сваю гандлёвую кропку дыван з надпісам «Месца, каб загадаць жаданне». Па задуме аўтаркі, гэты аб'ект павінен быў стаць месцам прыцягнення для турыстаў і мінакоў.
Аднак правісеў ён толькі дзень — гарадскія ўлады запатрабавалі прыбраць яго з фасада. Патрабаванне чыноўнікаў выклікала абурэнне і непаразуменне ў жанчыны.
У роліку, запісаным для Instagram, яна расказала, што за дзень больш за пяцьдзясят чалавек падыходзілі да дывана, фатаграфаваліся і загадвалі жаданні. Жанчына апісала фотазону як «маленькі партал дзяцінства» і «якар надзеі», каля якога людзі выдыхалі, а «закаханыя абяцалі адно аднаму вечнасць». Яна нават згадала старую жанчыну, якая плакала каля дывана, «згадаўшы, што яшчэ жывая».
«Сказалі, што ён [дыван] псуе знешні выгляд архітэктурнага будынка. […] Дзе прыгажосць, якую мы сапсавалі? Дзе гэтыя дасканалыя лініі фасадаў, якія важнейшыя за чалавечае сэрца? Вуліца памірае без малога бізнэсу і эмоцый. […] Нам патрэбны месцы выканання жаданняў ці нам патрэбны проста шэрыя сцены? […] Я не пайду на канфлікт, але я хачу паказаць, што мы хочам жыць у казцы, а не ў параграфе правілаў добраўпарадкавання», — заявіла аўтарка фотазоны.
Каментары падтрымалі прадпрымальніцу і раскрытыкавалі адміністрацыю горада. Яны пісалі, што дыван «падымаў настрой» і быў «разыначкай гэтай вуліцы», якую нават здымалі расійскія блогеры. Некаторыя каментатары адзначалі, што «белая сцяна аказалася значна цікавейшай, чым творчасць і ідэі», і скардзіліся, што «ў горадзе няма 'разынак', ёсць толькі пераробленыя, падгледжаныя ў іншых гарадах ідэі».
Адна з карыстальніц прапанавала «выставіць як банер на метр ад будынка на стойцы», каб афіцыйна не чапаць фасад.
Што за «шэрая» сцяна?
Сцяна, якую прадпрымальніца назвала «шэрай» і «пустой», належыць дому Відаровіча — помніку архітэктуры пачатку 1910‑х гадоў (вуліца Ленінская, 40).

Гэты будынак вызначаецца багатым вонкавым аздабленнем: яго фасад дэкараваны ляпнымі дэталямі, фігурнымі картушамі, гірляндамі і руставанымі пілястрамі. Ён з’яўляецца афіцыйна прызнанай гістарычна-культурнай каштоўнасцю ў складзе гістарычнага цэнтра Магілёва.
Згодна з Кодэксам культуры, на такіх аб'ектах катэгарычна забараняецца «навукова не абгрунтаванае змяненне і пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей», таму ў дывана няма шанцаў замацавацца на галоўным фасадзе дома.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары