Ужо традыцыйны фестываль Tutaka праходзіць цягам чатырох дзён — з 16 па 19 ліпеня — ва ўрочышчы Борык на Падляшшы ў Польшчы. Праходзіць ён шосты раз, піша Радыё Свабода.

16 ліпеня на фестываль пачалі прыязджаць першыя ўдзельнікі.
Асноўная праграма стартуе ў пятніцу, 17 ліпеня. Упершыню сёлета ўваход на фестываль стаў платным: калі ў папярэднія гады ён быў бясплатны, цяпер квіток для дарослага каштуе 150 злотых (каля 35 еўра).
На сцэне выступіць беларускамоўны рок-гурт RIMA з падляскага Гарадка, які летась вярнуўся пасля 13‑гадовага перапынку.
Таксама ўдзел у музычнай праграме возьмуць рэпер Vinsent, Анастасія Рыдлеўская, гурты Dzieciuki, B:N:, «Бяз назвы» і «Разбітае сэрца пацана».
У праграме — нефармальныя сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Севярынцам, Максімам Знакам і музыкамі фестывалю. Таксама пакажуць фільм «Пад шэрым небам» рэжысёркі Мары Тамковіч, натхнёны гісторыяй палітвязняў — журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша.
Для аматараў хэндмэйду арганізуюць майстар-класы па вырабе традыцыйнай лялькі-жаданіцы і саламяных конікаў, а таксама роспісе шопераў і драўляных закладак. Музыка Вольга Барышнікава правядзе майстар-клас па беларускіх прыпеўках.
Псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк правядзе размову пра страту, траўму і аднаўленне, а праваслаўны святар Аляксандр Кухта — пра месца Беларусі ў праваслаўным свеце і сувязь рэлігіі з палітыкай.
Жадаючыя змогуць прысутнічаць на адкрытым запісе падкаста «Каласы пад сярпом ШІ».
Філосаф Уладзімір Мацкевіч раскажа пра метадалагічную гульню, якая гэтай вясной сабрала прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл і палітычных структур. Кацярына Ваданосава прадставіць лекцыю пра моду часоў Кастуся Каліноўскага, а клуб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 прадэманструе муштру касінераў.
Беларускія выдаўцы абмяркуюць, як кнігавыданне выжывае пасля 2020 года. Пры гэтым сёлета, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, на фестывальным кірмашы не будзе кніжных намётаў.
Таксама на Tutaka адбудзецца другі футбольны турнір памяці мастака Алеся Пушкіна.
Гэта толькі частка запланаваных мерапрыемстваў фестывалю.
Поўную праграму можна паглядзець тут.
Арганізатарам Tutaka з'яўляецца аднайменная фундацыя.
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары
150 зл. гэта ўваход. Але ж трэба яшчэ месца на палатачны ўзяць? +100 зл. А дабрацца? З Варшавы - яшчэ мінімум +100 зл. Атрымліваецца мінімальна сто даляраў, толькі каб мець магчымасць там прысутнічаць, не ўлічваючы набыццё на месцы ежы
Па што? Каб паслухаць Вінсэнта, які раз у пяць гадоў нешта выдае? Пры ўсёй павазе, але так не працуе
І пры гэтым арганізатары даюць вясной інтэрв'ю з тэзісам, што не плацяць выканаўцам, а ў самога мерапрыемства хапае спонсараў і грантаў - прынамсі калі паглядзець на лога. Маркетынг на нізкім узроўні, рэкламы і SMM нармальных няма, сцэну збіраюць валанцёры, шмат што ўвогуле на валанцёрах трымаецца...
Мне падабаецца Тутака, але не б'ецца трохі матэматыка ў мяне