Збіраючы рэчы для прання, большасць з нас асноўную ўвагу надае адзенню, пасцелі і ручнікам. Аднак у доме ёсць нямала іншых рэчаў з тэкстылю, пра якія падчас уборкі часта забываюць. Між тым яны таксама назапашваюць пыл, бруд, алергены і пахі, таму патрабуюць перыядычнага мыцця.

Шторы і фіранкі
Як тлумачаць эксперты Амерыканскага фонду барацьбы з астмай і алергіяй, з якімі размаўлялі журналісты Washington Post, адным з самых вялікіх пылазборнікаў у доме з’яўляюцца шторы і фіранкі. Гэтыя элементы дэкору працуюць як своеасаблівыя фільтры, затрымліваючы вулічны пыл і пахі, але менавіта пра іх мы забываемся часцей за ўсё.
Эксперты раяць не абмяжоўвацца толькі мыццём: штотыднёвая апрацоўка штор пыласосам са спецыяльнай насадкай дапаможа паменшыць канцэнтрацыю алергенаў, а паўнавартаснае мыццё варта праводзіць не радзей за раз на тры месяцы. Калі ж фіранкі вісяць на кухні ці ў ваннай, дзе яны пастаянна сутыкаюцца з тлушчам, парай або рызыкай з’яўлення цвілі, гэты інтэрвал павінен быць яшчэ меншым.
Пледы і мяккая мэбля
Асобную ўвагу варта надаць зоне адпачынку, асабліва калі ў вас ёсць хатнія гадаванцы. Пледы і дэкаратыўныя падушкі, якія знаходзяцца на канапах і крэслах, вельмі хутка ўбіраюць скурны тлушч і поўсць жывёл.
Спецыялісты раяць мыць пледы, якія ляжаць на канапах, крэслах і ложках, кожныя адзін-два тыдні, у залежнасці ад інтэнсіўнасці выкарыстання, чахлы дэкаратыўных падушак — кожныя два-чатыры тыдні, а самі падушкі — прыкладна раз на два-тры месяцы.
Што тычыцца мяккай мэблі, то яе абіўку трэба пыласосіць штотыдзень, а здымныя чахлы праць па меры забруджвання. Глыбокая ж чыстка ўсёй мэблі з выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання павінна стаць абавязковай працэдурай кожныя паўгода.
Кухонныя ручнікі, сурвэткі, рукавіцы і прыхваткі
Кухонныя ручнікі лічацца аднымі з самых брудных прадметаў у доме, бо людзі часта выкарыстоўваюць іх для самых розных патрэб — ад выцірання рук да прыбірання паверхняў.
Каб пазбегнуць распаўсюджвання бактэрый, іх трэба мяняць кожныя дзень-два, асабліва пасля кантакту з сырым мясам, рыбай або птушкай. Пры гэтым не рэкамендуецца выкарыстоўваць кандыцыянеры для бялізны, якія пагаршаюць здольнасць тканіны ўбіраць вільгаць.
Нават такія дробныя рэчы, як кухонныя прыхваткі і рукавіцы, якія паступова ўбіраюць тлушч і пахі ад прыгатавання ежы, патрабуюць рэгулярнага мыцця раз на адзін-два тыдні.
Прыкладна з такой жа перыядычнасцю варта мыць і тканкавыя сурвэткі ды дарожкі на стол. Як адзначаюць эксперты, гэтыя прадметы збіраюць больш крошак, тлушчу, пылу і валасоў, чым людзі сабе ўяўляюць.
Ручнікі, дыванкі і шторкі ў ваннай
Ванны пакой з-за высокай вільготнасці стварае ідэальныя ўмовы для росту цвілі. Тканкавыя дыванкі для ног трэба мыць у гарачай вадзе мінімум раз на месяц, а пасля кожнага выкарыстання іх варта старанна прасушваць.
Гэта ж тычыцца і ручнікоў для душа: здароваму чалавеку дапушчальна карыстацца ручніком два-тры разы, але пры наяўнасці экзэмы або іншых пашкоджанняў скуры мыццё павінна быць штодзённым.
Увагі патрабуюць і шторкі для душа. Каб паменшыць рызыку з’яўлення грыбка, іх рэкамендуецца пакідаць распраўленымі пасля водных працэдур, а ванны пакой праветрываць або ўключаць выцяжную вентыляцыю.
Для рэгулярнай чысткі спецыялісты раяць выкарыстоўваць мяккія сродкі, напрыклад мыльную ваду або слабы раствор воцату і пазбягаць адбельвальнікаў ды іншых агрэсіўных сродкаў, якія могуць справакаваць сімптомы астмы.
Большасць тканкавых і пластыкавых шторак таксама можна перыядычна мыць у пральнай машыне ў халоднай вадзе, але варта папярэдне азнаёміцца з рэкамендацыямі вытворцы.
Падушкі і наматраснікі
Асобнай увагі патрабуе і спальнае месца. Падушкі рэкамендуецца мыць кожныя тры—шэсць месяцаў, а таксама пасля хваробы. Падчас сушкі можна выкарыстоўваць спецыяльныя шарыкі, каб напаўняльнік раўнамерна размеркаваўся.
Наматраснікі людзям з алергіяй варта мыць раз на тыдзень, а ўладальнікам хатніх жывёл — раз на месяц, а калі ў доме няма ні жывёл, ні алергікаў — раз на тры—чатыры месяцы.
Наматраснікі як і пасцельныя прыналежнасці рэкамендуецца мыць у гарачай вадзе і сушыць пры высокай тэмпературы, каб знішчыць і выдаліць пылавых кляшчоў. Калі чахол матраца цяжка зняць, яго неабходна рэгулярна чысціць пыласосам.
Мяккія цацкі
Мяккія цацкі таксама могуць быць крыніцай пылавых кляшчоў. Іх рэкамендуецца мыць не радзей за адзін раз на месяц, змясціўшы ў спецыяльны мяшок або навалачку. Для цацак, якія складана мыць або якія не вытрымліваюць гарачай вады, эксперты раяць выкарыстоўваць пыласос з насадкай для абіўкі, каб выдаліць кляшчоў і прадукты іх жыццядзейнасці.
Ляжанкі для жывёл
Нарэшце, варта памятаць пра ляжанкі для хатніх жывёл. Месцы адпачынку сабак і катоў з’яўляюцца аднымі з самых праблемных пунктаў у доме з пункту гледжання гігіены, таму іх здымныя элементы эксперты раяць мыць не радзей за раз у тыдзень.

Каментары
---
Пральныя парашкі могуць быць таксічныя з-за утрымання аніённых ПАР (ПАВ) і фасфатаў.
Гэтыя кампаненты дрэнна выпаласкваюцца з тканін, пранікаюць праз скуру і здольныя выклікаць алергію, зніжаць імунітэт, а таксама наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю.