Таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. А што кажуць пра Сямёна Шарэцкага яго мемуары?
Чалавек, які ў 1996 годзе апынуўся на чале заканадаўчай улады, апублікаваў свае мемуары. Я з нецярплівасцю гартаў іх у пошуках раздзела пра год, калі ў Беларусі здарыўся аўтарытарны пераварот, піша ў сябе ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Трапіў мне ў рукі 473‑старонкавы файл з мемуарамі сумнавядомага Сямёна Шарэцкага. Гэты менеджар сельгаспрадпрыемства хай і кароткі час, у 1995—1996 гадах, але быў на вяршыні ўлады, у гушчы падзей, і цікава прынамсі даведацца, як тады сітуацыя выглядала з ягонай перспектывы. Што тады думалі і ён, і калегі па Вярхоўным Савеце, і як сітуацыя з аб'яўленнем імпічменту развівалася, і пра тагачасную камунікацыю з Лукашэнкам, і пра тую прыснапамятную сустрэчу з Чарнымырдзіным, Строевым і Селязнёвым ў адну з ганебных начэй беларускай гісторыі… Ды ці мала якія форткі за кулісы падзей 30‑гадовай даўніны можа прачыніць адна з ключавых асоб тагачаснай беларускай драмы.
І вось з нецярплівасцю разгортваю яго мемуары, амаль 30‑старонкавы раздзел пад назвай «Во главе Верховного Совета Республики Беларусь». Пачынаю ад старонкі 326 спачатку чытаць, чакаючы, калі ж пачнецца вось тое самае. І так да самай старонкі 354, дзе пачынаецца ўжо раздзел «Почему произошёл распад Советского Союза». Раздзел скончыўся, а тое самае так і не пачалося. Аблом канкрэтнейшы, інакш не скажаш.
А што замест таго ў гэтым раздзеле ёсць? Амаль палова яго — разважанні пра гісторыю парламентарызму ўвогуле і ў Беларусі ў прыватнасці з экскурсамі ў спробы стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а пасля чамусьці ўвогуле ў гісторыю заняпаду ў савецкі час роднай мовы (як той казаў, панясло і занясло далёка). Прытым як мінімум палова зместу гэтай часткі — не аўтарскі наратыў, а шырокія цытаты з розных кніжак, артыкулаў і літаратурных твораў.
Пасля нарэшце на 337‑й старонцы аўтар бярэ сябе ў рукі і ўсё ж такі вырульвае на тэматыку Вярхоўнага Савета Беларусі 1990‑х гадоў. Але і тут пачынае здалёк — некалькі старонак выкладае агульнавядомыя энцыклапедычныя факты пра дзейнасць ВС 12‑га склікання, Станіслава Шушкевіча, прэзідэнцкія выбары 1994 года, абранне Лукашэнкі і ўхваленне ім Гітлера ў інтэрв'ю нямецкай газеце «Хандэльсблат». І толькі на 341‑й старонцы пачынаецца нарэшце гаворка пра Вярхоўны Савет 13‑га склікання. Ну як гаворка — цэбры вербальнай вады, шырокія цытаты з Васіля Быкава і Фёдара Шаляпіна (!), развагі пра Лукашэнку, які «не пренебрегает как откровенной ложью, так и лицемерием», згадкі пра асабісты ўдзел, без ніякіх падрабязнасцяў, у другасных замежных візітах, паўтары старонкі разваг пра Чарнобыльскую катастрофу (ізноў панясло і занесла), ільвіную долю якіх складае верш (устрымаюся ад ацэнкі яго эстэтычнай каштоўнасці) уласнага вырабу…
На 347‑й старонцы аўтар мемуараў усё ж такі дабіраецца да рэферэндуму 1996 года. Шчодра цытуе нумар «Народнай волі», у якім былі надрукаваныя ягоны ўласны артыкул і адказы на пытанні тагачаснага старшыні Канстытуцыйнага суда Валерыя Ціхіні, пасля таго выказвае ўпэўненасць, што «начатый импичмент Президенту был бы доведён до конца, если бы Конституционный суд, несмотря на ратование перед референдумом его председателя, Валерии Тихини, вдруг перевернувшегося на 180 градусов, вынес соответствующее решение, а также не была оказана поддержка (я повторяю — этому поборнику гитлеровских порядков) руководством России».
І ўсё! Пра візіт у Мінск высокіх расійскіх бонзаў у самы разгар палітычнага крызісу — ні слова, пра нейкія закулісныя моманты таго крызісу — нуль. Калі не лічыць, вядома, гэтых двух «найкаштоўнейшых» фактаў:
«Однако Борис Ельцин, имевший в то время почти нулевой рейтинг, боялся прецедента отстранения президента от власти законным путём, поэтому позвонил мне, хотя и прошло после операции ему на сердце только 7 дней, пригрозив: «Не мешайте президенту!».
«Только спустя пару дней после случившегося, по существу, совершённого Лукашенко и его сообщниками государственного переворота приехали два сенатора США и во время беседы со мной сказали: «Да, мы проспали Беларусь».
Тры з паловай старонкі, якія пасля таго заставаліся да канца раздзела, у асноўным прысвечаныя пераказу энцыклапедычных біяграфічных звестак пра Генадзя Карпенку, Андрэя Саннікава і Віктара Ганчара.
А што на астатніх 440 старонках? Ды ўсё тое самае — тыя ж цэбры вербальнай вады, цытаты да месца і не да месца, пастаянныя адступленні ад заяўленай тэмы і банальнасці, банальнасці, банальнасці замест шукання ў лабірынтах уласнай памяці чагосьці сапраўды каштоўнага і арыгінальнага. Пра тое, каб неяк асэнсаваць часы, у якія давялося жыць, і сваё месца ў іх, няма і гаворкі. На выхадзе — тоўсты том найчысцейшай графаманіі збольшага ў прозе, а часам і ў вершах.
Кажуць, што таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. Вось, відаць, і пра неталенавітых можна казаць тое самае. Такое вось агульнае ўражанне ад гэтых «мемуараў».
Цяпер чытаюць
Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм
Каментары
Меня не хватило прочесть даже этот текст. И не потому, что не люблю читать, скорее наоборот.
Но вот нюанс. Автор описывает автора мемуаров, как что-то мутное, с кучей воды и отсутствием полезной и интересной информации.
А сам делает то же самое.
Нет бы написать : мемуары [Рэд. Выдалена], ничего там нет, не тратьте время, я сделал это за вас.
[Зрэдагавана]